Страница 4 из 159
Што здабыў — спажыць разумна, хцівы ж копіць бескарысна,
Што аддаў — тваё заўсёды, што схаваў — згубіў навек!»
Словы бацькавай навукі мудра слухала дзяўчына,
Іх у памяці хавала, нібы іскры залацін.
Цар наладзіў баль вялікі, з ім гуляла ўся дружына;
Цінацінай сонца стала, сонцам стала Цінацін.
Загадала, каб з'явіўся скарбнік, змалку ёй адданы,
І сказала: «Ўсе пячаці з куфраў-скарбніц паздымай;
Што належыць мне па праву, ўсё нясі сюды дазвання,
Як царыца, ўсе багацці я хачу раздаць сама!»
Раздарыла ўсе багацці, некранутыя ніколі,
Абдарыла ўсіх нязнатных, надзяліла шчодра знаць;
І сказала: «Ўсё раблю я згодна з бацькаваю воляй,
Забірайце ўсё, нічога мне не трэба пакідаць!
Стайні ўсе паадмыкайце! — загадала слугам строга.—
Скакуноў маіх гарачых разбірайце — не шкада!»
Раздавала ўсё да рэшты, не шкадуючы нічога...
І грабла багацці чэлядзь, быццам дзікая арда.
Зграя тая ўсё хапала, быццам туркаў рабавала,—
І стаеннікаў арабскіх, і заморскіх жарабіц.
Як завея, там царыца ўсіх дарамі асыпала,
Ні мужчыну, ні жанчыну не магла яна забыць.
Першы дзень мінуў. Ракою ўсё ліліся віны, стравы,
Безліч войска балявала на бяседзе пышнай той.
Раптам штосьці зажурыўся цар, пакінуўшы забавы.
«Што з ім сталася?» — шапталі госці ціха між сабой.
На пачэсным месцы быў там Аўтандзіл непараўнаны —
Галава і гонар войска, смелы, спрытны, быццам леў;
Побач з ім Саграт паважны нечым быў усхваляваны.
Гаварыў адзін другому: «Што з царом? Чаму збялеў?»
Разважалі: «Цар, напэўна, повен сумных успамінаў,
Бо інакшых для маркоты мы не знойдзем тут падстаў».
Аўтандзіл сказаў Саграту: «Трэба высветліць прычыну.
Запытаем, пажартуем, каб на сэрцы лёд растаў».
Тут Саграт стары і мудры, Аўтандзіл, прыгожы станам,
Падышлі, наліўшы кубкі, да пахмурнага цара
І, ўсміхаючыся ветла, пакланіліся з пашанай.
Красамоўную прамову распачаў візір Саграт:
«Повен смутку ты, ўладар наш, спахмурнеў сваім абліччам.
Маеш рацыю: дашчэнту ўся спустошана казна,—
Што дачка параздавала, дык таго цяпер не злічыш.
Лепш не быць бы ёй царыцай, чым табе бяду зазнаць!»
Усміхнуўся цар. Ніколі не чакаў ён ад Саграта,
Што пасмее той так дзёрзка церушыць у вочы пыл,
І сказаў яму: «Ты добра ўзычыў мне, мудрэц заўзяты!
Толькі брэша той, хто лічыць, што арабскі цар скупы!
Не, візір, не гэтай думкай сэрца я сваё ўстрывожыў;
Праляцелі дні юнацтва, старасць я сустрэў сваю.
Хто ж у справах ваяўнічых пераняць мой гонар зможа?
Перадам каму я зброю, славу ратную маю?
У пяшчотах і раскошы я дачку сваю выхоўваў,—
Не дало мне сына неба — лёс такі паслаў мне бог,—
Каб, як я, з мячом і лукам быў заўсёды ў бой гатовы.
Аўтандзіл — мой выхаванец — замяніць мяне б тут мог».
Словы тыя слухаў віцязь, галаву схіліўшы нізка,
Усміхнуўся — асвятліўся твар дзівоснай пекнаты,
Рад зубоў, як жэмчуг белых, з-за пунсовых вуснаў бліскаў.
Цар спытаў: «Чаго сумеўся і чаму смяешся ты?»
І дадаў: «Маю гаворку можа лічыш недарэчнай?»
«Цар,— сказаў пачціва віцязь,— адказаць табе гатоў,
Толькі слова дай, што ў гневе не адплоціш мукай вечнай,
За абразу не палічыш гэтых дзёрзкіх маіх слоў!»
Цар сказаў: «Не буду ў крыўдзе, калі й скажаш крыўды слова».
І пакляўся Цінацінай — сонца яркаю красой.
«Цар,— тады прамовіў віцязь,— праўду р сказаць гатовы:
Не хваліся ўмельствам збройным, славай лучніка былой.
Аўтандзіл — твой прах, аднак жа лепш, чым ты, страляць умее,
Войска сведкаю паклічам — хто мастак у справе той.
Загадзя, як ты, хваліцца я, вядома, не пасмею,—
Лук і стрэлы ў ратным полі хай рассудзяць нас з табой!»
Цар сказаў «Прымаю выклік. Жартаваць я не дазволю.
Слоў сваіх ты не зракайся — адступаць назад не дам!
Лепшых воінаў у сведкі возьмем — праўду скажа поле,
Хто з нас варты гучнай славы, той убачыць гэта сам!»
Пакарыцца волі царскай давялося Аўтандзілу.
Зноў гучалі песні, жарты — кожны змене той быў рад.
Смеючыся, цар і віцязь так нарэшце парашылі:
Хай тры дні без шапкі ходзіць, хто прайграе свой заклад!
Цар сказаў: «Дванаццаць лоўчых хай за намі ўслед паверне.
Столькі ж для паслуг старанных разам з намі каб ішлі.
Замяніць адзін іх можа Шармадзін — слуга твой верны.