Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 159



Не кахаеш — дык навошта знеслаўляць яе дазвання?

Але злыдзень вельмі любіць абгаворы і хлусню!

Плач і слёзы па каханай — для міджнура не загана,

Адзіноцтва і блуканні хай спазнае ён да дна,

Вобраз любай хай заўсёды сэрца будзіць несціхана,—

Толькі людзям не павінна быць душа яго відна!

ПРА РАСТЭВАНА, АРАБСКАГА ЦАРА

У Аравіі ўладарыў, з ласкі божае шчаслівы,

Правадыр магутнай раці Растэван — арабскі цар.

Сціплы, велічны і шчодры, красамоўны, справядлівы,

Воін мужны і выдатны, меў ён розум мудраца.

Не было ў яго нашчадкаў, апрача дачкі адзінай,

Што красою зіхацела, нібы сонечным святлом.

Хто яе хоць раз пабачыў, той душой і сэрцам гінуў,

Усхваліць яе не мог бы і мільён прыгожых слоў.

Цінацін — царэўну звалі, ведаць гэта мусіць кожны!

Падрасла — ярчэй за сонца расцвіла сваёй красой.

Неяк цар сваіх візіраў у палац сабраў раскошны

І пачаў гаворку ветла, пасадзіўшы іх з сабой:

«Ад супольнай гэтай рады слова мудрага чакаю.

Калі вяне ружа — значыць, адцвітаць прыйшоў ёй час;

Але ж ёй на змену ў садзе расцвітае ўжо другая,—

Гэтак ноч ступае ў цемры, калі светлы дзень пагас.

Я сваё аджыў, а старасць — ёсць найгоршая хвароба.

Я памру не сёння — заўтра, кажа так жыцця закон,

Бо святло свяціць не можа, калі з цемрай ходзіць побач;

Хай дачка — надзеі сонца, уладарны прыме трон!»

«Цар,— візіры адказалі,— ты здзівіў усіх нямала.

Дакараць не трэба старасць — мудрасць кажа з даўніх пор.

Пах яшчэ танчэйшы ў ружы, калі ў росквіце завяла.

Месяц, нават і шчарбаты, свеціць лепш, чым сотні зор.

Не кажы, о цар, пра гэта,— ружа кветка не завяла,

Даражэй чужой парады слова нам твайго закон!

Згодны мы: рабі па-свойму, так, як сэрца падказала,—

Хай на троне будзе тая, сонца шле каму паклон!

Хай яна — жанчына, рады бачыць мы яе царыцай!

Без ліслівасці сцвярджаем: ёй да твару твой вянец,

Бо й цяпер дабром учынкаў, як праменнем, твар свіціцца,—

Дзеці льва на льва падобны, хоць саміца, хоць самец!»

Аўтандзіл — спаспет адважны, сын аміра-спасалара,

Станам роўны кіпарысу, тварам — месяцу раўня,



Хоць і быў юнак бязвусы, адчуваў царэўны чары,

Без яе стральчатых веек ён не мог пражыць і дня.

Ён хаваў глыбока ў сэрцы жар кахання патаемны

Ад разлукі доўгай вянуць пачыналі ружы шчок,

Палымнеў агнём пакутным, калі бачыў зноў царэўну,—

Спачування варты кожны, хто каханню даў зарок.

З той часіны, як царэўна атрымала трон дзяржаўны,

Аўтандзілу, боль змяніўшы, засвяціў надзеяй лёс.

Ён сказаў: «Часцей убачу стан і твар яе крыштальны,

Можа быць, бальзам гаючы я знайду цяпер ад слёз!»

Разаслаў па ўсёй краіне Растэван ганцоў з загадам:

«Цінацін — царыца ваша, трон ёй свой перадаю.

Хай жа свеціць, нібы сонца, хай ёй кожны будзе рады!

Дык прыходзьце і ўслаўляйце валадарку вы сваю!»

Тут сышліся ўсе арабы, мноства госцяў знакамітых:

Аўтандзіл — ваеначальнік яснатвары быў між іх,

І Саграт — візір прыдворны, самы першы з царскай світы.

Трон паставілі раскошны, што здзіўляў цаною ўсіх.

Цінацін падвёў да трона бацька ў шчасным захапленні

І сваёй рукою ўласнай на чало карону ўсклаў,

Скіпетр даў, надзеў на плечы пурпуровае адзенне.

Ліўся з воч царыцы-дзевы бляск праменнага святла.

Адступілі і з паклонам цар-дзяўчыну прывіталі

І, на царства блаславіўшы, асыпалі пахвалой.

Трубы гучна заігралі, гулка грукнулі кімвалы.

Слёзы дзевы не схавала веек чорнае крыло.

«Быць не варта я царыцай»,— дзеву мучыла здагадка

І слязамі арасіла шчокі — ружаў дзіўны сад.

Цар даводзіў ёй: «Павінны замяняць бацькоў нашчадкі,—

Не зрабіўшы гэта, быў бы я жыццю свайму не рад!»

Загадаў: «Даволі плакаць, лепш маю параду слухай:

Аравійскаю царыцай ты прызначана цяпер,

У тваіх руках дзяржава — будзь заўсёды мудрай духам,

Сціплай, шчодрай і разважнай, толькі чыстай праўдзе вер!

І дзядоўніку і ружы сонца лье праменне роўна,—

Будзь жа й ты ласкавай роўна да вяльмож і да рабоў!

Шчодрасць неслуха ўтаймуе, а пакорны й так пакорны,

Шчодрай будзь: што возьме мора, ўсё аддасць назад прыбой!

Шчодрасць так цару ўласціва, як Эдэму кіпарысы,

Падначаліцца ёй можа і двудушны чалавек.