Страница 19 из 159
Сам сябе магу я выдаць, калі зваліць зноў знямога».
І пачуў мяне ўсявышні — сталі сілы прыбываць.
Сеў на ложак я... І слугі ўраз цару аб тым сказалі;
Бачу — подбегам царыца да мяне хутчэй спяшыць,
А за ёю цар без шапкі сам з'явіўся ў пышнай зале,
Услаўляў ён літасць бога на ўвесь голас, ад душы.
Пасядалі каля ложка, з рук сваіх пітво давалі.
Я сказаў цару: «Ўладар мой, стаў здаровы я зусім.
Я б хацеў праехаць верхам, беражком у стэпаў далеч».
Падвялі нам добрых коней і паехалі мы з ім.
Мы праехалі праз поле, каля рэчкі, па ўзбярэжжы.
Цар мяне дамоў праводзіў, сам жа прэч каня пагнаў.
Дома горш мне стала — сэрца зноў заныла ранай свежай.
Я сказаў: «Ратунак можа даць мне толькі смерць адна».
Твар крыштальны стаў шафранным, бо абмыты быў слязою,
Дзесяць тысяч вострых коп'яў сэрца мне пратнулі зноў.
Вартавы прыйшоў, паклікаў ён дварэцкага з пакоя;
Я падумаў: «Той ці гэты, хто з іх прыйдзе з навіной?»
Ад Асмат слуга з'явіўся. Я ў палац яго паклікаў.
Увайшоў і даў мне ў рукі ён любоўнае пісьмо.
Прачытаў яго — здзівіўся, сум на сэрцы быў вялікі:
«Як дзяўчыне гэтай сэрца я спаліць знянацку мог?»
Дзівам дзіўным мне здалося гэта смелае прызнанне.
Прамаўчаць жа — непачцівым быў бы гэткі ўчынак мой.
Ды ці мог губіць надзею я ў тым сэрцы на каханне?
І ў адказ паслаў адразу я прыязнае пісьмо.
Дні міналі. Разгараўся пачуцця агонь спякотны,
Не выходзіў я да войска, пазбягаў зусім людзей;
Не з'яўляўся да цара я, скуты хворасцю маркотнай,—
Так, знясілены, даніну я плаціў жыццю штодзень.
Лекары мне ўсе абрыдлі. І ніхто не мог дазнацца,
Што каханнем — не хваробай я захоплены ў палон.
Кроў пусціць мне цар параіў. З ім не мог я не згаджацца,—
Мне сапраўдную прычыну так хаваць лягчэй было.
Кроў пусцілі. Ў спачывальні я ляжаў, журбой скаваны.
Раптам зноў ганец з'явіўся. Загадаў яго прыняць.
Ад Асмат ён быў. Здзівіўся я з тае, кім быў пасланы
Той слуга. «Навошта,— думаў,— ёй такая мітусня?»
Ён аддаў пісьмо мне ў рукі. Прачытаў яго: дзяўчына
Неадкладна запрашала на спатканне ў ім мяне.
Адказаў я: «Да спаткання я гатовы штохвілінна.
Загадай — і я з'яўлюся, толькі змрок гусцець пачне».
Сэрцу ж я сказаў: «Выходзіць гэта ўсё не вельмі складна.
Мне, цару і амірбару, чэсць за ўсё вышэй мая.
Сто разоў мой грэх правераць і, закону падуладны,
За знявагу царскай чэсці ў выгнанні буду я».
Ад цара слуга з'явіўся пра здароўе запытацца.
Ведаць цар хацеў, парада мне ці памагла яго.
Адказаў я, што здаровы, што лічыць буду за шчасце
Быць заўжды перад вачамі ў заступніка свайго.
Цар сустрэў мяне вясёлы: «Ну,— сказаў,— хварэць даволі!»
На каня дазволіў сесці без даспехаў і без стрэл.
Сакаліным паляваннем загудзела наваколле,
Кожны там сваю ўдачу з крыкам радасці сустрэў.
А пасля ўладар паклікаў на застольную бяседу.
Там ліліся гукі струнаў, песні лепшых спевакоў.
Падарункаў гэткіх шчодрых рой прыдворны йшчэ не ведаў,
Што раздаў усім дазвання Парсадан сваёй рукой.
А туга сціскала сэрца, не давала мне спакою,
Вобраз мілы і каханы бачыў я перад сабой.
Запрасіў сяброў я блізкіх да сябе тады ў пакоі,
Каб за келіхам сяброўскім заглушыць сардэчны боль.
Раптам мне шапнуў дварэцкі: «Ваша мосць, ля агарожы
Незнаёмая жанчына вельмі хоча бачыць вас,
Хоць пад вэлюмам схаваны, але ж твар такі прыгожы...»
Загадаў я ў пакоі незнаёмую пазваць.
Тут збянтэжаныя госці пачалі дамоў збірацца.
Я сказаў ім: «Вы гуляйце, зараз я вярнуся зноў».
Рушыў сам у спачывальню. Ля дзвярэй рабу застацца
Загадаў. І, баючыся, каб не ўпасці ў грэх, пайшоў;
У дзвярах спыніўся. Дзева прытуліла рукі к персям.
«Слава той,— сказала, ўстаўшы,— хто паслаў мяне сюды!»
Я здзівіўся, што міджнуру дзева кланяецца першай,
Парашыў: нязграбнасць гэта ўласціва маладым.
На тахту прысеў я, дзева ж адышла ўбок з пашанай,
Паказаўшы, што нягожа быць нароўні ёй са мной.
Я сказаў: «Чаму ўцякаеш, ты ж хацела быць каханай?
Што ж маўчыш? Скажы мне праўды ты слаўцо хаця адно!»
Адказала: «Засцілае мне дзявочы сорам вочы:
Ты падумаў, што каханай захацела быць тваёй?
Бог, відаць, мяне бароніць, пакараць дарма не хоча,