Страница 20 из 159
Бо трымаешся пачціва ты, як з роўнаю, са мной.
Я хвалююся ад страху перад веліччу тваёю.
Не сама прыйшла — царэўны да цябе загад прывёў.
Гэта сэрца гаспадыні поўна смеласцю такою.
Вось пісьмо: яно даскажа ўсё, на што не маю слоў».
ПЕРШАЕ ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА СВАЙГО КАХАНАГА
«Я ад той пісьмо ўбачыў, што агнём спаліла сэрца.
Мне пісаў праменьчык: «Леў мой, раны боль схавай глыбей;
Я твая, але ж ты ведай: хто ў вар'яцтве прагне смерці,—
Вораг мне. Асмат раскажа пра астатняе табе.
Смерць і роспач за каханне — ў гэтым выхад твой адзіны?
Не! Для любай лепш, калі ты — мужны воін і герой!
Падуладны край хатайцаў зрокся нам плаціць даніну,—
Ты свавольства непакорных пакарай сваёй рукой!
Быць тваёй шчаслівай жонкай — пешчу я даўно жаданне,
Ды не мела я выпадку, каб цябе спаткаць раней.
Я цябе з-пад балдахіна неяк бачыла нядаўна
І адразу зразумела: вар'яцееш ты па мне!
Вось і праўда і парада — слухай ты маю гаворку:
Руш у бойку на хатайцаў, сілай іх перамажы!
Гэта лепш, чым ружу-кветку паліваць слязою горкай!
Жджэш чаго яшчэ ад сонца, што прагнала змрок імжы?»
Сарамлівасць адагнаўшы ўсё Асмат мне расказала.
Што сказаць? Душу без меры радасць хваляй заліла!
Сэрца білася, трымцела і ад шчасця замірала;
Твар мой стаў чысцей крышталю, шчокі сталі нібы лалі»
ПІСЬМО ТАРЫЭЛЯ ДА СВАЁЙ КАХАНАЙ
«Тым пісьмом я вочы ўсцешыў, даў адказ усхваляваны:
«О мой месяц, хіба сонца вобраз твой перасягне?
Бог не шле няхай мне тое, што з табой не знітавана.
Я ажыў і сам не веру, што існую не ўва сне».
Я Асмат сказаў: «Як мог я, так і выказаў пачуцці.
Перадай ёй: «Ты, як сонца, што світаннем гоніць змрок,
Да жыцця мяне вярнула з небыцця падманнай муці;
Аддаю з хвіліны гэтай я табе свой кожны крок!»
Мне Асмат сказала: «Слухай, вось загад ад Дараджаны:
«Ты на людзях сцеражыся, лішніх слоў не гавары;
Прытварыся, каб лічылі, што ў Асмат ты закаханы.
Тайна сэрцаў нашых зможа прычакаць сваёй пары».
Быў я рад парадзе мудрай той, адзінай ва ўсім свеце,
З кім спрачацца нават сонца і на момант не магло,
Ад каго пачуў я радасць, паслухмяны яснай мэце,
Перад кім і поўдзень светлы разгубіў сваё святло.
Даў Асмат я поўны кубак даражэйшага камення.
«Не,— яна мне адказала,— я такога маю шмат».
Узяла пярсцёнак толькі, што вагою драхмы меней,
На ўспамін, каб не забыўся я — сардэчных спраў вар'ят.
Так, кап'ё з грудзей дастаўшы, залячыла маю рану
Дзева юная, што знікла, асвятліўшы смутку змрок.
Я ж вярнуўся на бяседу да гасцей маіх зазваных,
Раздаваў ім падарункі, частаваў, чым толькі мог».
ПІСЬМО ТАРЫЭЛЯ ДА ХАТАЙЦАЎ
«У Хатай з пісьмом памчаўся мой ганец на ўсходзе сонца.
Я пісаў: «Пасланы богам на зямлю індыйскі цар.
Для галодных — ён карміцель, для адданых — абаронца,
А для здраднікаў падступных — кары грознае цяжар.
Цар і брат! Каб не з'явіцца паміж нас і ценю звады,
Прыязджайце неадкладна, як загад вяшчае мой.
Калі ж не — прыедзем самі, хоць не будзеце вы рады,—
Лепш згадзіцца, чым заліцца вам уласнае крывёй».
Адаслаў ганца, і сэрцу весялей адразу стала,
І пагас агонь нясцерпны, і настрой узняўся сам.
Свет жыцця майго мне шчасце зырка ў час той азарала,
А цяпер са мной, вар'ятам, нудна нават і звярам.
Я імкнуўся ў вандраванні, ды спыняў развагі голас;
Я з сябрамі ў пагулянках неаднойчы бавіў час,
Ды агонь пачуццяў палкіх пазбаўляў уцех вясёлых,
І ў тузе вялікай долю праклінаў каторы раз».
НЕСТАН-ДАРАДЖАН ЗАПРАШАЕ ДА СЯБЕ ТАРЫЭЛЯ
«Неяк я прыйшоў з палаца, увайшоў у спачывальню,
Лёг і, любую згадаўшы, я заснуць ніяк не мог,
Перачытваў з асалодай змест чароўнага паслання.
Раптам следам за дварэцкім хтось ступіў на мой парог.
Гэта быў слуга з пасланнем ад Асмат. Яна пісала,
Што мяне чакае тая, нож чый сэрца мне працяў.
Радасць цемру з воч сагнала, смутку путы разарвала;
Я ішоў, маўчаў, скаваны паўнатою пачуцця.
Увайшоў я ў засень саду. Там Асмат мяне чакала;
Усміхнуўшыся, сказала, як насустрач падышла:
«Я адважна з твайго сэрца дзіду вострую дастала,—
Увайдзі, зірні на ружу, што не звяла — расцвіла».