Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 159

Калі ты міджнур сапраўдны з сэрцам чыстым і адважным,

Мой нязменны абавязак ува ўсім дапамагаць.

Не хацела я сустрэчы, а цяпер для мэты важнай

Я жыццё аддаць гатова, што ж яшчэ магу аддаць?

Калі ты да слоў парады будзеш шчыры й паслухмяны,

Ты таго, каго шукаеш, зможаш стрэць, як брата брат.

Не паслухаешся — будзеш свае сілы траціць марна,

Наракаць на ўсё ты будзеш — не жыццю, а смерці рад».

Ён сказаў: «Ты прыгадала мне мінулае здарэнне:

Два вандроўнікі аднойчы йшлі дарогаю адной.

Раптам бачыць першы: ў студню друг зваліўся вокамгненна.

Ён хутчэй падбег да студні, крыкнуў, гледзячы на дно:

«Не пужайся, друг сардэчны, пачакай мяне хвіліну:

Я знайду вяроўку зараз і сюды прывалаку!»

Той, што ў студні, засмяяўся, захлынаючыся цінай:

«Калі б нават не чакаў я, дык куды ж я ўцяку?»

Як вяроўку, мой ратунак ты ў руках сваіх трымаеш,

Без цябе ніхто на свеце мне не зможа памагчы.

Я цяпер на ўсё гатовы, ўсё зраблю, што загадаеш,

Бо каб хворы быў здаровы, дык нашто яго лячыць?»

Адказала: «Твае словы пакарылі маё сэрца.

Бачу я, ты віцязь, варты і хвалы і добрых спраў.

Дык, зазнаўшы столькі ліха, абмінуўшы кіпці смерці,—

Вер маім парадам шчырым — знойдзеш тое, што шукаў!

Тут пра віцязя ні слова аніхто табе не скажа,

Калі сам ён не захоча аб сабе загаварыць.

Пачакай, пакуль прыедзе, моцны вузел сам развяжа,—

Хай не студзяць болей ружу сцюжай сібернай вятры!

Хочаш ведаць, дык гатова я назваць імёны нашы:

Пра каго так многа дбаеш — той завецца Тарыэль,

Я — Асмат, яго служанка, п'ю пакут агнёвых чашу,

Раняць сэрца мне шточасна дзесяць тысяч вострых стрэл.

Больш нічога не скажу я, хоць прасі, хоць не прасі ты.

Ён блукае па прасторах, падружыўшыся з тугой.

Я жыўлюся той дзічынай, што, палюючы, ў здабытак

Мне прыносіць, хоць не знаю, ці пабачу зноў яго.

Дык прашу я: ты застанься, можа вернецца ён скора.

На яго маліцца буду, каб здружыўся ён з табой.

Я звяду вас, ён раскажа пра сваю бяду і гора.

З весткай гэтай і паедзеш да каханае сваёй».

Віцязь хутка пагадзіўся быць дзяўчыне паслухмяным.

Раптам плёск і конскі тупат цішу зрушылі здалёк.



І з'явіўся невядомы зданню светлаю з туману.

Ледзь паспелі віцязь з дзевай у пячорны знікнуць змрок.

І сказала дзева: «Неба шле табе сваю патолю.

Толькі зараз ты схавайся, каб убачыць ён не мог,

Бо ісці яму насупар не пасмеў ніхто й ніколі.

Як найлепш усё зраблю я, абы толькі бог памог».

Павяла яго, схавала ў глыбіні пячоры цёмнай,

Выйшла конніку насустрач, зброю з рук яго ўзяла;

На вачах блішчалі слёзы, сам ён быў, як непрытомны...

Аўтандзіл за той падзеяй назіраў адзін здаля.

Доўга плакаў віцязь з дзевай, быццам некага згубілі.

Лёгкі колер бурштыновы ім на твары сум паклаў.

Супакоіліся ўрэшце. І Асмат, сабраўшы сілы,

Рассядлала варанога і ў пячору павяла.

Аўтандзіл глядзеў, як вязень: бачыць — тыгравую шкуру

Для спачыну разаслала свайму віцязю Асмат.

Той прысеў са стогнам, бровы, нібы дугі, ўзняў панура,

З-пад агатаў веек пырснуў слёз крывавых буйны град.

Іскру крэсівам здабыўшы, развяла агонь дзяўчына

І, падсмажыўшы, дзічыну Тарыэлю падала.

Той, адрэзаўшы кавалак, пажаваў адну хвіліну

І адкінуў прэч, бо ежа і галоднаму не йшла.

Лёг на шкуру і на момант задрамаў, скаваны зморай,

Схамянуўся раптам з крыкам і забегаў, як вар'ят,

Біў сябе ў чало і ў грудзі, дзіка трызнячы ад гора,

І над ім рыдала горка, валасы рвучы, Асмат.

«Што з табой?» — яна спытала. Адказаў ёй віцязь сумны:

«Напаткаўся мне аднойчы са шматлікай світай цар.

Паляванне йшло, ў прасторы чуўся брэх і галас тлумны,

Сотні лоўчых гналі звера, што схаваўся ў гушчар.

Мне журба сціскала сэрца, калі чуў вясёлы гоман,

І, каб з імі не сустрэцца, я паехаў стараной;

Лес дрымучы быў прытулкам мне і звыклым родным домам,

А на досвітку рашыў я зноў узяць кірунак свой».

І тады Асмат сказала, зноў заліўшыся слязамі:

«Ты бадзяешся па свеце, ты цураешся людзей,

Панібратам стаў звяругам, прападаеш дзесьці днямі

І дарэмна губіш сілы. Што ж каханай прыпадзе?

Па зямным абшары вечна ты блукаеш у самоце.

Дык няўжо ніхто не варты другам верным стаць тваім,