Страница 13 из 159
На калені стаўшы, віцязь упрашаў пакінуць страх.
«Не пужайся,— гаварыў ён,— чалавек я — не драпежнік,
Бачыў я таго, хто ружай адцвітае без пары,
Твар — як месяц, стан — таполя, у вачах — агонь мяцежны;
Хто ён? Гэту таямніцу я малю цябе адкрыць».
Адказала тая з плачам: «Звар'яцеў ты, пэўна, віцязь,—
Немагчымага ты просіш, шчыра я скажу табе,
Бо таму, аб чым ты марыш так упарта, век не збыцца,
І не вырваць гэтай тайны ні пагрозе, ні мальбе.
Апісаць пяро не зможа лёс ягоны і пакуты;
Ты ж пра гэта не пачуеш ані слова ад мяне.
Хоць смяяцца лепш, чым плакаць,— не змяню на радасць гора.
Просіш раз: Давер мне тайну»; сто разоў скажу я — «Не!»
Віцязь ёй: «Калі б ты знала, колькі выцерпеў я мукі,
Колькі гойсаў я па свеце, каб знайсці, каго хачу,
Ты б інакш мне адказала. Вось табе мая зарука:
Ад мяне не адкаснешся, покуль праўды не пачуў».
Запытала дзева: «Хто ты, і адкуль ты родам будзеш?
І за што мяне ты крыўдзіш? Бачыш — гіну без яго.
Ад шматслоўя мала толку, дык кароткі сказ мой будзе:
Не пачуеш ані слова ты пра віцязя майго!»
Ён маліў яе, упрошваў, ён укленчыў перад ёю.
Марна ўсё! Ні кроплі праўды не дазнаўся ўсё адно.
Наліліся ў лютым гневе вочы віцязя крывёю,
Ён схапіў яе за косы і паднёс да горла нож.
І сказаў: «За бездань гора, што прыпала мне на долю,
За патокі слёз пякучых, што прымусіла праліць,
Я адпомшчу. Праўду скажаш — не крану цябе ніколі.
А не скажаш — бог мне сведка — больш ні дня табе не жыць!»
Адказала: «Ты ў вар'яцтве дасягнуў мяжы астатняй.
Не заб'еш — я застануся ўсё такою ж, як была,—
Праўду сілаю не возьмеш, будзь ты ў бойцы самы здатны,—
А заб'еш — схавае праўду невядомасці імгла.
Я не ведаю ні мэты, ні агню тваіх жаданняў.
Ні аб чым табе дазнацца не ўдасца ад мяне.
Падуладны ўсе мы смерці, я гатова да сканання.
Што напісана мне лёсам — застанецца тое мне!
Не чакай, што, страхам скуты, розум мой баіцца смерці.
Ты мне зробіш лепш — пазбавіш ад пакуты і ад слёз.
Што мне свет жыцця? Салома. Ў пыл яе не цяжка сцерці.
Ты — чужы мне. Як на слова я даверу тайны лёс?»
Зразумеў нарэшце віцязь — не дабіцца так нічога.
Каб дабіцца праўды, трэба спосаб тут інакшы ўжыць.
З рук яе пусціў, укленчыў, слёзы ліць пачаў нябога:
«Я цябе пакрыўдзіў моцна, як цяпер на свеце жыць?»
І яна прысела моўчкі, хоць і крыўда не астыла.
Аўтандзіл рыдаў няўцешна — слова вымавіць не мог.
Шчок дзявочых сад ружовы слёз паводка затапіла,
Не ўтрымалася дзяўчына, бо спагада збіла з ног.
І хоць быў на мілым твары недаверу след адзначан,
Нахілілася спагадна — утрымацца не змагла.
Схамянуўся віцязь бедны, прадчуваючы ўдачу,
Зноў укленчыў перад ёю і сказаў, стрымаўшы плач:
«Я дарма цябе пакрыўдзіў, я згубіў тваю павагу.
Ты даруй, хоць быў да просьбы я і сам нібы глухі,
Будзь спагадлівай і добрай — прагані згрызоты смагу,—
Нават грэшніку даруюць сем разоў яго грахі!
І хоць, злосцю апантаны, ледзь не стаў я ліхадзеем,
Пашкадуй міджнура трошкі, спачуваннем супакой.
У каханні нешчаслівым можаш ты вярнуць надзею.
Я ж аддам душу за сэрца — гэта скарб апошні мой!»
Сэрца дзевы растрывожыў сказ міджнура пра каханне,
Зноў слязамі залілася ў горкай роспачы яна.
І праз плач яе няўцешны ён адчуў, што ўсе жаданні
Воляй неба можа здзейсніць — знікла перашкод сцяна.
Ён заўважыў, як збялела тварам сумная дзяўчына,
Думаў: «Хтосьці мучыць жалем сэрца беднае яе».
І сказаў ёй: «Вораг нават закаханым зла не чыніць,
А міджнур і сам шукае часта гібелі свае.
Вось міджнур перад табою, звар'яцелы ад кахання.
Сонцам-любай след асілка адшукаць пасланы я.
Праз надхмарныя вышыні я прайшоў, каханнем гнаны,
Ды, знайшоўшы вашы сэрцы, ад надзеі акрыяў.
Я таго, хто ў шкуры тыгра, вобраз бачу дні і ночы.
Я бадзяюся. Нашу я не святло ў душы, а змрок.
Мне палон ці вызваленне даць ты можаш, калі схочаш,—
Ад цябе адной залежыць — смерць або да шчасця крок».
Адказала яму дзева больш ласкава і лагодна:
«Добрым словам і ўчынкам ты хутчэй кранеш мяне,
Чым нянавісцю і злосцю, як лязо нажа халоднай.
Што ж, цяпер табе я буду роднае сястры радней.