Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 159

Хто б з табой заўсёды поплеч быў пад сонцам ці ў слоце?

А памерці ў злосці хіжай — што з таго вам абаім?»

Адказаў: «У добрых словах я тваю спагаду чую,

Ды якія зёлкі могуць рану вылечыць маю?

Як знайду я чалавека, што на свеце не існуе?

Толькі смерць, што дух і цела разлучае, прызнаю!

На зямлі няма істоты, каб з маёй зраўняцца доляй.

Дзе той друг, які б са мною поплеч у бядзе стаяў,

Падзяляў са мной пакуту, браў бы частку майго болю?

Не, такіх няма. Адна ты — суцяшальніца мая!»

Тут адважылася дзева: «Ты не злуйся, будзь цярплівы,

Небам мне наканавана, каб тваім візірам быць:

Не ўтаю, што мне вядома — блізка гэты міг шчаслівы.

Хто вагаецца празмерна, можа той усё згубіць».

Віцязь ёй: «Скажы мне проста, не тамі душу здагадкай,

Друга добрага мне з неба бог, як бачыш, не паслаў.

Дый й даўно забыт я богам — шлях няшчасця — шлях не гладкі.

Са звярамі я сябрую, сам як звер драпежны стаў».

Зноў адважылася дзева: «Праўду ўсю табе адкрыю:

Віцязь ёсць такі, гатоў ён лёс дзяліць твой папалам,

Поплеч быць з табой заўсёды — ў добры час і ў дні ліхія,—

Што таго дарэмна крыўдзіць, хто цябе не крыўдзіць сам!»

Адказаў ёй віцязь: «Згодзен я з тваёю прапановай

І клянуся той адзінай, без якой святла няма,

Што яго не закрану я ні мячом, ні дрэнным словам

І што чэсць адданай дружбы да канца гатоў трымаць!»

СУСТРЭЧА ТАРЫЭЛЯ З АЎТАНДЗІЛАМ

Прасвятлеўшая, пабегла тут Асмат па Аўтандзіла

І шапнула: «Не хвалюйся, не злуецца ён зусім».

І пайшоў ён, нібы сонца ўсю пячору асвяціла,—

Так здалося Тарыэлю, калі той спаткаўся з ім.

Як два сонцы ў яркім бляску, як два месяцы на небе,

Так два віцязі заззялі светлым водбліскам вачэй.

Стройным станам іх зайздросціць і таполі стройнай трэба,

Сем планет свяціць не могуць залацісцей і ярчэй.

Пацалунак моцны братні знітаваў сустрэчу гэту,—

Праз пялёсткі вуснаў-ружаў белы жэмчуг заблішчаў.

Скрыжаваліся ў абдымках рукі дужыя прыветна,

Кроплі слёз, як дыяменты, зіхацелі на вачах.

За руку ласкава ўзяўшы, віцязь сеў з названым братам.

Доўга так яны сядзелі, слёзы ж падалі на дол,



Суцяшала іх дзяўчына, іхні боль ёй сэрца кратаў:

«Не цямніце змрокам сонца, а жыцця свайго — бядой!»

Ружы шчок у Тарыэля не адзела ў шэрань сцюжа.

Ён спытаў: «Якую ж тайну ты хаваеш у душы?

Хто ты будзеш? Скуль ты родам? Па якому краю кружыш?

Па мяне, скажу з адчаем, смерць і тая не спяшыць».

Аўтандзіл сказаў на гэта красамоўна і пачціва:

«Тарыэль, адважны віцязь, паміж львоў магутны леў!

Я — араб і на радзіме ў сваім замку жыў шчасліва,

Покуль полымем кахання аж на прысак не сатлеў.

Я гару каханнем палкім да красы — дачкі царовай,

Што цяпер прызнаў царыцай царскі двор і знаці круг.

Хоць не ведаеш мяне ты, але бачыў выпадкова:

Памятаеш, сек няшчадна ты нагайкай царскіх слуг?

Мы цябе сустрэлі ў полі аднаго ў зацішным месцы,

Ты на вокліч не азваўся, быў да царскай волі глух.

Цар угневаўся і войску загадаў сілком прывесці,

Ты ж, як пурпурам, крывёю арасіў зямлю наўкруг.

Да мяча не дакрануўся, сек нагайкаю пагоню,

Цар, раз'юшаны няўдачай, сам пагнаўся за табой;

Нібы кадж, ты знік раптоўна, перагнаўшы лепшых коней,

Мы ж зусім павар'яцелі, кленучы няўдалы бой.

Зажурыўся цар. Свавольства ўладарам заўжды ўласціва.

Загадаў сваім указам, дзе б ні быў, цябе знайсці.

Ні старым, аднак, ні юным не пашчасціла на дзіва,—

З іх ніхто цябе не ўбачыў. Іншы лёс мяне спасціг.

Загадала мне царыца — летуценняў чараўніца:

«Знойдзеш віцязя — і сэрца заваюеш ты маё!»

Тры гады дала на пошук — тры гады ў слязах нудзіцца,

Сам дзіўлюся, што жывы я без каханае сваёй.

Не спаткаў, аднак, нікога, хто б цябе хоць раз пабачыў;

Толькі тых, што захацелі ў палон цябе забраць.

Аднаго ты так параніў, што сканаў ён, не іначай,

Два астатніх расказалі, як цябе мне адшукаць».

Тарыэль згадаў пра бойку, што нядаўна адбылася:

«Памятаю той выпадак, ваяўнічы іх запал;

І цябе з царом згадаў я, хоць з вачэй тады лілася

Рэчка слёз па той, чый вобраз у душу маю запаў.

Што штурхнула вас раптоўна распачаць пагоню тую?

Вы з ахвотай палявалі, вочы мне пякла сляза.

Цар нявольнікаў за мною гнаў, як хортаў зграю злую,—