Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 61

I мне, калі я пачынаў, вельмі хацелася пачуць аўтарытэтнае і, вядома ж, пахвальнае слова пра мае спачатку вершы, а потым i апавяданні. Брата Мішы i сябра Мілюця было мне замала, i я даваў свае рукапісы Ваўчку. Аднак Якаў Марцінавіч, заўсёды важнавата спакойны, сказаў мне толькі пра «некаторыя граматычныя памылкі». Даваў i Кату, але ён, чыгуначны тэхнік па адукацыі, быў ці глухаваты на мастацкае слова, ці вартым чытання лічыў толькі рэлігійную мудрасць. Пасылаў я вершы i на Скідзельшчыну, былому грамадаўцу Данілу Скварнюку; адмысловы пячнік, весела-мудры кнігалюб, ён па-сяброўску арыентаваў мяне на Багдановіча, пра што я ўжо ўдзячна згадваў у «Сваіх старонках» за 1973 год.

I вось у пачатку трыццаць сёмага года — да знаёмства з Янкам Патаповічам — я асмеліўся звярнуцца са сваім дабром i да Вігдорчыка. Паслаў яму першыя варыянты таго, што даўно ўжо друкуецца ў маіх кнігах — апавяданні «Як маленькі», «Проста i ясна», «Сустрэча», для большай зручнасці пераклаўшы ix на рускую мову. Можа, толькі для самога Іосіфа, а то, чаго добрага, i з далейшым прыцэлам — на Булгакова...

Працытую, не перакладаючы, водгук толькі на апавяданне «Як маленькі», якое спачатку называлася «Хараство».

«Красота» — очень хорошо,— пісаў ён. — Очень трогательна жалость к живому существу, хотя бы такому отдаленному от человека, как паук, и душевная боль от того, что приходится разрушать такой огромный труд этого существа. Написано просто, хорошим народным языком. Очень хороши, правдивы слова Ганны, и потому картина вполне естественна, художественна... Очень возможно, что у тебя, Ваня, дарование художественное более всего направлено на простое — первым делом для детей — выражение таких вот картинок любви и жалости. И это очень хорошо было бы, если это так. По присланному тобой с радостью вижу, что у тебя есть внутреннее «чутье», ограждающее тебя от сентиментальности и всякой надуманной жалости. Посоветовал бы тебе работать в этом направлении — собирать материал, записывать слышанное, перерабатывать и самому создавать».

Ён распазнаў, угадаў мае запаветнае, якое я ўжо i сам невытлумачальна радасна адчуваў, падтрымаў мяне ў гэтым — з літаратараў першы.

Не збылося толькі яго пажаданне стаць мне дзіцячым пісьменнікам, чаго я хацеў i сам.

Пра наіўнасць

“Наіўны — які не мае, не набыў жыццёвага вопыту, непасрэдны, прастадушны». (Наш Тлумачальны слоўнік.)

«Naiwny — odznaczający się prostotą, szczerością, nie mający doświadczenia, mało uświadommiony, łatwowierny». (Польскі Słownik wyrazów obcych.)

«...Прямой и невинный, простой, простодушный, простосердечный, милый за простоту, привлекательный простотою; ребячески прямой, детски откровенный...» (Непараўнальны Даль.)

* * * *

— Ці пан сам разумее тое, што мне гаворыць?

Гэта пачуў я вясной трыццаць сёмага года ў Баранавічах на вакзале, калі з напісаным там заказным пісьмом ткнуўся... у акенца чыгуначнай касы.

Тут, праўда, была ў мяне не святая або цялячая прастата, a вялікае хваляванне, глыбокае абурэнне тым, што ў «арэшце сьледчым» мне не далi спаткацца з братам Мішам. Напісаў яму i пра гэта, i пра тое, што збіраўся сказаць на спатканні, наіўна думаючы, што заказное пісьмо яму не могуць не перадаць.

А месяцы праз два, на судзе, i гэтае мае пісьмо зачытвалася, далучанае да справы ў якасці абвінаваўчага дакумента.

Наіўным, скажам цяпер, было i маё выступленне на тым вайсковым судзе.

Сведкам абвінавачання выступіў дзябёлы плютановы 78-га пяхотнага палка, у нясвежых «драліхах» i начышчаных грукачах-чаравіках. Ён па-службоваму далажыў, што «пабаровы» Брыль Міхал, калі яму было загадана зняць свае цывільнае адзенне i надзець «сорты мундуровэ», упарта адмовіўся i сказаў, што i зброі таксама не возьме, i ў войску служыць не будзе. Закончыўшы гэтым «не бэндзе», пан плютановы, з не вельмі панскім выглядам, дзергануўся «на бачнасць» і, як i раней, усхапіўшыся для даклада, завучана хлёстка ляснуў абцасамі.

Міша ў нязнятай хатняй вопратцы, але ўжо i праз тры месяцы пасля арышту з нейкім сцішнавата няхатнім выглядам,— не памятаю, ці перад плютановым, ці пасля яго даклада,— спакойна, але паволі i неяк трохі напружана расказаў, чаму ён адмаўляецца служыць,— што гэта — яго перакананні.

Пракурор, каротка-тоўсценькі маёрчык, i ў сваёй абвінаваўчай прамове, i ў рэпліках быў калюча-з'едлівы, прыкметна задаволены сваёй дасціпнасцю. Ну, i ківаў на ўсход, не толькі на Талстога, але яшчэ шырэй, далей, сучасней. Мішын расказ ён перабіў i так:

— Сядзеш у крэпасць — гэта будзе не партрэцікі маляваць, там табе зубкі пачысцяць!..



Спатканне ў тым «арышце», дзе Міша сядзеў да суда, мне другім разам дазволілі, i ён перадаў мне некалькі зробленых там малюнкаў, два з якіх дагэтуль захаваліся. Партрэт алоўкам суседа па камеры — грубаваты валявы твар i разгорнутая кніга на дужай далоні; i не пазіруе чалавек, a сапраўды чытае. Другі малюнак — з памяці, прыемна думаецца, што пра мяне. Каляровымі алоўкамі. Малады сейбіт з поўным хвартухом насення, у белай расшпіленай кашулі, залішне святочных ботах i — яшчэ раз залішне — узнёслапрыгожы, паэтычны. Даты: 20 i 21 мая. Гэта дапамагло мне ўспомніць, што суд адбыўся ў палавіне чэрвеня.

Малюнкі гэтыя i некалькі іншых, якія памятаю цьмяна, пан пракуратар, вядома ж, бачыў.

Калі мне дазволілі слова, як непрадбачанаму сведку апраўдання (не памятаю, ці быў хоць які адвакат), маё звонка-палкае выступленне ён перабіў таксама:

— Во, будзе яшчэ адзін апостал пана Гандзі!..

Махатму, як i Талстога, Міша называў у сваім выступленні.

Рэплікай карантыш i мяне не спыніў, i смеху ці ўсмешак у важных суддзяў ад гэтага досціпу не прыпамінаю.

Чуецца мне затое голас старшыні таго выязнога (з Брэста ў Баранавічы) суда, пажылога, саліднага палкоўніка, які таксама, як i Міша, спакойна, ды ледзь не са спачуваннем сказаў, што «ў хлопца тут вінаваты яго бедныя пераконанні». Памятаю даслоўна.

Мішу далі васемнаццаць месяцаў вайсковай турмы, роўна столькі, колькі тады служылася ў пяхоце, каб пасля адбыцця тэрміну зноў, як нічога ніякага, паклікаць на службу... Пра гэта на судзе гаворкі не было, з гэтым я забягаю наперад.

Вігдорчык, якому я тое сваё выступленне,— вядома ж, на польскай мове,— па памяці запісанае дома, паслаў, неўзабаве прыслаў мне ў Загора яго машынапісную копію, разам з копіяй па-руску напісанага мною апісання суда, што ён тым часам накіраваў, калі за даўнасцю не памыляюся, у Лондан, дзе быў адпаведны цэнтр «Интернационала противников войны».

Тыя руска-польскія копіі апісання з маім выступленнем, як i нямала другіх значных рэчаў з нашага з братам даваеннага пацыфісцкага архіва, мы ў канцы сорак дзевятага ці ў пачатку пяцідзесятага года, баючыся майго арышту, у які былі прычыны трывожна верыць, спалілі ў Мішынай хаце, дзе ўсё такое ў наіўнай свабодзе захоўвалася.

Праз усю чарнату недарэчных падазрэнняў i «сяброўскіх» паклёпаў я тады шчасліва прайшоў. Колькі ўсё гэта каштавала — тут не буду. Скажу другое:

Як мне хацелася б цяпер перачытаць тую юнацкую наіўнасць!..

* * *

Можа, крыху не да месца, але з усмешкай дадам, што ў тым баранавіцкім прывакзальным рэстаранчыку, дзе я абедаў, здаўшы сваё заказное пісьмо, я ветліва панёс пустыя талеркі туды, адкуль яны былi прынесены не мною. Маладая падавальніца сустрэла мяне якраз у кухонных дзвярах і, засмяяўшыся, спыталася:

— Пан мыслі, жэ так бэндзе таней?

Недзе ў шасцідзесятых, з майго сяброўскага расказу пра даўняе, Алёша Карпюк — таксама па наіўнасці? — выкарыстаў гэта ў сваім апавяданні «Афіцыянтка».

З пявучай памяці

Калі б гэта пісаць пра чужое, літаратурна прыдуманае, дык можна было б пачаць апавяданне так: