Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 61

Цяпер, нарэшце, больш пра Пашку, які на здымку ва ўсёй сваёй шаснаццацігадовай сталасці. З Настуняй ён дваюрадны па матках, а па бацьку пляменнік таго Болтуця, з якога пачалася рачканская малёваншчына. На тры гады маладзейшы за мяне, светлы, шчыры хлапчына, якога, як i Каселя, воспавая падзюбанасць не рабіла брыдчэйшым. Мы перапісваліся, ён двойчы наведаў наша Загора, першы раз удвух з Вінелевым Казікам на веласіпедах, a другі раз адзін. На адным з фотаздымкаў, зробленым у Міры, Пашка бачыцца паміж мною i паэтам Алесем Мілюцём,— я рады быў ix пазнаёміць. У канцы сорак чацвёртага года Пашка ваенным трохкутнікам цераз Загора знайшоў мяне ў Мінску, пісаў мне зрэдку, як падпаручнік артылерыі Войска Польскага, а потым пісаў i з Польшчы, дзе застаўся. Напрадвесні семдзесят трэцяга года, гасцюючы ў Лодзі, у свайго польскага сябра, пісьменніка i перакладчыка Мацея Канановіча, я наведаў Пашку ў недалёкім Александрове. I тая наша сустрэча, праз трыццаць дзевяць гадоў, кажучы шчыра ды сумна, прыемнага ўражання на мяне не зрабіла. Ах, вайна,— скажам яшчэ раз,— колькі яна накруціла ды накарэжыла!.. Колішні весела адкрыты, сардэчны Пашка, ляхавіцкі паляшук, ушчэнт ды павярхоўна апалячаны, ператварыўся ў брава-банальнага камбатанта, бяздзетнага ветэрана-пенсіянера, якім яго ў тым гарадку, на той вуліцы ведалi ўсе, у чым мы пераканаліся, распытваючы па назве ды нумары.

Гады праз два мне напісалі пра яго смерць...

У тым самым пісьме, цераз Польшчу, упершыню праз мноства гадоў быў згаданы i той падлетак на фотаздымку, Казік Вінель, які ў Парагваі стаў заможным ранчаўладальнікам, з гордым зямляцкім пералікам раскарчаваных гектараў i багатага пагалоўя. Пра бацьку i дзядзьку Пятра з яго сям'ёю там не было напісана...

Яшчэ аднаго рачканца на здымку, ладнага з выгляду дзецюка, па-будзённаму босага i з прастадушнай усмешкай, не магу прыпомніць.

I вось, яшчэ раз — нарэшце, будзе ў мяне i той, з-за каго i захацелася пісаць гэты ўспамін,— дзевяцігадовы Вігдорчыкаў Уладзік, «плод грешной любви» Іосіфа з нашмат маладзейшай за яго, прыгожай i Miлай Нюсяй, машыністкай, што стала яго другою жонкай.

Уладзік, названы так па дружбе бацькі з Уладзімірам Катом, прыгожанькі па маме. Галоўку нахіліў, прыкленчыўшы спераду на адно калена. У нашай хаце з ім спачатку быў клопат — зусім няежны. Пакуль пытанне не вырашылася вельмі проста — славутымі наваградскімі аладкамі (згадаем «Новую зямлю»), якія так прыйшліся гарадскому адзінцу даспадобы, што ён прасіў ix у «бабушки» кожны дзень. Да мяне ён лашчыўся — i цяпер вось жыва адчуліся яго малечыя пацалункі.

У студзені трыццаць восьмага я гасцяваў у Вігдорчыкаў, з Брэста, пасля спаткання з Мішам у турме, «заглянуўшы» ў Беласток. Некалькі дзён зачытваўся то ў Іосіфавым рукапісным архіве, то каля кніжных паліцаў. Гутарыў з ім, ужо ляжачым, глыбока ў душы, шчасліва i сцішнавата ганаручыся тым, што вось жа i не баюся яго туберкулёзу. Удзень Нюся была на працы, Уладзік на вучобе. Калі яны вярталіся, мы ўтраіх пазнавата i сціпла абедалі, а потым гаспадыня пасылала нас удвух прайсціся так сабе або ў кiно. Ён ужо быў першакласнікам-гімназістам, у акуратнай сіняй форме, прыемна i цікава шчабятлівы. I маме дапамагаў. Падмятаючы неяк у суседнім пакоі, ён памалечы крыкліва спяваў: «И кто со щеткой по квартире шагает, тот никогда и нигде не пропадет!..» I ў Польшчы моднае тады, савецкае «Легко на сердце от песни веселой». На слове «квартире» спявак, як сёння чую, спатыкнуўся i крыкнуў маме ў кухню, спытаўся, як па-руску «mieszkanie», на што пачуў спакойны адказ сваёй нястомнай, мужнай мамусі. Дома ў ix мова была руская, але ж i польская школа рабіла сваё.

Тры дробязі з дзён іхняга гасцявання ў Загоры.

Калі я адвозіў гасцей на станцыю Гародзей, мы з Іосіфам «восседали» на чорнацыратавым сядзенні з металічнымі парэнчыкамі, a Уладзік прымасціўся ў перадку, на сене, засланым святочнай дзяругай перабіранкай. Каля павароткі на гасцінец былі тады старыя глінішчы, парослыя нізенькай густой травою, дзе наша палавіна вёскі пасвіла свіней, з чаго, калі напісаць па-анкетнаму, i я пачынаў сваю працоўную дзейнасць. Убачыўшы статачак, белы, чорны, рабы i розных узростаў, а тым больш тое, як адзін з пастушкоў, нібы спецыяльна, каб пахваліцца перад намі, з'ехаў на сваёй, не задаволенай гэтым, дзюдзі з зялёнага ўзгорачка верхам, Іосіф расчуліўся: «Какая прелесть! Как в сказке братьев Гримм!..» Праз чвэртку веку, пазней, калi ўжо я купіў сваім дачушкам тоўсты грымаўскі том, казкі той не знайшоў, дый не надта шукаў, а расчуленасць помніцца.

Другое — як наша мама гаспадыніла з гарадскімі, шаноўнымі гасцямі. Па адэскай памяці, былі i варэнікі, з вішнямі i з тварагом. I калі я перабраў у сваёй ветлівасці — пачаў накладаць тых варэнікаў на талеры, яна кіўнула мне выйсці ў кухнюбакоўку i там шапнула: «Гэта ж павінен рабіць кожны сам сабе!..» Не злосна, але з дакорам, строгая ва ўсім.



I трэцяе. У поле мы хадзілі цераз двор Паўлюка Ламана, якога я паапісваў багата: ён i Ячны ў «Забалоцці», i Алісей Цівунчык у «Ніжніх Байдунах», i стары Пятрусь у «Глядзіце на траву». Чалавек каларытны, дасціпны, аптыміст у сваёй шматпакутнасці. У адзін з тых вігдорчыкаўскіх дзён я вяртаўся з поля, a ў Паўлюковым гумне, дзе ішла малацьба ў два цапы, якраз надарылася паўза, відаць, пераварочванне снапоў у пасадзе. Пачуўся голас дзядзькавага сына Колі, па мянушцы Цюліка. Бацька кніжкі чытаў, браў у нас, чалавек бывалы i на службе ў царскай арміі, i на франтах «мікалаеўскай», a Цюлік, трохі старэйшы за мяне, пяць гадоў запар, пакуль зусім не абрыдзела i самому яму, i настаўніку, шнураваў у першы клас. А так ён быў дзяцюк спакойны, цягавіты. Дык вось у паўзе — мне на хаду пачулася з гумна — Цюлік спытаўся: «Тато, a праўды гэто, што кажуць, што гэты, што ў Брылёвых,— жыд?» Бацька або не пачуў яго, або адказаў яму цішэй, а то i адмахнуўся нечым падобным на «ну i хрэн з імі!». Зразумей тут, хто гэта i чаго ён у ix, у гэтых святых дзівакоў. Дый няма калі разбірацца. Цапы загупалі зноў. Работа важная дый неадкладная — падсушанае на прыгуменным сонцы жыта акалочваюць на першы, доўгачаканы хлеб...

Што ж, дробязі ў мяне. У параўнанні з тым, што трэба гаварыць далей.

Толькі ўлетку сорак сёмага года ў Скідзелі я пачуў, як загінулі Уладзік i Нюся. Іосіфа ўжо не было трэці год, калі прыйшоў той векапомны чэрвень сорак першага, i, на шчасце, не было — каб яму не бачыць таго, што адбылося.

Нейкаму немцу не спадабаўся ў натоўпе сагнаных яўрэяў прыгожы юначок, i ён вельмі проста, звычайна застрэліў яго.

A маці ў роспачы кінулася на забойцу...

* * *

Гэта было б i ўсё над даўнім фотаздымкам, каб у мяне, апроч яго, не захаваліся яшчэ i тры старонкі, запоўненыя знаёмым, цяжкаразборлівым почыркам чалавека, у якога ўжо ад нямогласці трэсліся рукі. Тры старонкі чырвоным чарнілам, а тады яшчэ некалькі старонак хімічным алоўкам, дзе мой почырк, тады яшчэ з правым нахілам,— рускія тэксты першых апавяданняў з чырвонай, нязначнай праўкай.

Хочацца напісаць, што Іосіф — нейкі сваяк вядомага рускага скульптара Марка Антакольскага i савецкага паэта Паўла Антакольскага. Калі пра сваяцтва з першым я чуў перад вайной, дык пра другога, што ён таксама скульптару радня, даведаўся толькі ў пяцідзесятых гадах. Нават збіраўся, праўда, не вельмі настойліва, пазнаёміцца з масцітым Паўлам Рыгоравічам, каб спытацца ў яго пра Вігдорчыка. He сабраўся.

Перад вайной аўтарытэт нашага беластоцкага сябра як літаратара быў для нас з Мішам i так, без спасылкі на знатнае сваяцтва, дастаткова высокі. Ягоны i Валянціна Булгакава, апошняга сакратара Талстога. A ўсё ж i знатны скульптар, пра якога мы чыталі i рэпрадукцыі ягоных твораў бачылі, а тым больш недасяжна вялікі i такі любімы Леў Мікалаевіч значнасць нашых жывых аўтарытэтаў хвалююча падмацоўвалі. З Булгакавым Вігдорчык перапісваўся, пісаў яму ў Чэхаславакію i пра нас, копіі гэтых пісьмаў я бачыў у яго архіве. Ён жа наладзіў нашу перапіску з Валянцінам Фёдаравічам, якая ў мяне працягвалася i пасля вайны, да яго апошніх дзён у Яснай Паляне.