Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 89

- Ён патрабуе сто пацалункаў прынцэсы! - паведамiла фрэйлiна, выйшаўшы ад свiнапаса.

- Ды ён, вiдаць, вар'ят! - сказала прынцэса i пайшла далей, але, зрабiўшы два крокi, спынiлася. - Мастацтва трэба заахвочваць! - сказала яна. - Я дачка iмператара. Скажыце яму, я згодна на дзесяць пацалункаў, як учора, а астатнiя хай атрымае з маiх фрэйлiн!

- Ах, нам так не хочацца! - сказалi фрэйлiны.

- Якое глупства! - сказала прынцэса. - Ужо калi я магу цалаваць яго, то вы i тым болей. Не забывайце, што я кармлю вас i плачу вам жалаванне!

Давялося фрэйлiне яшчэ раз схадзiць да свiнапаса.

- Сто пацалункаў прынцэсы! - сказаў ён. - А не - кожны застанецца пры сваiм.

- Станьце наўкол! - сказала прынцэса, i фрэйлiны абступiлi яе i свiнапаса.

- Гэта што яшчэ за зборышча ля свiнарнiка? - спытаў iмператар, выйшаўшы на балкон. Ён працёр вочы i надзеў акуляры. - Не iнакш як фрэйлiны iзноў нешта выдумалi! Трэба пайсцi паглядзець.

I ён выпрастаў заднiкi сваiх туфляў - туфлямi яму служылi стаптаныя чаравiкi. I-эх, як хутка ён пайшоў!

Спусцiўся iмператар у двор, падкрадваецца пацiхеньку да фрэйлiнаў, а тыя толькi тым i занятыя, што пацалункi лiчаць: гэта ж трэба, каб справа зладзiлася як належыць i свiнапас атрымаў роўна столькi, колькi прызначана, нi больш нi менш. Вось чаму нiхто не заўважыў iмператара, а ён прыўстаў на дыбачкi i глянуў.

- Гэта што яшчэ такое? - сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свiнапаса, ды як стукне iх туфлем па галаве!

Здарылася гэта ў тую хвiлiну, калi свiнапас атрымаў свой восемдзесят шосты пацалунак.

- Неrаus*! - у гневе сказаў iмператар i выштурхаў прынцэсу са свiнапасам за межы сваёй дзяржавы.

* Вон! (ням.)

Стаiць i плача прынцэса, свiнапас лаецца, а дождж так i палiвае.

- Якая я гаротная! - галосiць прынцэса. - Хай бы я выйшла за цудоўнага прынца! Якая я няшчасная!

А свiнапас зайшоў за дрэва, сцёр з твару чорную i бурую фарбу, скiнуў брудную вопратку - i вось перад ёй ужо прынц у царскiм адзеннi, ды такi прыгожы, што прынцэса мiжвольна зрабiла рэверанс.

- Цяпер я пагарджаю табою! - сказаў ён. - Ты не захацела выйсцi за сумленнага прынца. Ты нiчога не зразумела нi ў салаўi, нi ў ружы, затое магла цалаваць за забаўкi свiнапаса. Так табе i трэба!

Ён пайшоў да сябе ў каралеўства i зачынiў дзверы на засаўку. А прынцэсе толькi i заставалася стаяць ды спяваць:





Ах, мой мiлы Аўгусцiн,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

"ЁСЦЬ ЖА РОЗНIЦА!"

Быў май месяц; паветра было яшчэ досыць халоднае, але ўсё ў прыродзе - i кустоўе, i дрэвы, i палi, i лугi - паказвала, што бярэ сваё вясна. Лугi стракацелi кветкамi; пачыналi цвiсцi, красаваць кветкi i на жывой загародзе, а непадалёку пышнела ўвасабленне самой вясны - маленькая яблынька нiбы ў вэлюме. Асаблiва прыгожая была на ёй адна галiна, маладзенькая, свежанькая, уся ўсыпаная пяшчотнымi ружовымi бутонамi, што яшчэ не як след разгарнулiся. Яна сама ведала, якая яна прыгожая; усведамленне красы было ў яе ў соку. Галiна пагэтаму зусiм не здзiвiлася, калi брычка, што кацiлася па дарозе, запынiлася насупраць яблынi i маладая графiня сказала, што паглядней гэтай галiнкi цяжка што-небудзь знайсцi, што яна жывое ўвасабленне юнай красунi вясны. Галiнку адламалi, графiня ўзяла яе сваiмi далiкатнымi пальчыкамi i беражлiва павезла дадому, засцерагаючы ад сонца шоўкавым парасонiкам. Прыехалi ў палац, галiнку панеслi па высокiх, шыкоўных пакоях. На адчыненых вокнах калыхалiся белыя фiранкi, у блiскучых, празрыстых вазах стаялi букеты цудоўных кветак. У адну з ваз, быццам вылепленую з бялюткага снегу, паставiлi i яблыневую галiнку, абкружыўшы яе свежымi светла-зялёнымi букавымi галiнкамi. Цуд, як прыгожа было!

Галiнка заганарылася, i што ж? Гэта было зусiм зразумела!

Праз пакой праходзiла шмат люду; кожны наведнiк мог сказаць сваё слова толькi ў той меры, у якой за iм самiм прызнавалi яго вартасць. I вось некаторыя не гаварылi зусiм нiчога, некаторыя ж залiшне шмат; галiнка здагадалася, што i памiж людзьмi, як мiж раслiнамi, ёсць рознiца.

"Адны бываюць для прыгажосцi, iншыя толькi для карысцi, а без таго-сяго i зусiм можна абысцiся", - думала яна.

Яе паставiлi якраз насупраць адчыненага акна, адкуль ёй былi вiдаць увесь сад i поле, дык яна ўдосталь магла наглядзецца на розныя кветкi i раслiны i падумаць пра рознiцу памiж iмi; там iх было шмат усялякiх - i пышных, i простых, нават зусiм сцiпленькiх.

- Бедныя адрынутыя раслiнкi! - сказала галiна. - Вялiкая на самай справе рознiца памiж iмi. Якiмi нешчаслiвымi яны павiнны сябе адчуваць, калi толькi яны ўвогуле здольныя адчуваць, побач са мной i з такiмi, як я! Канечне, вялiкая рознiца памiж намi! Ды так i павiнна быць, бо iначай усе былi б роўныя!

I галiнка пазiрала на палявыя кветкi з нейкiм спачуваннем; асаблiва вартым жалю здаваўся ёй адзiн вiд кветак, якiх было мноства па ўсiм полi i нават уздоўж канаў. Нiхто не збiраў iх у букеты, - яны былi вельмi ж простыя, звычайныя; iх можна было знайсцi нават памiж камянёў на бруку, яны ўзыходзiлi ўсюды, як самае непатрэбнае пустазелле. I iмя ж у iх было брыдкое: чортавы падойнiкi.*

* Чортавы падойнiкi - дацкая назва дзьмухаўцоў.

- Бедная няшчасная раслiна! - сказала галiна. - Ты не вiнаватая, што належыш да такога гатунку i што ў цябе такое брыдкое, нядобрае iмя! Але i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi, павiнна быць рознiца.

- Рознiца! - адгукнуўся сонечны прамень i пацалаваў пышную галiнку, але пацалаваў i жоўтыя чортавы падойнiкi, што раслi ў полi; iншыя браты яго сонечныя промнi таксама цалавалi бедныя кветачкi нароўнi з самымi шыкоўнымi...

Сонечны прамень, прамень святла, разумеў усё лепей.

- Якая ты невiдушчая, сляпая! - сказаў ён галiнцы. - Якую адрынутую раслiну ты гэтак шкадуеш?

- Чортавы падойнiкi! - сказала галiна. - Нiколi з iх не робяць букетаў, iх топчуць нагамi - вельмi ж iх шмат! Семя iхняе лётае над дарогаю, як пастрыжаная воўна, i лiпне да апраткi падарожных. Пустазелле, i больш нiчога! Але камусьцi трэба быць i пустазеллем! Ах, я так удзячна свайму лёсу, што не з таго роду!

На поле выбег вялiкi гурт дзяцей. Самага малога прынеслi на руках i пасадзiлi на траву сярод жоўтых кветак. Малое весела смяялася, гарэзавала, бiла па траве ножкамi, кулялася, рвала жоўтыя кветкi i нават цалавала iх у шчырым парыве дзiцячай душы. Старэйшая малеча абрывала кветкi, а пустыя знутры сцяблiнкi згiналi i закладвалi адзiн iхнi кончык у iншы, пасля рабiлi з такiх асобных колцаў доўгiя ланцужкi i ўпрыгожвалi iмi шыю, плечы, грудзiну i галаву. I гэта быў проста цуд! Самыя старэйшыя з дзяцей асцярожна зрывалi раслiны, што адцвiлi i былi ўвянчаныя пёркавымi каронамi, падносiлi гэтыя паветраныя, нiбы шарсцяныя, галоўкi, што былi па-свойму прыродным цудам, да рота i намагалiся здьмуць за адзiн раз увесь пушок. Каму гэта ўдасца, той будзе мець новую апратку яшчэ да Новага года, - так сказала бабуля.