Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 89

Адрынутая кветка была ў гэтым выпадку сапраўдным прарокам.

- Бачыш? - запытаў сонечны прамень. - Бачыш яго красу, ягонае вялiкае значэнне?

- Толькi для дзяцей! - адказала галiна.

Прыплялася на поле i старая бабуля i пачала выкопваць тупым зломкам нажа карэннi жоўтых кветак. Некаторае карэнне яна збiралася спажыць на каву, iншае - прадаць у аптэку на лякарства.

- Краса ўсё ж куды вышэй! - сказала галiна. - Толькi выбраныя трапяць у свет прыгожага! Ёсць жа рознiца i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi!

Сонечны прамень пачаў гаварыць пра бязмежную любоў да ўсяго жывога: усё, каму падорана жыццё, мае штосьцi сваё ва ўсiм - i ў сваiм часе, i ў вечнасцi.

- Ну, гэта толькi вы так лiчыце! - сказала галiна.

У пакой зайшлi людзi; памiж iмi была i маладая графiня, якая паставiла галiнку ў празрыстую прыгожую вазу, скрозь якую свяцiла сонца. Графiня нясла кветку, - што ж яшчэ? - а яна, кветка, была загорнутая буйным зялёным лiсцем, лежучы ў iм, быццам у футарале, абароненая нават ад самага невялiчкага подыху ветру. I нясла яе графiня так беражлiва, як не несла нават пяшчотную яблыневую галiнку. Асцярожна адагнула яна зялёнае лiсце, i з-за яго вызiрнула паветраная карона адрынутай жоўтай кветкi. Яе графiня так асцярожна сарвала i гэтак беражлiва нясла, каб вецер не здьмуў нiводную тоненькую пярынку з яе паветранай галоўкi. Яна данесла яе цэлай i непачапанай i не магла нацешыцца прыгажосцю, празрыстасцю, усёй своеасаблiвай пабудовай гэтай цудоўнай кветкi, уся вабнасць якой - да першага подыху ветру.

- Зiрнiце ж, што за цуд!.. - сказала графiня. - Я намалюю яго разам з яблыневай галiнкаю. Усе любуюцца ёю, але па волi божай i гэтая бедная кветачка надзеленая не меншай красою. Якiя не розныя яны, усё ж кветкi - дзецi аднаго свету прыгожага!

СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА

Гiсторыя першая,

у якой расказваецца пра люстэрка i яго асколкi

Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гiсторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыў-быў троль, вельмi злосны, сапраўдны д'ябал. Аднойчы быў ён у асаблiва добрым настроi: змайстраваў такое люстэрка, у якiм усё добрае i прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае i агiднае так i выпiрала, рабiлася яшчэ больш брыдкiм. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалi ў iм вараным шпiнатам, а лепшыя з людзей - пачварамi, цi, здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамi, а жыватоў у iх зусiм няма! Твары перакрыўлялiся так, што i не пазнаць, а калi ў каго была вяснушка, то ўжо яна распаўзалася i на нос i на вусны. А калi ў чалавека з'яўлялася добрая думка, яна адбiвалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзiўся ад смеху, радуючыся сваёй хiтрай выдумцы.

Тролевы вучнi - а ў яго была свая школа - расказвалi ўсiм, што адбыўся цуд: цяпер толькi, казалi яны, можна ўбачыць увесь свет i людзей сапраўднымi. Яны бегалi ўсюды з люстэркам, i неўзабаве не засталося нiводнай краiны, нiводнага чалавека, якiя не адлюстравалiся б у iм у перакрыўленым выглядзе.





Напаследак захацелася iм дабрацца i да неба. Чым вышэй яны падымалiся, тым больш крыўлялася люстэрка, што аж з цяжкасцю яны ўтрымлiвалi яго ў руках. Але вось яны ўзляцелi зусiм высока, i тут раптам люстэрка да таго пакарабацiлася ад грымас, што вырвалася ў iх з рук, паляцела на зямлю i разбiлася на мiльёны, бiльёны асколкаў, i таму здарылася яшчэ болей бед. Некаторыя асколкi, з пясчынку велiчынёй, разлятаючыся па белым свеце, траплялi людзям у вочы, ды так там i заставалiся. А чалавек з такiм асколкам у воку пачынаў бачыць усё наадварот цi заўважаць у кожнай рэчы толькi дрэннае - кожны ж асколак захоўваў уласцiвасцi ўсяго люстэрка. Некаторым людзям асколкi траплялi проста ў сэрца, i гэта было страшней за ўсё: сэрца рабiлася як кавалак лёду. Былi сярод асколкаў i вялiкiя - iх уставiлi ў аконныя рамы, i ўжо праз гэтыя вокны не варта было глядзець на сваiх добрых сяброў. Нарэшце, былi i такiя асколкi, якiя пайшлi на акуляры, i дрэнна было, калi такiя акуляры надзявалi для таго, каб лепш бачыць i правiльна меркаваць аб рэчах.

Злосны троль надрываўся ад смеху - так весялiла яго гэта задума. А па свеце лятала яшчэ шмат асколкаў. Паслухаем жа пра iх!

Гiсторыя другая

Хлопчык i дзяўчынка

У вялiкiм горадзе, дзе столькi дамоў i людзей, што не ўсiм хапае месца хоць бы на маленькi садок, а таму большасцi жыхароў даводзiцца задавольвацца пакаёвымi кветкамi ў вазонах, жыло двое бедных дзяцей, i садок у iх быў крыху большы за вазон. Яны не былi братам i сястрой, але любiлi адно аднаго, як брат i сястра.

Бацькi iх жылi ў каморках пад дахам у двух суседнiх дамах. Дахi дамоў сыходзiлiся, i мiж iмi цягнуўся вадасцёкавы жолаб. Тут якраз i глядзелi адно на адно паддашкавыя вокны ад кожнага дома. Варта было толькi пераступiць цераз жолаб, i можна было трапiць з аднаго акна ў другое.

У бацькоў было па вялiкай драўлянай скрынi, у iх расла зелянiна для прыпраў i невялiкiя ружавыя кусты - па адным у кожнай скрынi. Кусты пышна разраслiся. Бацькам прыйшло ў галаву паставiць гэтыя скрынi ўпоперак жолаба, таму ад аднаго акна да другога цягнулiся нiбы дзве кветкавыя градкi. Зялёнымi гiрляндамi спускаўся са скрынь гарох, ружавыя кусты заглядвалi ў вокны i спляталiся галiнамi. Бацькi дазвалялi хлопчыку i дзяўчынцы хадзiць адно да аднаго ў госцi па даху i сядзець на лавачцы пад ружамi. Як хораша было iм тут гуляць!

А зiмой гэта радасць заканчвалася. Вокны часта зусiм замярзалi, але дзецi награвалi на печы медныя манеты, прыкладвалi iх да замерзлых шыбiн, i адразу ж адтаваў прыгожы кружочак, i ў яго пазiрала вясёлае, ласкавае вочка - гэта глядзелi, кожны са свайго акна, хлопчык i дзяўчынка, Кай i Герда. Улетку яны адным скачком маглi апынуцца ў гасцях адно ў аднаго, а зiмой патрэбна было спачатку спусцiцца на многа прыступак унiз, а потым падняцца на гэтулькi ж уверх. На двары пырхаў сняжок.

- Гэта раяцца белыя пчолкi! - казала старая бабуля.

- А ў iх таксама ёсць каралева? - пытаўся хлопчык. Ён ведаў, што ў сапраўдных пчол ёсць такая.

- Ёсць! - адказвала бабуля. Сняжынкi абкружаюць яе густым роем, але яна большая за iх усiх i нiколi не прысаджваецца на зямлю, вечна лятае ў чорным воблаку. Часта па начах пралятае яна па гарадскiх вулiцах i заглядвае ў вокны, вось таму якраз яны i пакрываюцца марознымi ўзорамi, быццам кветкамi.

- Бачылi, бачылi! - казалi дзецi i верылi, што ўсё гэта так.