Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 26 из 89

САДОЎНIК I ГАСПАДАРЫ

Пасярод старадаўняй сядзiбы, прыкладна каля мiлi ад сталiцы, стаяў прыгожы панскi палац з масiўнымi сценамi, вежачкамi, франтонамi. У гэтым палацы жылi муж i жонка - багатыя ды знакамiтыя дваране. Праўда, яны прыязджалi сюды только летам, але гэта быў самы любiмы iхнi маёнтак. Палац быў прыгожы звонку, зручны i ўтульны ўнутры. Парадны пад'езд упрыгожваў высечаны з каменю радавы герб гаспадароў. Цудоўныя ружы ўвiвалi гэты герб i плялiся ўгару па сцяне, а перад палацам рассцiлаўся густы дыван зяленiва. Поруч з белым i чырвоным глогам тут красавалiся рэдкiя кветкi, якiя цвiлi не толькi ў аранжарэi, але i пад адкрытым небам.

Нездарма гаспадары сядзiбы мелi добрага садоўнiка. Кветнiк, фруктовы сад, агарод - усё гэта было справай яго рук i радавала вока. За агародам яшчэ заставалiся рэшткi старога сада, зарослага кустамi буксу, якiя былi абрэзаны ў выглядзе шароў i пiрамiд. А далей узвышалiся два вялiзныя старыя дрэвы, амаль цалкам засохлыя. Здалёку здавалася, што раптоўны парыў урагану зверху да нiзу абляпiў iхнiя голыя сукi густымi камякамi гною. На самай жа справе гэта быў не гной, а птушыныя гнёзды.

З даўнейшай пары ў гэтых гнёздах жылi крыклiвый чароды варон i гракоў, якiя змайстравалi тут сапраўдны птушыны гарадок i непадзельна валадарылi ў сядзiбе. Бо яны былi першымi насельнiкамi ў тутэйшых мясцiнах, спаконвечнымi ўладарамi маёнтка, яго сапраўднымi гаспадарамi. Двухногiмi жыхарамi маёнтка яны проста грэбавалi, хоць i мусiлi змiрыцца з iснаваннем гэтых пастаянных стварэнняў. А тыя iншы раз смалiлi ў птушак са стрэльбаў, i тады чароды натапыраных перапалоханых варон i гракоў узляталi з крыкам: "Карр! Карр!"

Садоўнiк не раз казаў гаспадарам, што трэба ссекчы гэтыя дрэвы, - яны псуюць садовы пейзаж, а як толькi iх не стане, знiкнуць i шумныя птушкi. Але гаспадары i слухаць не хацелi пра тое, каб страцiць дрэвы i птушыную гаману. У старых дрэвах i карканнi птушак яны бачылi асаблiвую прывабнасць - адзнаку даўнiны, якую хацелi захаваць насуперак усяму.

- Дрэвы перайшлi да птушак у спадчыну ад продкаў, дык няхай птушкi i валодаюць iмi, дабрамудры Ларсен! - гаварылi гаспадары.

(Ларсенам звалi садоўнiка, але для нашай гiсторыi гэта не мае значэння).

Садоўнiк сапраўды мог распараджацца кветнiкамi, садам i агародам, ён даглядаў iх i апрацоўваў старанна i захоплена. Гаспадары былi гэтым вельмi задаволены, але не хавалi ад садоўнiка, што ў iншых маёнтках iх частавалi такiмi фруктамi i паказвалi такiя кветкi, да якiх яшчэ вельмi далёка iхнiм кветкам i фруктам. Гэтыя словы засмучалi садоўнiка, бо ён усёй душой хацеў, каб сад у ягоных гаспадароў быў лепшы ў свеце, i дзеля гэтага шчыраваў без стомы. Рукi ён меў працавiтыя, а сэрца добрае.

Аднойчы гаспадары запрасiлi да сябе садоўнiка i сказалi яму ласкава i паблажлiва, як i трэба гаспадарам, што ўчора яны былi ў гасцях у сваiх знакамiтых сяброў i тыя пачаставалi iх яблыкамi i грушамi, ды такiмi сакавiтымi, такiмi пахучымi, што самi яны, гаспадары Ларсена, i ўсе iншыя госцi былi ў захапленнi. Гаспадары не сумняваюцца, што тыя фрукты прывезены з-за мяжы, але чаму б Ларсену не паспрабаваць вырасцiць гэткiя ж i ў iхняй сядзiбе, калi толькi капрызныя плады могуць прыстасавацца да мясцовага клiмату? Як сведчылi чуткi, яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, былi куплены ў горадзе ў самага буйнога гандляра фруктамi; да яго i паслалi гаспадары садоўнiка, каб даведацца, з якой краiны прывезены гэтыя плады, i выпiсаць адтуль чаранкi.

Садоўнiк добра ведаў гэтага гандляра, бо па загаду гаспадароў прадаваў яму лiшкi фруктаў са свайго саду.

I вось выправiўся ён у горад, каб спытацца ў гандляра, адкуль той атрымаў хвалёныя яблыкi i грушы.

- З вашага ўласнага саду! - адказаў гандляр i паказаў Ларсену яблыкi i грушы, якiя той адразу пазнаў.

Вось дык узрадаваўся садоўнiк! Ён паспяшаўся да сваiх гаспадароў i сказаў, што яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, - з iхняга ўласнага саду. Гаспадары не паверылi сваiм вушам.

- Не можа быць, Ларсен! - казалi яны. - Калi вы хочаце пераканаць нас, што гэта праўда, прынясiце распiску ад гандляра.

I Ларсен прынёс яе гаспадарам.





- Дзiўна! - усклiкнулi яны.

Пасля гэтага кожны дзень гаспадарам падавалi вялiзныя вазы з цудоўнымi яблыкамi i грушамi з iхняга ўласнага саду. Цэлымi карзiнамi рассылалi гэтыя фрукты суседзям, у iншыя гарады i нават за мяжу. Гаспадарам гэта было вельмi прыемна. Аднак яны нiколi не прамiналi выпадку, каб нагадаць садоўнiку, што апошнiя дзве восенi былi вельмi спрыяльныя для фруктовых садоў i ўсе садаводы мелi добры ўраджай.

Прайшло няшмат часу. Гаспадары былi запрошаны ў палац на абед. На наступны дзень яны паклiкалi да сябе садоўнiка i расказалi яму, што на каралеўскi стол падавалi незвычайна салодкiя i сакавiтыя дынi з уласнай каралеўскай цяплiцы.

- Iдзiце да прыдворнага садоўнiка, шаноўны Ларсен, i папрасiце, каб ён даў вам хоць крышку насення гэтых незвычайных дыняў.

- Але каралеўскi садоўнiк сам атрымаў ад мяне гэтае насенне! - радасна ўсклiкнуў садоўнiк.

- Калi так, значыць, ён здолеў вырасцiць з iх цудоўныя дынi, - сказалi гаспадары, - дынi, якiя падавалi на стол, былi лепшыя адна за другую!

- Выходзiць, што ганарыцца трэба мне, - сказаў Ларсен. - Сёлета ў каралеўскага садоўнiка дынi не ўдалiся; i вось ён убачыў, якiя цудоўныя дынi растуць у садзе вашай мiласцi, пакаштаваў iх i некалькi штук заказаў для каралеўскага стала.

- Цi не лiчыце вы, Ларсен, што на каралеўскi стол падавалi дынi з нашага саду?

- Нi кроплi ў гэтым не сумняваюся, - адказаў Ларсен.

Ён пайшоў да каралеўскага садоўнiка i атрымаў у яго пасведчанне, дзе гаварылася, што дынi, якiя падавалiся на абедзе ў каралеўскiм замку, былi прывезены з саду, якi належыць панам-гаспадарам Ларсена.

Гаспадары былi здзiўлены. Яны расказвалi пра гэты выпадак усiм i кожны раз паказвалi сведчанне каралеўскага садоўнiка. А насенне дыняў, як яшчэ раней чаранкi яблынь i груш, яны пачалi рассылаць у розныя краiны.

Тым часам з розных мясцiн прыходзiлi звесткi, што дасланыя чаранкi прыжылiся, яблынi i грушы даюць цудоўныя плады, якiя названы iмем радавой панскай сядзiбы. Назву сядзiбы пiсалi зараз на ангельскай, нямецкай i французскай мовах.

Хiба можна было марыць пра гэта раней?

- Каб толькi садоўнiк не зазнаўся, - занепакоiлiся гаспадары.