Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 89

Абодва браты рыхтавалiся да сватання восем дзён, на большае ў iх часу не заставалася, але i гэтага iм было досыць: яны шмат чаго зналi i былi хлопцы хоць куды. Адзiн вывучыў на памяць увесь лацiнскi слоўнiк i мясцовыя газеты за тры гады i мог iх пераказаць не толькi ад пачатку да канца, а i наадварот - ад канца да пачатку. Другi вывучыў назубок збор законаў, ведаў усё, што належыць ведаць мунiцыпальнаму радцу, i мог разважаць пра дзяржаўныя справы. Апрача таго, ён умеў вышываць падцяжкi, - во якi быў майстар! I кожны з iх даводзiў: "З каралеўнаю ажанюся я!"

Бацька даў iм па добрым канi: таму, што ведаў на памяць слоўнiк i газеты, - каня чорнага як вугаль, а таму, што меў дзяржаўны розум i ўмеў вышываць, каня белага як малако. Браты змазалi сабе губы рыбiным тлушчам, каб рот лягчэй i хутчэй адкрываўся, i сабралiся ў дарогу. Усе слугi высыпалi на двор паглядзець, як маладыя панiчы пасядуць на коней. Прыйшоў i трэцi брат, братоў жа было тры, але трэцяга, малодшага, нiхто не лiчыў: далёка яму было да сваiх вучоных братоў, i звалi яго проста Ганс Даўбешка.

- Куды гэта вы? I чаго гэтак разадзелiся? - спытаў ён.

- У палац едзем, каралеўну сабе "выгаворваць". А ты што, не чуў хiба? Пра гэта ж ва ўсе званы звоняць.

I яны расказалi яму пра сваё сватанне.

- Вунь яно што! Дык i я з вамi! - сказаў Ганс Даўбешка.

Але браты толькi пасмяялiся з яго i паехалi.

- Бацька, дай мне каня! - закрычаў Ганс Даўбешка. - Вельмi ж мне захацелася жанiцца. Выбера мяне каралеўна - добра, а не выбера - я сам яе забяру!

- Не мялi языком абы-што! - асадзiў яго бацька. - Не дам я табе каня. Ты i гаварыць як след не ўмееш! От браты твае - iншая рэч, яны малайцы!

- А калi не даеш каня, дык я вазьму казла! Казёл мой уласны, ён давязе мяне як мае быць!

I Ганс Даўбешка сеў вярхом на казла, стукнуў яго пяткамi пад бакi i памчаўся па гасцiнцы. Адно пыл закурэў!

- Вось i я еду! - сказаў сам сабе Ганс Даўбешка i загарланiў песню.

А браты ехалi не спяшаючыся, моўчкi: iм трэба было як след абдумаць пра што i як гаварыць з каралеўнай, каб не даць маху.

- Го-го-го! - крыкнуў Ганс Даўбешка. - Вось i я! Зiрнiце, што я знайшоў па дарозе!

I ён паказаў братам дохлую варону, што падняў з зямлi.

- Даўбешка! - сказалi браты. - Навошта яна табе?

- Я падару каралеўне!

- Ага, падары! - засмяялiся яны i паехалi далей.

- Го-го-го! Вось i я! - зноў гукнуў Ганс Даўбешка. - Паглядзiце, што яшчэ я знайшоў! Такiя рэчы не кожны дзень валяюцца па дарозе!

Браты азiрнулiся, каб паглядзець.

- Даўбешка! - сказалi яны. - Гэта ж стары драўляны чаравiк, ды нават без верху! Мо i яго таксама падарыш каралеўне?

- А як жа! Падару! - адказаў Ганс Даўбешка.

Браты засмяялiся i паехалi далей.

- Го-го-го! Вось i я! - зноў закрычаў Ганс Даўбешка. - I праўда, - чым далей, тым болей! Го-го-го! Такое i не прыдумаеш!

- А ну, што ты яшчэ там знайшоў? - спыталi браты.

- Э, не, не скажу! От зарадуецца каралеўна!

- Тфу! - плюнулi браты. - Ды гэта ж гразь з канавы!

- Ды яшчэ якая! - адказаў Ганс Даўбешка. - Самага лепшага гатунку! Так i цячэ мiж пальцаў, не ўтрымаць!

I ён наладаваў сабе поўную кiшэню гразi.

А браты прыпусцiлi наўгалоп i прыехалi на гадзiну раней за Ганса.

Каля гарадскiх варотаў жанiхоў нумаравалi па парадку i ставiлi ў шарэнгi па шэсць чалавек у кожнай. Ставiлi iх так блiзка адзiн да аднаго, што яны нi паварушыцца, нi ўзняць рукi не маглi. I правiльна рабiлi, бо iнакш памiж iмi ўсчалася б бойка, бо кожнаму хацелася быць наперадзе.





Усе астатнiя жыхары краiны тоўпiлiся каля палаца i зазiралi ў вокны, каб паглядзець, як каралеўна прымае жанiхоў. Жанiхi заходзiлi ў залу адзiн за адным. I як толькi заходзiлi, дык адразу трацiлi ўсё сваё красамоўства: у iх нiбы мову адбiрала.

- Не гадзiцца! - крычала каралеўна. - Вон!

I вось зайшоў старэйшы брат, той, што ведаў на памяць увесь слоўнiк. Але, пакуль ён стаяў у шарэнгах, дык пазабываў усё дазвання, а тут яшчэ падлога пад нагамi рыпiць, столь люстраная, так што бачыш сябе дагары нагамi, каля кожнага акна па тры пiсары i адзiн мунiцыпальны радца, i ўсе запiсваюць кожнае слова размовы, каб надрукаваць у газеце, якая прадаецца на рагу за два скiлiнгi, страх ды годзе! Да таго ж у пакоi палiлася ў печы, i яна разагрэлася дачырвана.

- Ну i горача тут! - сказаў нарэшце жанiх.

- Гэта таму, што бацька надумаўся сёння пеўнiкаў засмажыць! - абазвалася каралеўна.

Жанiх ажно рот разявiў: не чакаў ён такой размовы i не мог вымавiць нi слова, хоць яму хацелася адказаць як мага дасцiпней.

- Э-э! - прамямлiў ён.

- Не гадзiцца! - сказала каралеўна. - Вон!

Давялося яму пайсцi нi з чым. Тады зайшоў другi брат.

- Ух, як тут горача! - пачаў ён.

- Ага, мы смажым сёння пеўнiкаў, - адказала каралеўна.

- Як? Што? Каго?.. - перапытаў ён.

I ўсе пiсары запiсалi: "Як? Што? Каго?"

- Не гадзiцца! - сказала каралеўна. - Вон!

I тут з'явiўся Ганс Даўбешка. Ён заехаў на казле проста ў залу.

- Ну i гарачыня! - прабурчаў ён.

- Гэта я пеўнiкаў смажу! - адказала каралеўна.

- От шанцуе! - усклiкнуў Ганс Даўбешка. - Дык i маю варону можна будзе засмажыць?

- Можна! - адказала каралеўна. - А ў цябе ёсць у чым смажыць? У мяне няма нi рондаля, нi патэльнi.

- А ў мяне ёсць! - сказаў Ганс Даўбешка. - Вось пасудзiна, нават з ручкаю!

I ён выцягнуў з кiшэнi стары драўляны чаравiк i паклаў у яго варону.

- Ды гэта ж цэлы абед! - сказала каралеўна. - Але дзе нам узяць падлiўкi?

- А ў мяне ў кiшэнi! - адказаў Ганс Даўбешка. - У мяне яе столькi, што дзяваць няма куды, хоць выкiдвай!

I ён зачэрпнуў з кiшэнi жменю гразi.

- Вось гэта мне падабаецца! - усклiкнула каралеўна. - На ўсё ў цябе гатовы адказ, па слова ў кiшэнь не лезеш. Таму я выйду за цябе замуж! Але цi ведаеш ты, што кожнае наша слова запiсваецца i заўтра трапiць у газеты? Бачыш, каля кожнага акна стаяць па тры пiсары ды яшчэ стары мунiцыпальны радца? А радца гэты найгоршы - зусiм з розуму выжыў!

Яна ўсё гэта гаварыла, каб напалохаць Ганса. А пiсары зарагаталi i запырскалi падлогу чарнiлам.

- Ах, вунь вы якiя паночкi! - выгукнуў Ганс Даўбешка. - От я зараз пачастую гэтага радцу!

I доўга не думаючы вывернуў кiшэню i заляпiў радцу ўвесь твар гразёю.

- Цудоўна! - усклiкнула каралеўна. - Да гэтага i я не дадумалася б. Але я яшчэ навучуся!

Так вось i стаў Ганс Даўбешка каралём, ажанiўся, надзеў карону i сеў на трон. Мы даведалiся пра ўсё гэта з газеты, якую выдае мунiцыпальны радца, але ёй не варта занадта верыць.