Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 89

Але Ларсен думаў зусiм пра iншае: ён iмкнуўся захаваць за сабой славу аднаго з лепшых садоўнiкаў краiны i кожны год ствараць якi-небудзь новы выдатны гатунак садавiны альбо гароднiны. I ён ствараў iх, але ў падзяку за працу яму часта даводзiлася чуць, што першыя ўславiўшыя яго фрукты - яблыкi i грушы - былi ўсё ж самыя лепшыя, а ўсе iншыя ўжо не маглi з iмi зраўняцца. Дынi, праўда, вельмi смачныя, ды ўсё ж далёка не такiя, як яблыкi i грушы. Трускалкi таксама выдатныя, але не лепшыя за тыя, якiя ёсць у iншых. А калi аднойчы ў садоўнiка не ўрадзiла радыска, гаспадары толькi i гаварылi пра няўдалую радыску, нiбыта забылiся пра ўсе iншыя гатункi садавiны i гароднiны.

Можна было падумаць, што гаспадары атрымлiваюць задавальненне, калi гавораць: "Сёлета ў вас усё ўрадзiлася дрэнна, шаноўны Ларсен!" Яны былi проста шчаслiвыя, калi сцвярджалi: "Дрэнна сёлета ў вас урадзiлася!"

Некалькi разоў на тыдзень садоўнiк прыносiў у пакоi свежыя букеты, падабраныя з дзiўна тонкiм густам; у гэтых букетах кожная кветачка ўдала спалучалася з iншымi кветкамi i станавiлася яшчэ прыгажэйшай.

- У вас выдатны густ, Ларсен, - казалi гаспадары. - Але не забудзьцеся, што гэтым талентам вы абавязаны не самому сабе, а Богу.

Аднойчы садоўнiк прынёс гаспадарам вялiзную крыштальную вазу, у якой плаваў лiст белага гарлачыка, а на iм, апусцiўшы ў ваду доўгае сцябло, красавалася ярка-блакiтная кветка велiчынёй са сланечнiк.

- Iндыйскi лотас! - усклiкнулi гаспадары.

Яны нiколi ў жыццi не бачылi падобнай кветкi. Яны загадалi днём выстаўляць яе на сонца, а вечарам асвятляць штучным святлом. I кожны, хто бачыў гэтую кветку, быў у захапленнi, называў яе цудам.

Гэтак назвала яе нават знакамiтая панi каралеўства - маладая прынцэса. Яна была разумная i добрая дзяўчына.

Гаспадары палiчылi за гонар паднесцi прынцэсе блакiтную кветку, i яна забрала яе ў палац. Тады спусцiлiся яны ў сад, каб паглядзець, цi няма там падобнай кветкi, але не знайшлi яе. Паклiкалi садоўнiка i спыталi дзе ён узяў блакiтны лотас.

- Мы шукалi, але не знайшлi такiх кветак нi ў аранжарэi, нi на клумбах у садзе, - сказалi яны.

- Там iх i не было, - усмiхнуўся садоўнiк. - Гэтая сцiплая кветка расце на градках у агародзе. Але, праўда яна незвычайна прыгожая! Яна падобная на блакiтны кактус, а на самай справе гэта толькi кветка артышока.

- Чаму ж вы не сказалi нам пра гэта раней? - абурылiся гаспадары. - Мы думалi, што гэта рэдкая заморская кветка! Вы зганьбiлi нас перад прынцэсай! Яна была ў захапленнi, як толькi зiрнула на кветку, i сказала, што нiколi раней не бачыла гэткай раслiны, - а яна ж выдатна разбiраецца ў батанiцы. Але цяпер зразумела, чаму яна не пазнала яе: навуцы няма чаго рабiць у агародзе. I як вам магло прыйсцi ў галаву, шаноўны Ларсен, прынясцi ў пакоi падобную кветку? Пасля гэтага над намi будуць пакеплiваць!

I цудоўная блакiтная кветка, сарваная на градзе, была выкiнута з панскiх пакояў, дзе ёй не знайшлося месца. А гаспадары пайшлi да прынцэсы прабачацца i растлумачыць, што кветка была звычайнай агароднай раслiнай, якую садоўнiк захацеў паставiць у вазу, за што i атрымаў суровую вымову.

- Гэта грэшна i несправядлiва! - з дакорам прамовiла прынцэса. - Ён адкрыў для нас кветку, пра якую мы нiчога не ведалi, паказаў нам прыгажосць там, дзе мы i не думалi яе шукаць! Пакуль артышокi цвiтуць, я скажу прыдворнаму садоўнiку кожны дзень ставiць iх у вазу ў маiм пакоi.





Так яна i зрабiла.

Тады гаспадары аб'явiлi садоўнiку, што ён зноў можа паставiць у вазу свежую кветку артышока.

- Па-сутнасцi кветка i на самай справе прыгожая, - сказалi яны. - Так, прыгожая, як гэта нi дзiўна! - I яны нават пахвалiлi садоўнiка.

- Ён любiць, калi яго хваляць, - казалi гаспадары. - Ён у нас распешчанае дзiця!

Неяк восенню пачалася бура. Да ночы яна так разбушавалася, што з карэннямi вырвала некалькi дрэў на ўскраiне лесу. На вялiкае няшчасце гаспадароў (яны так i казалi, што гэта няшчасце!), але i на вялiкую радасць садоўнiка яна павалiла абодва высокiя дрэвы з птушынымi гнёздамi. Пазней слугi расказвалi, што да скавытання буры дамешвалiся крыкi гракоў i варон, якiя бiлiся крыламi ў ваконнае шкло.

- Ну, зараз вы, вiдаць, задаволены, Ларсен, - сказалi гаспадары. - Бура зламала дрэвы, i птушкi паляцелi ў лес. Нiчога тут не нагадвае больш пра даўнiну; ад яе не засталося i следу. Нас гэта вельмi засмучае!

Садоўнiк нiчога не адказаў гаспадарам. Ён моўчкi песцiў мару пра тое, як апрацуе зараз цудоўны сонечны ўчастак зямлi, да якога раней не мелi права нават дакранацца, i ператворыць яго ва ўпрыгожанне ўсяго сада на радасць сваiм гаспадарам.

Вырваныя бурай дрэвы, падаючы, паламалi старыя буксавыя кусты, i садоўнiк пасадзiў на гэтым месцы звычайныя палявыя i лясныя раслiны роднай зямлi.

Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак - на сонцы або ў ценi, - як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.

Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь - ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем "венерыны валасы". Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка - палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi - цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!

А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор'е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады - гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.

На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг - дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.