Страница 7 из 159
Перабіў маю дружыну, дол заліў крывёй людской.
Не ўявіць таго істотай, хто, як здань, знікае з ходу.
Быў шчаслівы я, карае бог цяпер сваёй рукой!
Асалоду існавання ён змяніў мне на атруту,
Весялосці дні мінулі, як чароўнай казкі сон.
Мне цяпер усё няміла, мне жыццё — адна пакута,
Колькі б я ні жыў на свеце, не пабачу светлых дзён».
Адказала дзева смела: «Цар, дазволь сказаць мне праўду:
Наракаеш ты дарэмна і на бога, і на лёс!
Слаць нашто таму дакоры, хто дае жыццё і радасць?
Зло тварыць не можа творца, што дабро для ўсіх прынёс!
Вось табе мая парада: над царамі цар уладны,
Ты валодаеш краінай, найвялікшай між краін,
Дык пашлі ганцоў старанных, хай дазнаюцца дакладна,
Чалавек той віцязь дзіўны ці нячыстай сілы сын».
Цар паслаў ганцоў адборных у чатыры часткі свету.
Загадаў ім: «Смела йдзіце, не пужайцеся нягод,
А свавольніка знайдзіце, хоць нялёгка будзе гэта.
Шліце пісьмы, дзе няўдасца вам адолець перашкод».
Абышлі ганцы паўсвету, не спаткала іх удача.
Год шукалі. Знік той віцязь, як былінка ўначы.
Не маглі знайсці нікога, хто б хоць раз яго пабачыў,
І вярнуліся дадому, лёс пракляты кленучы.
«Уладар,— яны сказалі,— мы прайшлі зямную сушу,
Не знайшлі, каго шукалі, хоць заўжды былі з людзьмі,
Апыталі ўсіх сустрэчных, самі выматалі душы
І табе не дагадзілі,— іншы захад ты прымі!»
Цар прамовіў: «Як сказала ты, дачушка, так збылося:
Д'ябал тут зрабіў падкопы, насланнё паслаўшы нам;
З неба зрынуты, з'явіўся помсціць ён людскому лёсу.
Хай прыходзіць радасць — гора не да твару ўладарамі»
Так сказаўшы, цар наладзіў баль вялікі, нечуваны.
Спевакі, музыкі, блазны вычваралі хто што мог.
Шчодра ён усіх адарваў, хто быў званы і нязваны.
Гэткіх шчодрых і гасцінных не ствараў ніколі бог!
ЦІНАЦІН ПАСЫЛАЕ АЎТАНДЗІЛА НА ПОШУКІ ВІЦЯЗЯ Ў ТЫГРАВАЙ ШКУРЫ
Аўтандзіл, адзеты лёгка, быў адзін у спачывальні,
Песні ён спяваў пад гукі струнаў арфы залатой.
Чорны раб з'явіўся раптам — Цінацін слуга адданы —
І сказаў: «Вас месяц ясны запрашае ў свой пакой».
Быў узрушаны прыемна Аўтандзіл жаданай весткай,
З лепшых лепшае адзенне на сябе надзеў хутчэй.
Як прыемна быць сам-насам з незраўнанай ружай-кветкай,
Як прыемна быць з каханай, бачыць бляск яе вачэй!
Аўтандзіл ішоў паважны, з горда ўзнятай галавою,
Да тае, па кім так часта ў адзіноце слёзы ліў.
Цінацін, як бліскавіца, ззяла юнаю красою,
Перад ёю нават месяц непрыкметнай зоркай быў.
Тонкі стан чароўнай дзевы гарнастай укрыў пушысты,
Мармур белых плеч ахутаў шаль нябачанай цаны.
Праціналі сэрца стрэлы веек чорных, воч агністых,
Змеі доўгіх кос краналі шыю чыстай белізны.
Твар нахмураны адценьваў тонкі вэлюм пурпуровы.
Запрасіла сесці поруч ціха віцязя яна.
Крэсла раб яму паставіў. Не гаворачы ні слова,
Сузіраў ён твар прывабны, шчасця міг п'ючы да дна.
Дзева віцязю сказала: «Я прызнацца не жадала,
Што душу маю трывожыць, ды маўчаць не маю сіл.
Але ты ці здагадаўся, для чаго цябе прызвала,
І чаму сяджу я ў смутку, і чаму мне свет не міл?»
Адказаў ён: «Што скажу я, калі сэрца страх сціскае?
Ад сустрэчы з сонцам ясным меркне месяц-маладзік;
Так і я, цябе сустрэўшы, ясны розум свой губляю,—
Ты сама мне дай параду, чым змагу я дагадзіць?»
Далікатна і прыхільна дзева віцязю сказала:
«Хоць дагэтуль быў далёка ад мяне ты, віцязь мой,
І хоць шчырасцю маёю зараз здзіўлены нямала,—
Ўсё ж паслухай, што за немач точыць скрытна мой настрой.
Прыгадай, як з Растэванам вы былі на паляванні,
Як чужынца напаткалі, што над рэчкай слёзы ліў.
З той часіны ўспаміны раняць сэрца несціхана,
Дык знайдзі яго, а трэба — абыдзі абшар зямлі!
Ад цябе хаця й не чула я прызнання слоў гарачых,
Але ж сэрцам адчувала жар кахання я твайго;
Не таіся: раніў шчокі градам слёз ты ў горкім плачы,—
Ты пакораны каханнем, ты ў палоне ў яго!
Мне служыць ты абавязан — ёсць на гэта дзве прычыны:
Ты, па-першае, адважны — не знайсці такіх нідзе;
Па-другое, ты — міджнур мой, верыць мне заўжды павінны,—
Дык ідзі, знайдзі, дзе віцязь — на зямлі ці на вадзе!
Здзейсніш гэта — і каханне акрыяе сілай дужай,