Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 37

Я яго так сабе — не то ад радасці, не то пасуседску прашу, а ён пытаецца:

"Жэнішся?"

"Жанюся, Іван Маісаравіч".

"Ну што ж, не супярэчу... Можа, нават i зайду..."

A ці не гэтага вось рыжага прасіў мой знаёмы? ЦІ не быў ён i сёння на дармовай чарцы?..

І яшчэ адно пытанне: а што, каб такому даць паласатую будку i алебарду? Здаецца, было б да твару.

1957

ЗАГАДКА

Напярэдадні вайны хлопец з Дона стаяў дазорам на Бугу. Пасля, пад націскам ворага, ён адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому i палону. Уцёк з-за калючага дроту i прыпыніўся ў самай звычайнай беларускай вёсцы. Небагатыя ціхія людзі, з якіх i ён нядаўна пасмейваўся: "Бульба дробненькая, але многа!.." Яны накармілі яго i прыгрэлі. Разам з імі ён узяў неўзабаве вінтоўку, стаў партызанам. Разам з імі рабіў ён тое, што — збоку відней — i Радзіма, i ўвесь прагрэсіўны свет пачалі пасля называць гераізмам. Тут на гарачую кроў яго раны лягла халаднаватая чысціня палатна. "Кужэльненькага", як гаварыла беларуская маці, нястомная работніца, што плакала над ім. Замест ягонай — богведама, ці жывой? — мамані ў далёкай, таксама дзесьці зганьбаванай фашыстамі станіцы... Тут ён адчуў каханне — наша дзяўчына палюбіла яго, пайшла з ім з роднае хаты ў сцюдзёную пушчу...

Пасля — перамога! I ён не вярнуўся дахаты, на Дон. Хлопец нібы толькі цяпер заўважыў, як ён прырос да гэтай слаўнай лясной старонкі, як пасябраваў з людзьмі, якія памаглі яму выканаць святы абавязак савецкага чалавека. Вось ужо трынаццаць год узапар ездзіць ён у госці на ўсход, да роднага берага, да родных душ, i вяртаецца адтуль у Беларусь з тым самым дзіўным пачуццём — з дому едзе дадому, з радзімы цягне яго на радзіму... Дзве ix стала, ці што?..

1957

КАРАВАЙ

Мядзельшчына. Жніво. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся "Масквіч". Тры дачныя мужы, што вярнуліся з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваей кампаніяй — закурваюць, стоячы каля машыны.

Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолах, бабскі гвалт. Курцы хацелі кінуцца туды, як на пажар, але тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны гол ас:

— Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..

Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск...

Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.

Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе. Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой "Масквіч" i зачыніцца. Жанкі абляпілі машыну з усіх бакоў, пачалі выманьваць пасажыраў выйсці.

— Тэмпературу пагляджу! — крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.

— Дабром просім — выходзь! — крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.

— Бабкі, ану — перакінем! — прыйшла нарэшце шчаслівая думка.

І бабкі сталі пераварочваць "Масквіч". Магло б, вядома, i такое здарыцца, але ж яны паляпіліся з усіх бакоў, пяліся, галёкалі наўвесь свет, а машына толькі нрьшаднімалася, як жук, які лянуецца ўзлятаць. І бабкі спакваля ашляхлі. Яны пастукалі кулакамі па шыбах, па кузаве — каб ты лопнуў! — "доктарка" пагразіла ў акно:

— Ну, гады, ваша шчасце!..

I вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам, падалася па вуліцы далей.

Зноў адчынілася акно, i дзед, што папярэджваў дачнікаў, растлумачыў:

— Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася Хрыпунова ў нядзелю замуж ідзе. Тая, што ў крайняй ад пошты хаце. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны маюць права на ўсё. Могуць мужчинам рабіць, што захочуць. І порткі з вас, выбачайце, цягнулі б, i крапівы туды напхалі б, i пяску насыпалі б!.. Абычай. Банда. Мужчины нашы ўсе — хто куды!..

ЗНОЎ ДОМА

Здаецца, упершыню адчуваў сябе так радасна i лёгка тут... хачу сказаць — дома, бо ў родных мясцінах, пра якія мне хочацца пісаць, пра якія я пачынаю думаць — абы ўзяўся за пяро. Няма ўжо тут таго ныцця, як раней, як быццам ужо цалкам закончыўся працэс сацыялізацыі вёскі, людзі прывыклі да новага, кажучы мовай Талстога — усё перавярнулася i легла на сваё месца. Гавораць землякі адкрыта, калюча, але не варожа. Як быццам закончился ўжо, завершаны першы этап барацьбы за хлеб. Цяпер няма тут яго, кажуць, толькі ў гультаёў. Пачынаецца новы, ужо не першы этап барацьбы за культуру. Плануюцца ды будуюцца клубы, школы, дарогі...





Адно, калі ласка, без лакіроўкі! За культуру ў нас трэба нарэшце пачынаць змагацца пасапраўднаму, трэба нават біць у званы!..

Найбольш, здаецца часамі, актуальная праблема ў многіх — "дзе дастаць дражджэй?". Самагонка, "Сталічная", нават каньяк. П'юць вельмі многа.

У мястэчку перад "забягалаўкай" наглядаў сварку настаўніцкай пары.

Ен, п'яны, яшчэ ўсё рваўся да чаркі i груба лаяўся — прывычна ўжо, нават здаволены сабой.

Яна крычала, як звяглівая баба, выварочваючы "перад усёй грамадскасцю" хатні, сямейны бруд.

А дзве дзяўчынкі, што за чатыры кіламетры прыйшлі сюды па сшыткі, прагна прыглядаліся, прыслухоўваліся да гэтай "педагагічнай дыскусіі"...

Былы падпольшчык, адукаваны, сімпатычны рабацяга, таксама настаўнік, зусім сур'ёзна даводзіў мне, што алкаголь... карысны.

У старшыні калгаса, перадавога, раструбленага на ўвесь свет, нос сіні i ў цяпле. Прыкмета сімвала веры.

Спіс гэты можна прадоўжыць, хапіла б толькі ахвоты.

Трэба штосьці рабіць!.. А я яшчэ думаю: ці варта даць месца гэтай балючай i вельмі сучаснай праблеме ў артыкуле, які мяне прасілі напісаць пра новае ў вёсцы...

Як здорава мы прывучаны загладжваць!..

1957

АСТРАВОК

На хутары, дзе садок, i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду ca студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіў летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскву — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хусту.

Увечары "дурань" зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў аберуч — як карону.

— Куды ты, Іване? — пытаецца цярплівая i ціхая жанчына — маці.

— У кіно.

— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

— А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, i сястра-школьніца, i дзед.

Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. І вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту.

— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: "Дзеду, лявей! Дзеду, правей!.."

Дзед есць зацірку толькі з хлебам i злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:

— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..

Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — i пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі "ўзяў" трошкі не літар i нават яшчэ "барыню" паскакаў. Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі наверх па два шасціпудовыя мяхі зараз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве i памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.