Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 58 из 61

У Міхайлаўскім я быў у жніўні шэсцьдзесят другога, праездам з Эстоніі, з жонкай i дочкамі, школьніцамі старэйшых класаў. Даехалі мы туды пад вечар, з цяжкасцю ўладкаваліся на начлег у турысцкай палатцы ў недалёкім Трыгорскім. Міхайлаўскае з яго своеасабліва, па-пушкінску блізкімі ды маляўнічымі аколіцамі аглядалі мы раннім ранкам, a ў дом Аляксандра Сяргеевіча ўдалося без пары пранікнуць трохі злачынным спосабам. Нам конча трэба было вярнуцца ў Мінск у той дзень, ды ria магчымасці як найраней, мы не маглі чакаць да адкрыцця музея. Пажылая прыбіральшчыца, уласкаўленая сціплымі рублёўкамі, упусціла нас у пакоі, якія якраз асвяжала, i мы асцярожненька, ціхенька пахадзілі ў тым ясным, раннесонечным храме, кожны ca сваім Пушкіным у душы.

Калі б у мяне было цяпер крыху больш часу, я ахвотна завёўся б на любае хваляванне, расказаў бы i пра адчутае ў чэхаўскіх дамах-музеях у Маскве, у Таганрогу, у Ялце, у лермантаўскім казачым доміку ў Пяцігорску, у палтаўскім доме-музеі Уладзіміра Караленкі, ніжагародскім Максіма Горкага, старакрымскім Аляксандра Грына, уладзівастоцкім Уладзіміра Арсеньева...

Мне шанцавала ў жыцці на сяброўства з выдатнымі людзьмі, у тым ліку з пісьменнікамі, значна старэйшымі за мяне. Пачаўшы з Валянціна Булгакава, я мог бы назваць i другіх, ды не толькі рускіх.

Тут прыгадаю завалены чысцюткім снегам Галасіеўскі лес пад Кіевам, пустыя пакоі закрытага на рамонт дома-музея Максіма Тадэевіча Рыльскага, з якім я рады быў сустракацца i на Украіне, i ў Беларусі, i ў Маскве i зрэдку перапісвацца ды абменьвацца новымі кнігамі. У дом ягоны, дзе я бываў i ў дамузейны час, той сакавіцкай раніцай восемдзесят чацвёртага года мы завіталі ўдвух з маім чэшскім сябрам Вацлавам Жыдліцкім, выдатным навукоўцам i слаўным таварышам, што так нямала зрабіў для творчых сувязей Чэхаславаччыны з Украінай i з Беларуссю як перакладчык i папулярызатар нашых літаратур. З сынам Рыльскага, Багданам Максімавічам, руплівым i талковым ахоўнікам бацькавай багатай літаратурнай i навуковай спадчыны, мы правялі там у гутарцы нямала шчаслівых хвілін.

A колькі высокіх пачуццяў перажыта ў музеях Тараса Шаўчэнкі,— у Кіеве, на гары Чарнечай у Каневе, у канадскім Палерма над морападобным возерам Антарыё,— у львоўскім музеі Івана Франко, у днепрапятроўскім Дзмітра Яварніцкага!..

Наша канферэнцыя названа «першай міжнароднай», i гэта хораша. Прыемна бачыць тут нашых рускіх i ўкраінскіх гасцей, з цікавасцю слухаць ix выступленні.

Аднак жа толькі такой міжнароднасці ў нас яўна малавата.

Гаворачы гэта, я думаю пра дамы-музеі i Яна Райніса ў Юрмале, i Антанаса Венуоліса ў Анікшчай, i Уладзіслава Бранеўскага ў Варшаве, жыва i ўдзячна ўспамінаючы ix, пра літаратурныя музеі Абавяна ў Арменіі, Хаяма ў Таджыкістане, пра Веймар Гётэ, Абленгорак Сянкевіча, Цэцінье Негаша, Калофер Боцева, пра святыні Слова ў тых іншых краінах, дзе мне пашчасціла пабываць.

Думаю я, вядома ж, i пра сваё роднае.

Пра вязынскі дом, дзе нарадзіўся Янка Купала, пра яго мінскі музей, да арганізацыі якога я меў гонар пэўным чынам далучыцца, працуючы там улетку сорак пятага года пад кіраўніцтвам энергічнай ды чалавечнай цёткі Уладзі, а пасля, на працягу ўжо i многіх гадоў, ахвотна бываць у ім, сустракацца з яго наведвальнікамі розных узростаў.

Дом-музей Коласа. Дзядзьку Якуба я светла памятаю жывым-здаровым, паважаным ды абаяльным у сваёй народнай прастаце гаспадаром таго гасціннага дома каля Акадэміі навук, які таксама даўно ўжо стаў домам-музеем. З Данілам Канстанцінавічам, старэйшым сынам народнага песняра, арганізатарам i першым дырэктарам дома-музея, добрым другам беларускіх пісьменнікаў, i маім у ix ліку, неаднойчы прыемна было наведваць Акінчыцы, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну, у якіх вы, дарагія нашы госці, будзеце мець прыемнасць пабываць, парадавацца залатою восенню коласаўскага Наднямоння, адкуль пайшла ў свет яго паэзія.

Пабываеце вы i ў Цімкавічах, роднай вёсцы нашага выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага, на адкрыцці яго музея.

Шкада, што планам вашай работы на гэты раз не прадугледжана наведанне дамоў-музеяў нашых славутых землякоў у іхніх родных мясцінах — Адама Міцкевіча ў Наваградку i Элізы Ажэшкі ў Гродне.

А ёсць жа ў нас яшчэ i вёска Дастоева на Берасцейшчыне, a ў ёй пакуль што сціплы літаратурнакраязнаўчы музей, дзе па-зямляцку шчыра шануецца памяць Дастаеўскага.

Кожны з нас мае права на нейкія асабістыя няшкодныя дзівацтвы. Я, напрыклад, не вельмі люблю хадзіць на адкрыцці музеяў. Няхай сабе там тады i ўрачыста, але ж i тлумна ды шумна, цяжка i даступіцца да цікавага, i засяродзіцца над ім.

Здарылася так, што на адкрыцці музея Максіма Багдановіча, у якога i я закаханы яшчэ са школьнага маленства, мне з-за хваробы не давялося папрысутнічаць. Затое крыху пазней я меў вялікае задавальненне аглядаць гэты цудоўны храм паэзіі толькі ўдвух з яго маладым паважаным дырэктарам, энтузіястам i знаўцам свае справы Алесем Бяляцкім, якому хочацца яшчэ раз ды прылюдна падзякаваць за тое свята. Калі, між іншым, у высокім суме прыгадваліся неаднаразовыя наведванні Максімавай магілы ў Ялце i таго белага дома ля сіняй бухты, дзе так заўчасна i трагічна абарвалася вялікае жыццё.

Добрае слова хочацца сказаць i пра нашых гасцінных гаспадароў, супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускай літаратуры, стараннем якіх гэты нядаўна створаны музей i так ужо багата, прыгожа наладжаны, а будзе яшчэ багацейшы, чаго яму хочацца ад душы пажадаць. I сказаць таксама дзякуй за добрую ініцыятыву арганізацыі нашай канферэнцыі.

Наогул, дарагія сябры, як гэта высакародна ды сімвалічна, што ў наш такі нялёгкі час, у бязладдзі, пры катастрафічным збядненні, якому не відно прасвету i канца, у злачыннай пагоні за доўгім доларам, ёсць у нашых краінах людзі, як у народзе здаўна гаворыцца — «з Богам у сэрцы», якія не забываюцца пра разумнае, добрае, вечнае, пра актыўную, самаахвярную службу яму, у чым я жадаю ўсім нам як найбольшых поспехаў.

ЗНАК НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ [40]

Так яно было i будзе, заўсёды i ўсюды, што самае першае слова ў кожнага чалавека, на якой мове яно ні гучала б, па сутнасці аднолькава змястоўнае i сардэчнае — мама. З ім мы, людзі, уваходзім у жыццё. A многія з гэтым словам i адыходзяць,— хто ў пакутах хатняй ці бальнічнай немачы, а хто на полі бітвы, калі паспее падумаць яго ці сказаць.

I гэта не проста слабасць, гэта малітва — на дапамогу.

Волат сусветнай літаратуры Леў Талстой у глыбокай старасці, як сведчаць яго запісы, маліўся сваёй маці, нібы дзіця, называючы милой маменькой тую, якое зусім не памятаў, да якое не звяртаўся з першым словам, асірацеўшы ў немаўлячым узросце, ведаючы яе толькі па расказах старэйшых ды па адзінай сямейнай рэліквіі, мініяцюрным сілуэце.

Алесю Адамовічу, нашаму незабыўнаму Сашу, у жыцці пашчасціла перш за ўсё тым, што ў яго была цудоўная маці. Праўда, i ён быў добрым сынам,— i я гэта бачыў, i я гэта ведаю. I ён, Алесь, не толькі як чалавек у жыццё, але i як пісьменнік у літаратуру ўваходзіў з гэтым непараўнальным словам. Ён i гаварыў сябрам, у тым ліку i мне, i пісаў, што пісьменнікам зрабіла яго маці, што першыя яго творы, раманы «Вайна пад стрэхамі» i «Сыны ідуць у бой», раней чым былі напісаны ім, былі перажыты, створаны ёю, яе жыццёвым подзвігам, а яму ўжо трэба было гэта запісаць.

Многія з прысутных тут памятаюць апошні шлях Ганны Мітрафанаўны. I я таксама бачыў, як урачыста-жалобнае шэсце спынілася каля глушанскай аптэкі, гаспадыняй якое Яна была ў гады падпольнай барацьбы, як каля гэтага сціплага будыначка, аднаго з пунктаў апоры ўсенароднага супраціўлення фашызму, былыя партызаны, што неслі дамавіну, паднялі яе на ўзнятых руках i так трымалі некалькі малітоўна ціхіх мінут. Хвалюючы момант нашай гісторыі.

За гады сяброўства з Алесем я даволі часта бачыўся, гаварыў з яго мамай, быў сведкам яе апошніх пакутаў. I вось ужо семнадцати год у маёй памяці жыве светлы вобраз гэтай жанчыны — разумнай i мужнай, па-народнаму няпроста простай, шчыра, спагадліва ўсмешлівай, справядлівай i добрай.