Страница 10 из 13
* * *
Бог, прырода, лёс — занадта часта ўжываюцца як сiнонiмы, а насамрэч такiмi не з’яўляюцца.
* * *
Наколькi лёгка здрадзiць, настолькi ж цяжка дараваць здраду, калi наогул магчыма яе дараваць, бо ўсё часцей пераконваюся, што прэрагатыва даравання належыць Богу.
* * *
Сутыкнуўшыся з тэкстамi Латрэамона, можна падумаць: чалавек спазнаў усёмагутнасць Усявышняга дзеля таго, каб абвiнавацiць Бога ў насланнi бядот, катастроф, стыхiй i паморкаў.
* * *
"Мы не маем права задаваць Творцу нiякiх пытанняў". Сцiпла сцвярджае Латрэамон, нiбыта нiколi i не паўставаў супраць Усявышняга. I ўсё ж у гэтым сказе тоiцца ненатольная прага задаць Богу пытанне. Хоць бы адно. Напрыклад, я запытаўся б у Творцы: "Нашто?"
* * *
Шмат разоў задаваў сабе адно i тое пытанне... Чаму люблю прагулянкi па могiлках? Пакуль не прачытаў у Альберта Савiнiа, што Еўропа — гэта магiла Бога.
* * *
Вы смяротныя. Нашто вам думаць пра багоў?.. Пытаецца ўзрушаны кiнiк Дэманакт. А я i думаю пра смяротнасць багоў.
* * *
Быку падабаецца бык, аслу — асёл, свiннi — свiння... Чуеш у Эпiхарма. Можа, таму, спрабуючы ўявiць Бога, ты малюеш чалавека? А можа, Бог, ведаючы абмежаванасць i слабасцi твае, з’яўляўся ў вобразе любiмым i зразумелым? Нашто Усёмагутны патурае слабаму? Адкажа паэт Эпiхарм... Быку падабаецца бык!
* * *
Заўважаеш — узненавiдзеў свет: гэта — блага, тут — кепска, паўсюль цёмна, людзi — ворагi, няздары, пачвары. Жывеш бязмэтна. Сцюдзёныя проймы свiшчуць памiж брудных будынкаў, шархацяць пакамечанымi газетамi. Пад чаравiкамi плюхае раскiслы снег. Насустрач сунецца чырванапысае стварэнне з сiнiм носам ды слязлiвымi вочкамi. Дзякуй табе, Божа, што не даў мне такога твару! — думаеш ты. Вось i палёгка.
* * *
У старажытных беларусаў iснавала павер’е, што трэба палюбiцца са сваёй жонкай на вясновым засеяным полi, каб Бог даў добры ўраджай. Вельмi часта жанчына раскiдала мужчынскае семя па палетку i пры гэтым прыгаворвала: "Божа! Урадзi мой хлеб! Выйдзi колас з зямлi высокi i прыгожы!"
* * *
Чуткi — найкаштоўнейшы матэрыял, з якога ўтвараюцца мiфы.
* * *
У мроях лунае зародак хiмеры.
* * *
Юда — найвыдатнейшы драматычны актор у хрысцiянскiм свеце.
* * *
Прывiды нараджаюцца ў люстэрках.
* * *
Можна не сумнявацца, што электрычнасць i сродкi масавай iнфармацыi вынайшаў д’ябал.
* * *
Падтрымка прыходзiць да таго, хто яе заслужыў; на такiх сафiзмах i будуюцца ўлада, прыгнёт i рабства.
* * *
Канфуцый раiў шанаваць дэманаў i духаў, але не заклiкаў наблiжацца да iх. Толькi дэманы i духi, пабачыўшы пашану, самi могуць наблiзiцца, каб выказаць хоць бы i ўдзячнасць.
* * *
На руiнах iмперыяў скачуць мiфалагiчныя героi.
* * *
Найгоршы вораг той, хто цябе прынiжае.
* * *
Iлжывы чалавек iмкнецца кампенсаваць уласную лiслiвасць i прынiжанасць квяцiстай iронiяй i пыхлiвай фанабэрыяй.
* * *
Заўсёды думаў, што гандаль — мастацтва падманваць. У Вавенарга больш ёмiста... Гандаль — школа падману. Не навука, не мастацтва, а менавiта школа.
* * *
Мастацтва падабацца — гэта ўменне падманваць. Так-так, спадар Вавенарг. Гэта, бясспрэчна, першы ўрок у школе падману, якая завецца гандлем.
* * *
Безгустоўнасць вынiкае з хлуснi.
* * *
Калi ўспрымаеш падман як уласную няспраўджаную надзею, робiцца лягчэй.
* * *
Самыя непатрэбныя рэчы ў кватэры — падарункi.
* * *
Ашуканца пазнаеш па сур’ёзным твары.
* * *
Гэта хлусня, што можна карыстацца чужымi поглядамi.
* * *
Хiтрасць — кволая форма падману.
* * *
Хлусня — вось мова, зразумелая ўсiм народам, на ўсiх нарадах i ва ўсе часы.
* * *
Калi ашукваеш дарослага, перажываеш менш, чым падмануўшы дзiця, бо да дзiцяцi ставiшся досыць сумленна, амаль як да самога сябе. Падманутага заўсёды шкада.
* * *
У сораму колер ружовы, а ў спалоху — белы.
* * *
Сорам — тое зерне, з якога можа вырасцi абурэнне; тады замест ружовага ўбачыш пунсовы твар, i не дай Бог прысутнiчаць пры гэтым пераўтварэннi i бачыць вочы ворага, налiтыя крывёю.
* * *
Сорам — вонкавая, несвядомая праява сумленнасцi.
* * *
Не варта i спадзявацца, што нiхто не ўбачыць, як за нетактоўнасцю ты хаваеш сорам.
* * *
Каб спынiць баязлiўца, часам дастаткова спытацца: "Дзе твой сорам?"
* * *
Шмат сваiх апавяданняў я напiсаў дзякуючы фотакарткам: углядаўся ў твары людзей, якiх даўным-даўно нямашака на белым свеце; яны ажывалi i цiха расказвалi пра свае лёсы, а я запiсваў.
* * *
Разглядаеш свае здымкi дый думаеш... Вось памру, i палецiце вы ўсе ў сметнiцу, ой палецiце.
* * *
Жыццё — аднаразовы шпрыц.
* * *
Пабытовыя дробязi ствараюць вялiкiя жыццёвыя праблемы.
* * *
Нiкога не чапаеш, каб толькi не краналi цябе. Не атрымлiваецца. Лезуць i лезуць, нiбыта хочуць табе дапамагчы жыць.
* * *
Першапрычына смерцi — нараджэнне.
* * *
За смяротнае пакаранне галасуюць баязлiўцы, а такiх у грамадстве большасць. Таму смяротную кару трэба адмяняць валявым рашэннем — такiм, як вяршыцца суд.
* * *
Адмянiць смяротнае пакаранне значна лягчэй, чым забаранiць права асобы на самагубства.
* * *
Воблака — форма, у якую варта ўвасобiцца пасля смерцi.
* * *
Якое несусветнае глупства гавораць i пiшуць пра цябе пры жыццi, а якую бязглуздзiцу навярзуць пасля смерцi! Дык цi варта задумвацца пра пасмяротны лёс?
* * *
Шлях у царства мёртвых аднолькава кароткi з любой кропкi зямлi.
* * *
Смерць любiць праехацца на машыне "хуткай дапамогi".
* * *
Калi ў халасцяка памiрае мацi, ён робiцца ўдаўцом.
* * *
Смерць, як лекар, ходзiць у белым халаце.
* * *
Могiлкi — склад старых макiнтошаў.
* * *
Не шчыруй за жалобным сталом.
* * *
Не спадзявайся, што ведаеш, па якой сцежцы да цябе прыйдзе смерць.
* * *
Не давярай тым, хто з лёгкiм сэрцам разважае пра смерць.
* * *
Паводзiць сябе так, нiбыта ты несмяротны, — такое ж глупства, як панiкаваць ад думкi пра немiнучы скон.
* * *
Памiж радзiльняю i могiлкамi няма анiякай рознiцы, гавораць самагубцы.
* * *
Апiсаннi смерцi збольшага наiўныя, як апiсаннi несмяротнасцi i бясконцасцi.
* * *
Нябожчыкаў трэба выкiдаць хутчэй, чым гной... Гаворыць Гераклiт. Пярэчыць не варта. Трэба апекавацца ўласным целам не толькi пры жыццi, але i пасля яго. Варта ўслухацца ў беларускае параўнанне — прыгожы, як труна.
* * *
Адважыцца на самагубства можа самы здаровы i вясёлы чалавек, калi цяжар пакут або немiнучая бяда пераважаць жах смерцi... Убачыш у Шапенгаўэра, i ўзнiкае пытанне. Цi зможаш ты адолець жах смерцi? Вядома! Раней цi пазней, а ўсе там будзем.
* * *
Выбачай, а ты нiколi не заўважаў, што ў прозвiшчы "Шапенгаўэр" хаваецца "Шапэн"?
* * *
Да смерцi бацькоў не падрыхтуешся.
* * *
Nil admirari — анiчому не здзiўляйся! Вось лозунг, пад якiм лёгка памiраць.
* * *
Дзень, калi прачытаў кнiгу, лепшы за дзень, калi пачаў чытаць кнiгу.Так i дзень смерцi лепшы за дзень нараджэння.
* * *
Развагi пра смерць хвалююць не меней за размовы пра эротыку.
* * *
Жаданне дакрануцца да смерцi — надзвычай вялiкае, яно нагадвае намер дзiцяцi лiзнуць намерзлы на лютым марозе блiскучы метал дзвярное ручкi.