Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 13



* * *

Спытай мяне, што больш за ўсё на свеце не любяць прыгожыя жанчыны... Уласны фотаздымак у пашпарце.

* * *

Узнаўленне — нязменная ўмова нашага iснавання... Жанчына адчувае гэтую iсцiну лепей за мужчыну.

* * *

У класiкаў фiласофii, у Вавенарга ў тым лiку, здзiўляе хваравiтая неабыякавасць да жанчын.

* * *

Ёсць жанчыны, у якiх iнтымныя гульнi выклiкаюць смех. Зрэшты, гэта не так i мала.

* * *

Павабна глядзiцца жанчына на сiнiх прасцiнах, цела — жывое золата. Наогул, еўрапейскiм жанчынам больш пасуе цёмная бялiзна, а вось азiяцкiм — светлыя драпiроўкi.

* * *

Калi стамiўся, а жанчына пад табою возьме i пазяхне, так i закарцiць яе ўдарыць.

* * *

Што можа быць горш, чым застацца сам-насам з непрыгожай i неразумнай жанчынаю?

* * *

Куды нi глянеш — паўсюль толькi горш. Узрост. Няма таго, што раней было. Пацiху старышся. Але ёсць момант... Усё больш i больш навокал прыгожых, жаданых, павабных жанчын.

* * *

Непрыгожыя дзявулi, якiя са скуры лезуць, каб толькi спадабацца прадстаўнiкам супрацьлеглага полу, робяцца падобнымi да жабрачак, што выпрошваюць грошы каля гастраномаў. Дзiўна, але ў адных i ў другiх атрымлiваецца дамагчыся свайго, праўда, па драбязе.

* * *

Жанчына паядае мужчыну. Ратунак у апошняга адзiн — уцёкi.

* * *

Рэўнасць вынайшлi брыдкiя жанчыны.

* * *

Пажадаю творам Вавенарга яшчэ i такое... Хай творы выбiтнага маралiста прачытае эмансiпаваная злосная сучка.

* * *

Убачыўшы жанчын, што задушылiся на алiўкавым дрэве, Дыяген Сiнопскi прабрахаў: "Вось каб на ўсiх дрэвах такiя плады!" У наш час эмансiпацыi гэткую экспрэсiю паводзiн пераўзысцi немагчыма, хiба што нейкая спаднiца праверашчыць падобнае пра мужчын.

* * *

Дзеля каго падмалёўвае бровы жонка сляпога?.. Пытаецца Томас Фулер. Дзеля таго самага Дона Жуана, дзеля якога спявае жонка глухога.

* * *

Мужчына i жанчына — вечны двубой. Каханне працягваецца, пакуль няма пераможцы, пакуль адзiн не выказаўся цалкам i нешта не дагаворваецца, пакуль iснуе таямнiца... А калi нарэшце адзiн прайграў, а другi не паказаў выгляду, што выйграў, i пачаў тактоўна падтрымлiваць слабейшага, тады ўзнiкае сям’я.

* * *

Шмат хто сумняваецца, а многiя сцвярджаюць адваротнае, але прорву можна пераскочыць толькi за два скачкi, першы з якiх мусiць зрабiць мужчына, а другi — жанчына.

* * *

Канспiрацыю распрацавалi жонкi, якiя здраджвалi мужу.

* * *

Мы хаваем бацькоў значна раней, чым яны памiраюць.

* * *

Люблю Вавенарга яшчэ i за тое, што ягоныя "Фрагменты" i "Афарызмы" чытаў i цытаваў мой бацька.

* * *

Як пазбегнуць найвялiкшай страты — смерцi мацi? Пайсцi з жыцця раней! Нашто было пытацца?

Бог — God

* * *

Неiстотна, як ты патрапiў у сабор: праз чорны ход цi праз парадную браму, галоўнае — ты ў саборы.

* * *

Самастойнасць патрабуе ўпэўненасцi, а залежнасць — веры.

* * *

Той, хто верыць у тэхнiчны прагрэс, павiнен памятаць, што пры дапамозе сродкаў вытворчасцi, самых розных машын i механiзмаў, адзiн чалавек зрабiў з другога раба.

* * *

Давер пераходзiць у залежнасць.

* * *

Асноўная загана тырана — вера ў сябе.

* * *

Вера — гэта не суцяшэнне, а паводзiны, у якiх ёсць месца i суцяшэнню.

* * *

Шкадую, што не маю поўнай веры. Нават смерць не пераконвае, а яшчэ больш раздражняе фантазiю i спараджае сумневы.

* * *

Як сяброўства зазвычай пачынаецца са сваркi, так i вера бярэ выток з блюзнерства.



* * *

Знявага чужых багоў не дадае веры ў свайго Бога.

* * *

У манахаў, мусiбыць, добры абутак, бо шлях да Бога доўгi i пакручасты. Не варта мяне папракаць за iранiчныя ноткi. Манахi — гэта людзi, што iдуць да Бога не праз вучэнне, а праз матэрыю. Манах — цялеснае ўвасабленне веры.

* * *

Верыш, спадзяешся на Страшны суд — i ўсё дзеля таго, каб на iмгненне ўваскрэснуць.

* * *

Грэшнiкi збiраюцца ў царкве. Не верыш? Учынi кепскае, прызнайся, i табе абавязкова параяць наведаць царкву...

* * *

Вера ў Бога неразумных шукае апiрышча ў заганным жаданнi быць лепшымi за iншых, хоць дастаткова быць iншымi.

* * *

Ты баiшся адзiноты прыблiзна так, як i смерцi. Твая вера ў жыццё пасля смерцi нагадвае спадзяваннi лiтаратара, якi думае, што ягоныя творы калi-небудзь дый прачытаюцца.

* * *

Калi паверыш у няспыннасць змен, давядзецца прыняць i памылковасць любога вынiку, бо ён не зможа быць канчатковым.

* * *

Недаацэньваць сектар рэлiгii нельга. Змагар з адной канфесiяй абавязкова патрапiць у лагер iншай. Так хрысцiяне змагаюцца з iудзеямi, iудзеi — з мусульманамi, мусульмане — з хрысцiянамi... Атэiзм — таксама адна з формаў рэлiгiйнай думкi, пабудаванай на доказах ад процiлеглага.

* * *

Хто скажа, што першаснае: рэлiгiя цi атэiзм?

* * *

Прызнаць iснаванне разумнейшага за сябе цалкам нармальна. А вось падпарадкоўвацца разумнейшаму, не ведаючы яго, — глупства несусветнае. Большасць вернiкаў якраз i падпарадкоўваецца, толькi не разумнейшаму, а — хiтрэйшаму, i не Богу, а — папу.

* * *

Каб развеяць маркоту, учыняюць шмат грахоў, а галоўны з iх — занатоўванне рэвалюцыйных ды атэiстычных думак.

* * *

Блюзнерства — салодкiм голасам святара нашэптваць пра пекла.

* * *

Каму не трэба саступаць, дык гэта царкоўнiкам i жанчынам. А ты ўвесь час саступаеш, асаблiва апошнiм. Сцеражыся, бо ўсё больш i больш трапляюцца на шляху царкоўнiкi i жанчыны ў адной асобе.

* * *

Не кажы прылюдна, што табе кепска, нясцерпна, гнюсна... Толькi Усявышнi ведае, як можа быць горка.

* * *

Жах перад ззяннем Бога — пачатак мудрасцi, страх перад д’яблам — пачатак разбурэння, вар’яцтва i гвалту.

* * *

Саборы — амбасады Бога.

* * *

Снедаў i мераў тэмпературу. Цi не захварэў? У чалавека норма вядомая — 36,6 °С.У д’ябла яна, напэўна, iншая, можна дапусцiць, што — 66,6 °С (бо лiчба ягоная — 666). Калi пабудаваць простую сiметрыю, паставiўшы чалавека памiж дабром i злом, дык тэмпература Бога наблiзiцца да 0 i будзе 6,6° паводле Цэльсiя... Паснедаўшы, я зазначыў на градуснiку норму — 36,6 °С. Значыць, iзноў лёгкая прастуда i ператомленасць.

* * *

Заўважыў, што большасць вернiкаў думаюць пра Бога як пра вялiкага кiраўнiка, якi можа выпiсаць ордэр на жылплошчу ў Раi. О, каб жа так i было насамрэч!

* * *

"Бойся Бога!" — гаворыць i той, хто пажадаў уладарыць над табою.

* * *

Цяжка ўявiць, як абрыдлi Богу людзi са сваiмi просьбамi.

* * *

З д’яблам можна пагаварыць, паспрачацца, пажартаваць... Перад Богам варта маўчаць i слухаць.

* * *

Пiшу "Бог" з вялiкай лiтары яшчэ i таму, што вельмi люблю вялiкiя лiтары.

* * *

Чалавек, якi сядзiць на валiзе, заўсёды нагадвае мне пра Хрыста ў пустэльнi.

* * *

Бог — гэта прадчуванне катастрофы.

* * *

У мiнорныя хвiлiны пачынае здавацца, што сустрэча з д’яблам — такая ж недасягальная рэч, як i сустрэча з Богам.

* * *

Той, хто выказвае нянавiсць да Бога, не абавязкова атрымае д’яблавы ўзнагароды.

* * *

Развагi пра Бога — гэта, збольшага, размовы пра iдэальны парадак.

* * *

Калi адчуеш уласную разумовую абмежаванасць, ведай: няма iншага выйсця, апрача як вызначыць канфесiйную прыналежнасць продкаў, прыйсцi ў храм i звярнуцца да Бога.