Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 31



Газавiк выйшаў з пакоя ўвесь чырвоны. Куртку ён зашпiляў на хаду. Дзверы засталiся шырока адчыненыя. Стажор убачыў жанчыну, што ляжала на стале, шырока раскiнуўшы ногi. Яна глядзела на хлопца i ўсмiхалася. Той сумеўся i не адразу ўцямiў, што жанчына знарок засталася ў такой недвухсэнсоўнай позе.

— Э-эй, — жанчына ўзмахнула рукою. — А ты хiба не хочаш атрымаць свой заробак?

Стажор зрабiў крок, але ўспомнiў, што не зняў чаравiкi, i спынiўся.

— А можа, ты iмпатэнт? — кватэру запоўнiў смех. — Цi ты не хочаш? — жанчына села на стале. — А я вось, была б толькi магчымасць, з ранiцы да самага вечара займалася б толькi сексам!

Стажор, не зняўшы чаравiкi, падышоў да стала i, стоячы, зрабiў тое, чым так хацела займацца жанчына з самай ранiцы i ажно да вечара.

Калi Газавiк са стажорам выйшаў з кватэры, дык закурыў папяросу i сказаў:

— Адразу вiдаць, што ў хаце няма гаспадара.

— Лепш бы мы грошы i вiно ўзялi, — у тон працягнуў стажор.

— Слiмак! — сказаў Газавiк i ўдарыў стажора кулаком у патылiцу.

Частка трэцяя

Два жывапiсцы, калматы i рудабароды, накiроўвалiся да мансарды ў майстэрню з бутэлькай кубiнскага рому "Havana Club", калi сустрэлi Натуршчыцу.

— Вы куды? — спыталася яна.

Мастакi паказалi "Havana Club".

— Я з вамi, — узрадавалася Натуршчыца.

Калi рому ў бутэльцы паменшала недзе напалову, жанчына ўстала i заявiла:

— Хачу танчыць!

Калматы i рудабароды прамаўчалi.

— Буду танчыць аголеная, а вы будзеце мяне жывапiсаць...

Мужчыны нiчога не адказалi.

Натуршчыца зайшла за шырму, дзе распранулася цалкам. Потым выйшла на сярэдзiну пакоя i пачала скакаць. Вялiкае белае цела хвiлiн пяць лётала па майстэрнi, ажно пакуль не заскавытаў дзвярны замок. Жанчына войкнула i заляцела за шырму. Рудабароды адчынiў дзверы. На парозе стаяла суседка:

— Што тут у вас творыцца? Вы што, каня сюды прывалаклi? У мяне жырандоля ледзь-ледзь не абарвалася. А як абарвецца — то ўжо будзеце плацiць. А вы хоць ведаеце, колькi яна каштуе?

Рудабароды сцепануў плячыма.

— Вось-вось, не ведаеце, таму i скачаце. 1200 рублёў яна каштуе! І калi толькi што — давядзецца заплацiць...

— Скакаць больш не будзем, — рудабароды спынiў суседку.

— Я папярэдзiла, каб потым не казалi, што не ведалi. 1200 рублёў!

— Заплацiм! — мастак зачынiў дзверы.

Натуршчыца выйшла з-за шырмы i запрапанавала выпiць. Калматы разлiў па шклянках ром. Натуршчыца выпiла стоячы, паставiла шклянку на стол i села на каленi да рудабародага. Той высока ўзняў поўную шклянку i ўсклiкнуў:

— Карцiна Рэмбранта "Аўтапартрэт з Саскiяй"!

— На Саскiю яна не цягне, як i ты на Рэмбранта, — з'едлiва зазначыў калматы мастак, было вiдаць, што ён пакрыўдзiўся на жанчыну, бо тая села на каленi не да яго.

— Затое ў пана Рэмбранта Харменса ван Рэйна не было... — рудабароды са смакам выпiў свой ром.

— А ў мяне лепшая фiгура, чым у тваёй Саскii. Ты толькi ўспомнi тую карову: жывот вiсiць, грудзi вiсяць i яшчэ складкi тлушчу на спiне.

— Не было ў Саскii нiякiхскладак сала. Ты пераблытала Рэмбранта з Рубенсам, — баранiўся калматы.

— І нiчога я не паблытала. Вялiкi альбом, на супервокладцы партрэт Яна Сiкса, якi нацягвае пальчаткi. Ёсць такi альбом? Ёсць! І яшчэ там быў смешны афорт. Жанчына спраўляе патрэбы. Таўсценная карова, задраўшы спаднiцу, сядзiць на кукiшках i спаражняецца праз дзве адтулiны. Вось табе галандская эстэтыка. Так што не блытаю я Рубенса i Рэмбранта, а складкi тлушчу былi, менавiта ў Саскii.

— Не было, — не здаваўся калматы.

— Дарэчы, лiтовец, якi аблiў кiслатою Саскiю, добра зрабiў, бо ўсе карцiны Рэмбранта антыэстэтычныя, — Натуршчыца пацалавала рудабародага жывапiсца. — Слушна я кажу?

— Слушна, — кiўнуў той.



— Не слушна, — калматы жывапiсец устаў. — Лiтовец аблiў кiслатою не Саскiю, а Данаю, i не па эстэтычных, а па палiтычных матывах.

— Палiтыка, палiтыка, — скрывiлася Натуршчыца. — А чаму тэрарыст выбраў Рэмбранта? Чаму Данаю? Чаму не Тыцыяна цi Рафаэля? Я адкажу сама. Даная — антыэстэтычны твор, як i Саскiя, дарэчы. Што, можа, не так?

Калматы адно толькi махнуў рукою.

— А я хачу танчыць, — узрадавалася аголеная Натуршчыца.

Рудабароды цiха зашаптаў ёй у вуха.

— Ты што, думаеш — я шлюха, — абурылася тая.

— Тады пайшлi за шырму, — спакойна прапанаваў рудабароды.

— Занясi мяне...

Рудабароды панёс жанчыну за шырму. Калматы вылiў рэшткi рому ў шклянку i спустошыў яе адным вялiкiм глытком. З-за шырмы чулася парыпванне канапы. Калматы запалiў цыгарэту. Калi рудабароды жывапiсец выйшаў з-за шырмы, ягоны калега дапальваў ужо трэцюю цыгарэту.

— Ты што, увесь ром выжлукцiў?

— А ты думаў, я буду адно сядзець i слухаць, як вы маркiтуецеся?

— Можаш i ты схадзiць за шырму.

Калматы згасiў недапалак i пайшоў за шырму. Рудабароды ўзняў бутэльку "Havana Club" i паглядзеў на святло. На донцы сабралася грамаў дзесяць — пятнаццаць. Мужчына вытрас рэшткi рому з рыльца проста ў рот.

— Толькi не ў мяне, — пачуўся з-за шырмы голас Натуршчыцы.

Рудабароды прыслухаўся, але ў майстэрнi было цiха. Тады ён устаў, саставiў тры крэслы ў шнур i лёг на iх. І тут цiшыню ўзарваў грукат. Рудабароды ўскочыў са свайго лежбiшча. Шырма ляжала на падлозе. Калматы стаяў на адной назе i нацягваў нагавiцы. Натуршчыца паднялася з канапы i закрычала:

— Гэты iдыёт усё вылiў мне ўсярэдзiну. Я ж сказала, што сягоння спускаць нельга. Скацiна кудлатая...

Калматы засмяяўся:

— Я ад тваёй пяшчоты забыў усё на свеце. І яшчэ я не прывык падманваць свае яйцаклеткi.

Калi жывапiсцы з Натуршчыцай стаялi на тралейбусным прыпынку, дык тая сказала:

— З вас 50 рублёў, па 25 з кожнага, на аборт.

Калматы склаў дулю i паднёс да сур'ёзнага твару Натуршчыцы. Тая размахнулася, каб ударыць нахабнiка па шчацэ, але рудабароды перахапiў агрэсiўную руку.

— Супакойся, заўтра прыйдзеш, i я дам грошы. Ты ж нас ведаеш i любiш. А ён перабраў.

Калматы жывапiсец адышоў на колькi крокаў i гучна сказаў:

— А ў Саскii не было складак тлушчу на спiне.

У Рабаўнiка было хобi — джаз. Ён збiраў фiрмовыя кружэлкi, наведваў канцэрты i нават меў свой уласны iнструмент. Калi да яго прыходзiла жаданне, дык Рабаўнiк браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымi лямпачкамi плыве па начной Мiсiсiпi, i доўга натхнёна iмправiзаваў. Гадзiнамi Рабаўнiк мог заставацца сам-насам з каштоўным iнструментам i ўсяго толькi дзеля ўласнага задавальнення.

На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнiк ездзiў у Маскву.

"Раз у жыццi можна пачуць i ўбачыць Бога", — падумалася Рабаўнiку, калi ён браў квiток на самалёт.

Пасля канцэрта Рабаўнiк палiў на ганку фiлармонii. Побач з iм палiлi дзве маладыя пiянiсткi.

— Ён — Бог! — цiха гаварыла адна. — Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, i кожны настаўнiк лiчыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэнi пра джаз. Але калi слухаеш Бога, усе настаўнiкi робяцца лiлiпутамi...

"Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?" — падумалася Рабаўнiку, i ён сказаў уголас:

— Цалкам з вамi згодны. Ён — Бог! І я не жартую.

Пiянiсткi пераглянулiся, i тая, што казала пра Бога, знiзаўшы вострымi плячыма, спыталася:

— А, зрэшты, хто вы такi?

— Я? — Рабаўнiк зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, i ледзь не назваў сваё сапраўднае iмя, — Раман, я — рэстарацыйны саксафанiст з Гомеля. Правiнцыял, якi мае толькi адну загану, люблю джаз...

Пiянiсткi, было вiдаць па тварах, страцiлi цiкаўнасць да асобы правiнцыяла, але на развiтанне адна з iх, што была ў зялёнай сукнi, вырашыла ўсё ж паставiць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.