Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 31



Адам Глёбус

Дамавікамерон

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Дамавiкамерон — Менск-Vilnia-Biełastok: Выдавецтва, 1994. — 139 с.

Рэдактар: Dubaviec Siarhiej

© Камунікат.org, 2012

Частка першая

Маладая жанчына засталася ў доме адна.

Увечары настойлiва пазванiлi ў дзверы. Жанчына падумала, што прыйшла суседка, i адчынiла. На парозе стаяў незнаёмы барадаты мужчына ў чорным скураным палiто i ў капелюшы, насунутым на вочы. Жанчына памкнулася зачынiць дзверы, але госць спынiў яе выразным жэстам рукi ў блiскучай пальчатцы.

— Хто вы? Што вам трэба? — ледзь чутна прашаптала гаспадыня пустой кватэры.

— Я — Дамавiк. Усё, што ў гэтым доме, належыць мне. Ты таксама належыш мне, — мужчына зайшоў у дом. — Распранайся.

Жанчына скiнула чырвоны з белымi ружамi халат i засталася ў чорнай шаўковай бялiзне.

— Усё здымаць? — спытала яна ў вастраносых ботаў.

— Усё, — прагучала з-пад цёмнага капелюша.

Гаспадыня скiнула бялiзну.

— Павярнiся да мяне спiнаю i нахiлiся.

Жанчына паслухмяна, сама не ведаючы чаму, выконвала загады Дамавiка. Яна павярнулася да яго спiнаю i нахiлiлася. Ён не здымаў нават пальчатак, калi рабiў тое, што людзi звычайна называюць актам.

Акрамя халоднага страху жанчына не адчула нiчога.

Калi маладая жанчына ў чырвоным з белымi ружамi халаце палiла тонкую цыгарэту, яна была ўпэўненая, што Дамавiк — плён яе фантазii.

Жанчына прайшла доўгiм калiдорам i спынiлася каля дзвярэй з шыльдаю "Аддзел кадраў". Пастукала. "Калi ласка", — пачулася з-за абабiтых дэрмацiнам дзвярэй. Зайшла. За сталом сядзеў худы чалавек у "тройцы" i пры гальштуку — Кадравiк.

— Ёсць пытаннi? — ён паправiў вузел на гальштуку.

— Я па аб'яве, што была ў "Вечаровым Мiнску".

— Дакументы?

Жанчына выняла з рыдыкюля пакет i расклала на стале: пашпарт, працоўную кнiжку, стужку фотакартак 3¬4 i заяву, напiсаную круглым почыркам. Кадравiк зiрнуў на дакументы, зазначыў, што карткi няякасныя — у жыццi прыгажэй, устаў i апусцiў шторы на акне. Ён запалiў верхняе святло i доўгiм важкiм ключом замкнуў дзверы. Ключ ён паклаў на высокi размаляваны пад мармур сейф. І толькi тады сказаў:

— Можна.

— Тут? — жанчына агледзела кабiнет.

— Так, — Кадравiк паправiў гальштук.

— Сорамна...

Ён кароткiм ключом адчынiў сейф, дастаў адтуль бутэльку каньяку i чарку.

— Выпiце, калi ласка.

— А вы?

— Служба. Пры выкананнi, скажам так.

Жанчына выпiла каньяк. Распраналася яна павольна i акуратна. Кадравiк зазначыў, што бялiзна зусiм новая. Сарамлiвая жанчына схавала бялiзну пад сукенку, павярнулася да Кадравiка i сказала:

— Сорамна.

— Звыкнеце, — Кадравiк нiколi не гаварыў з жанчынамi на ты, — прайдзiце колькi разоў па кiлiму, я павiнен паглядзець вас, ацанiць, скажам так.

Статная жанчына няспешна пайшла па кiлiму. Кадравiк з прыемнасцю глядзеў на яе вабныя формы i сам сабе зазначыў, што не разумее, чаму такая жанчына павiнна працаваць.

— Можаце апрануцца, — ён апусцiў вочы.

Жанчына бессаромна глядзела на Кадравiка.



— Неабавязкова, — сказаў ён.

— Але я не супраць, — жанчына падышла да Кадравiка i распусцiла вузел ягонага гальштука.

— Вы атрымаеце накiраванне ў лепшую групу.

Натуршчыцай жанчына працавала нядоўга, яна выйшла замуж за выкладчыка тэхнiкi жывапiсу, i той забаранiў ёй працаваць наогул.

Кадравiк працягвае налiваць сарамлiвым жанчынам каньяк.

Легкавая машына афiцыйнага колеру мiнула мост, праехала праз лес, заехала на тэрыторыю закiнутага кляштара, абмiнула званiцу i цагляныя выгбы разбуранага сабора, спынiлася каля паруйнаванага палаца i пасiгналiла.

Праз iмгненне з-за рага з'явiўся хлопец у джутавым строi. Ён адчынiў дзверцы афiцыйнай машыны, з якой выйшлi на някошаную траву дзве маладыя асобы, бландзiнка ды брунетка, а за iмi кiраўнiк.

— Знаёмцеся, выгукнуў кiраўнiк i ўзяў хлопца пад локаць, — Вадзянiк: гаспадар закiнутага, забытага Богам i людзьмi кляштара i святой вады. А гэта — мае брунетка i бландзiнка. Імёны i прозвiшчы яны пакiнулi ў лесе пад мостам.

— Пайшлi да святой вады, — прапанаваў гаспадар закiнутага кляштара.

— Чакай, — кiраўнiк адчынiў багажнiк, дзе хавалася вялiкая кардонная скрыня.

Вадзянiк прыхапiў скрыню, i госцi пайшлi па высокай траве за джутавай спiнаю Вадзянiка.

За палацам, у лагчыне, стаяла на святой крынiцы лазня, збудаваная паводле праекта кiраўнiка. Лазня была падрыхтаваная да ачышчэння цi забруджвання, бо ўсё залежыць ад светапогляду i веравызнання.

Даведка

Кляштар, заснаваны ў ХY стагоддзi на цыганскай святой крынiцы. Некалькi разоў ён пераходзiў ад каталiкоў да праваслаўных i наадварот. Доўгi час у кляштары мясцiўся сiрочы iнтэрнат. У 50-х гадах нашага стагоддзя iнтэрнат перавялi ў райцэнтр i кляштар канчаткова заняпаў. З 80-х на тэрыторыi кляштара жыве мужчына, прозвiшча — Вадзянiк.

Бландзiнка i брунетка распакавалi скрыню, сабралi на стол, распранулiся. Яны пакiнулi на сабе толькi ўпрыгожаннi: бранзалеты, пярсцёнкi, завушнiцы, каралi, кулоны, залатыя ланцугi, крыжы, грабеньчыкi, заколкi...

Калi жанчыны разлiлi па фужэрах густы каньяк, Вадзянiк сказаў:

— Не п'ю.

— Ха-ха, — мовiла аголеная бландзiнка i паправiла бранзалет.

— Хi-хi, — мовiла аголеная брунетка i паправiла пярсцёнак.

— Што праўда, тое праўда. Не п'е, — падсумаваў кiраўнiк.

Госцi выпiлi каньяк.

— Музыка, — сказаў кiраўнiк.

Уключыўся магнiтафон.

Вадзянiк сядзеў у кутку i са смакам еў сакавiтыя скрылiкi кансерваванага гарбуза. Ён еў вiдэльцам са слоiка.

— Горача, — кiраўнiк расшпiлiў верхнi гузiк сваёй афiцыйна-крухмальнай кашулi. — Распранiце мяне.

Жанчыны спрытна распранулi кiраўнiка.

— Танцы, танцы, танцы! — лазню запоўнiлi кiраўнiковыя воплескi.

Жанчыны таленавiта затанчылi на жоўтай падлозе ў сакрэтнай лазнi. Яны спакушальна пагойдвалi клубамi, плаўна выгiналi станы, сарамлiва закрывалi далонямi твары... Кiраўнiк змрочна пiў каньяк з лiмо-нам. А Вадзянiк, абыякавы да падзей, пiў са слоiка гарбузовы марынад.

— Карцiны, — загадаў кiраўнiк.

Жанчыны спынiлiся, абнялiся i старанна пачалi разыгрываць сцэны лесбiянства. Яны амаль натуралёва цалавалiся i пяшчотна лашчылiся, калi Вадзянiк неўпрыкмет знiк са свайго ўтульнага кутка. На крэсле застаўся парожнi слоiк з-пад кансерваванага гарбуза ды вiдэлец у iм.

Дзверы ў лазню засталiся прачыненыя. На вулiцы крулявала лета. Шаравая маланка магла заляцець у лазню i спалiць яе разам з "карцiнамi". Так i здарылася.

На папялiшчы знайшлi вiдэлец, легкавую машыну афiцыйнага колеру знайшлi толькi праз тыдзень на беразе возера Свiцязь, а Вадзянiка дагэтуль небеспадстаўна шукаюць, бо дзверы трэба зачыняць.

Муж спаў, жонка чытала, калi ў дзверы пагрукалi. Яна паспрабавала пабудзiць мужа, але той не прачынаўся, ён спаў мёртвым сном. Пагрукалi зноў. Жонка крадком зiрнула ў дзвярное вочка. На пляцоўцы стаяў i глядзеў на яе Дамавiк. У Дамавiка быў твар добра знаёмага чалавека, чыё iмя яна нiяк не магла прыгадаць. Жанчына ўскрыкнула, але муж так i не прачнуўся.

Дамавiк дастаў з глыбокай кiшэнi свайго скуранога палiто вялiзную манiсту рознакалiберных ключоў, выбраў патрэбныя, адчынiў замкi i зайшоў у перадпакой, дзе сядзела на падлозе перапалоханая жанчына.

— Муж прачнецца, — яна баранiлася, як магла.

— Не прачнецца, ён спiць мёртвым сном, i можаш думаць, што ты ўдава.