Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 31



— Мае.

— Усе?

— Усе.

Эмiгрант памаўчаў, супакоiўся i спытаўся:

— А ты змог бы зрабiць мой партрэт, толькi каб я на iм быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такi, як на "Ратушы" — кароль хiпi. Я далярамi заплачу.

Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмiгранта, успомнiў, што ў таго былi доўгiя, да плеч, валасы, i сказаў:

— Магу.

— Дамовiлiся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым "Мерседэсе". Вядома ж, калi фотамайстра не будзе супраць.

— Буду толькi рады, калi ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.

"Мерседэс" плаўна адкацiўся ад ганка "Глiнтвейнi", на якiм прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала заднi ход. Эмiгрант высунуўся з акна:

— Т-т-толькi не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.

Ён зноў заiкаўся.

У сераду Эмiгрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваiмi новымi сяброўкамi з "Глiнтвейнi".

У чацвер ранiцай ён развiтаўся з бацькамi. Мама плакала. А ўначы Эмiгрант перасек мяжу.

Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысцiянскiм саборы. Касцёл асвятлялi жаўтлявыя лямпачкi. Начны вецер напiнаў тоўсты полiэтылен, якiм былi зацягнуты вокны.

Другi дзень рэстаўратар адпрацаваў адзiн у вялiкай баракальнай пабудове. Ён здымаў копii з фрэсак. Вочы балелi. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але iсцi ў брудны i сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесiўшы ногi, i глядзеў "у нiкуды".

Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзiну касцёла выйшаў атрамантавы кот.

— Кыцы-кыцы-кыцы, — паклiкаў рэстаўратар.

Кот выгнуў шыю. Колка блiснулi вочы.

— Хадзi сюды. Чуеш? Хадзi... пагаворым.

Кот бясшумна наблiзiўся да веснiц i пачаў узбiрацца на другi ярус. Гладкая поўсць цьмяна зiхацела. Калi жывёла падышла зусiм блiзка да рэстаўратара, працягнi руку — схопiш, той сказаў:

— Стой!

Кот скамянеў. Рэстаўратару зрабiлася млосна. Ён захацеў загаварыць i не змог.

— Мга-а-аў, — жывёлiна прагнулася нiбыта каб скокнуць.

— Пай-пайшоў прэ-эч, чорт хвастаты, — рэстаўратар замахнуўся.

Кот падаўся назад, завярнуўся i пайшоў да веснiц. Рэстаўратар неадрыўна сачыў за атрамантавай спiнай, пакуль тая не схавалася за рыштаваннямi.

— Ой, рана на Йвана, — заспяваў рэстаўратар.

Моцны голас запоўнiў саборную прастору.

— На Купалу ночка мала. Ой, рана на Йвана...

Рэстаўратар нечакана абарваў спевы — убачыў, як аблокi, намаляваныя на сцяне, зрушылiся i паплылi скрозь рыштаваннi. Анёл з белаю лiлеяю ў руцэ ўзмахнуў крыламi i плаўна ўзняўся пад купал. Мастак пабачыў ранiшнi краявiд, якi ляжаў за саборам. Тое самае мястэчка, тая самая асмужаная лёгкiм рачным туманам далiна... З неба па белых аблоках iшла жанчына.

"Божая Мацi, — мастак пачуў свой голас. — Гэта — Божая Мацi".

— Слухай, — загаварыла жанчына. — Яны прыйдуць i прагоняць цябе. Яны прагоняць, i ты паслухаешся i сыдзеш. Сыдзеш i вернешся, але яны не адчыняць дзверы. Зноў i зноў ты будзеш вяртацца. Цябе чакаюць.

Жаночая постаць растала ў аблоках.

Рэстаўратар прахапiўся. Бляклыя лямпачкi ледзь асвятлялi напаўразбураны iнтэр'ер сабора Успення Дзевы Марыi.



Праз колькi тыдняў рэстаўратара звольнiлi, бо ў нерабочы час ён пачаў пiсаць пано "Страшны суд", якое выклiкала пратэст у кiраўнiкоў.

Калi рэстаўратар збiраў па рыштаваннях свой рыштунак, дык прыклаў далонь да намаляванага анёлавага пляча — сцяна была цёплая.

Праз год рэстаўратар, якi працаваў маляром, наведаў мястэчка, дзе высiўся былы кармелiцкi сабор Успення Дзевы Марыi. Касцёл быў замкнёны.

Гаварыць пра бачанае чалавек баiцца.

Суседу было гадоў пад восемдзесят, i жыў ён зусiм адзiн. Ягоная аднапакаёўка была паверхам вышэй за нашую. Яшчэ ў яго быў буфет, пэўна, старэйшы за гаспадара. Запомнiлася, як сусед стаяў каля буфета, мусолiў у руцэ тры рублi i гаварыў:

— Яна памерла...

Гэта пра жонку. Я забраў у яго грошы, адлiчыў рэшту i сышоў.

Я прыносiў яму малако i хлеб. Пасля iнсульту ён блага гаварыў i амаль не мог хадзiць. Ад ложка да буфета, ад буфета да прыбiральнi, ад прыбiральнi да ложка, i ўсё з адпачынкамi, усё каля сцяны. А я ў свае дзесяць гадоў выконваў абавязкi перасоўнае крамы.

— Яна памерла, — казаў сусед кожнага разу, калi я перадаваў яму прадукты.

За тое, што хадзiў у краму, я браў з яго пяцьдзесят капеек. Як сусед еў, я нiколi не бачыў. Прадукты заставалiся на буфеце. Мы развiтвалiся. Дзверы ён нiколi не зачыняў, яно i зразумела.

Яшчэ ў мае абавязкi ўваходзiла здаванне пустых бутэлек. Грошы за iх я пакiдаў сабе.

Сусед памёр на кухнi, укленчыў каля буфета i сканаў.

На пахаваннi я плакаў i ўсё не мог адвесцi вачэй ад сiняга вуха нябожчыка.

Як усе з'ехалi на могiлкi, я аднёс у прыёмны пункт сем бутэлек. Атрымаў за iх рубель i пяць капеек. Рубель быў жалезны, пятак таксама блiскучы. Таму i запомнiў, што бутэлек было якраз сем.

Мацi ў мяне добрая. Яна заўсёды суседзям дапамагае, проста так. Яе ўсе любяць i гавораць мне: "Якая ў цябе цудоўная мама". А я зусiм да яе не падобны. Знешне, маю на ўвазе.

Жыў у маiм доме яшчэ адзiн чалавек, якому я насiў бутэлькi. Ягоная кватэра была ў суседнiм пад'ездзе на першым паверсе. Я нярэдка бачыў, як ён вечарамi пiша за сталом пад настольнай лямпаю. Ён быў лiтаратарам. Жыў з мацi i жонкаю. Ягоныя мацi i жонка памерлi ў адзiн год.

"Мацi доўга хварэла, а жонку рак з'еў за месяц", — так гаварылi ў двары.

Лiтаратар сперажываўся i пачаў пiць. Па гарэлку ён пасылаў мяне. Я падыходзiў пад краму i прасiў мужчын, каб узялi мне бутэльку. Я прыносiў гарэлку да лiтаратара, ён садзiў мяне за стол i казаў:

— Яны чакаюць. Жонка i мацi. Павесiцца я не магу. Лепей спiцца. Мне знаёмы фельчар казаў, што, калi мужчына вешаецца, у яго чэлес устае. Я хацеў пра гэта напiсаць, а так i не напiсаў. Трэба пiць. Гэта не самы горшы шлях да iх, можа, не самы кароткi, але не горшы...

Лiтаратар пiў "па-чорнаму".

Ён плацiў мне па рублю за пляшку. Звычайна я прыносiў гарэлку, калi яе не было, браў каньяк. Вiна лiтаратар не пiў.

Пустыя бутэлькi здаваў я. Назбiраецца штук трыццаць — занясу ў прыёмны пункт. Грошы мне.

А памёр ён раптоўна. Сам выклiкаў "хуткую дапамогу". А калi тая прыехала, ён быў ужо нежывы.

"Хавалi яго з пыхаю. Труна ў Палацы прафсаюзаў стаяла, i хор спяваў", — так гаварылi ў двары.

Аднойчы я расказаў сваёй жонцы пра гульню ў перасоўную краму.

— А я i не ведала, што ты ў дзяцiнстве быў такi паганец, — падсумавала яна.

А мне падумалася, што яшчэ паглядзiм, хто здасць бутэлькi пасля вашай смерцi.

У кватэру зайшоў Газавiк са стажорам.

Напярэдаднi яны паставiлi ў гэтай кватэры новую польскую плiту, але ў гаспадынi не знайшлося тады патрэбных грошай, каб разлiчыцца. Яна папрасiла зайсцi праз тыдзень i паабяцала акрамя грошай бутэльку вiна.

Газавiку было гадоў пад сорак, але, як i ўсе людзi сантэхнiчнага занятку, ён меў такi выгляд, што адразу сказаць, колькi яму — 25 цi 50, — было немагчыма. Высокi, але крыху сутулаваты, хударлявы, з цёмным ад алкаголю тварам, ён i ўзiмку i ўлетку насiў цёмна-сiнюю балонневую куртку. У правай руцэ ён трымаў парэпаную, але важкую валiзку з рыштункам. У адрозненне ад кучаравага стажора, Газавiк менш за ўсё паходзiў на Дон Жуана.

Гаспадыня заўсмiхалася i, замест таго каб схадзiць па грошы i вiно, запрасiла Газавiка прайсцi ў пакой. Той скiнуў боты i ў тоўстых ваўняных шкарпэтках пайшоў за жанчынаю. Дзверы за сабой Газавiк не зачынiў.

Стажор пачуў настойлiвы шэпт, потым смех. Калi наступiла цiшыня, ён крадком наблiзiўся да дзвярэй, але ўбачыў толькi пустую частку пакоя. Зазiрнуць ён не наважыўся, затое пачуў шапаценне сукенкi i шорах балонневай курткi. Пра тое, што дзеецца ў нябачнай частцы пакоя, стажор, вядома, здагадаўся. Ён раптам адчуў, як налiваецца гарачынёю твар.