Страница 13 из 31
Я — анархiст. Так, так, менавiта Анархiст. Вы не памылiлiся, але яшчэ раз паўтару з велiзарным задавальненнем i нават па складах — а-нар-хiст. Гэта найлепшае слова, якое ведаю. Яно для мяне як хары-крышна для крышнаiтаў, як рама-рама, як мама-мама для дзяцей. Яно вызначае мяне, i я вызначаю яго. Я — мастак-анархiст. Мой лозунг: "Выбух зменiць свет!". Я працую ў стылi выбух-арт. Ну, напрыклад: збiраю старыя балончыкi з-пад аэразольных фарбаў, раскладаю вогнiшча, закiдваю ў яго балончыкi, чакаю... Выбух! Акт творчасцi, па якiм у мяне застаюцца сведкi — рэшткi ўзарваных балончыкаў. Выбiтна выкананы твор: акт, хэпенiнг, перформанс — усё разам. А каб я быў чалавеканелюбам, дык узрываў бы бомбы, гiнулi б людзi... Але такое не па-мастацку, яно занадта пахне палiтыкай. А палiтыка, асабiста для мяне, патыхае гноем. Натуральна! А чым яна яшчэ можа патыхаць, калi ў вынiку палiтычных акцый з'яўляюцца палi, засланыя нябожчыкамi? А спалiтызаваныя партыйныя творцы пачынаюць апяваць краявiды пасля бiтвы. Гэта ж маральнае калецтва. Вам ясна, я — шызафрэнiк. Маё месца ў псiхiятрычнай лякарнi. А я i не адмаўляю тых фактаў, што быў там, i не адзiн раз. Мастацтва (хай вам i банальна) вымагае ахвяраў. Адна з ахвяраў — наведванне псiхiятра. "Доктар, а калi ўзарваць лякарню?" Псiхiятр усмiхаецца: "Выдатная iдэя ў цябе, Ражковiч. Нашая клiнiка мне абрыдла не менш, чым табе. Давай разам распрацуем план i прызначым дату..." І я думаю, хто з нас большы вар'ят. Толькi ў такiм накiрунку думаць няма сэнсу. Хто больш, хто менш, не вызначаецца, няма шаляў. Усе вар'яты, i хто больш, i хто менш. Але доктар не анархiст, ён... Пакiнем за кадрам. Адзiны добры ўспамiн пра лякарню — я знайшоў там Лабарантку. "І сапраўды, — падумаў, — чаму мне не завесцi Лабарантку?
У доктара вунь колькi памочнiкаў: медсёстры, санiтары, практыканты... А ў мяне хоць бы Лабарантка, а то ж нiкога". Я падумаў, калi сядзеў на складзе бялiзны i глядзеў на маленькую жанчынку, што адлiчвала мне прасцiны дый ручнiкi. Яе звалi Элеанора. Нават сугучча ёсць памiж "Лабарантка" i Элеанора. Цi, можа, мне так падаецца, напэўна, падаецца; але я падышоў да яе i абняў нязграбна, так няўдала атрымлiваецца, калi ты доўга не абдымаў кабет. Яна паспрабавала адхiнуцца, але я не пусцiў i пацалаваў яе, i яна ацiхла, i нiчога не сказала, калi я распрануў яе. А тады Элеанора была зусiм схуднелая — ключыцы тырчаць, грудзей дык зусiм няма, жывот правалiўся... Жах. Але i я такi самы быў — ткнi, павалюся. Паслалi мы коўдру на падлозе, леглi, прытулiлiся, i тут... Похва ў Элеаноры зусiм вузкая, як выявiлася. Мая Лабарантка аж ускрыкнула, калi мы разам прыладжвалi мой, не такi ўжо i вялiкi балончык. А потым пайшло лягчэй ды лягчэй, дый так пайшло, што я запар тры разы выбухнуў. Вось так i знайшоў сабе Лабарантку. А выпiсалася яна раней за мяне i пачала штодня мне гасцiнцы ў лякарню прыносiць. А ўжо як мяне адпусцiлi, я i забраў яе да сябе ў майстэрню жыць.
Выбух уратуе свет! Выбух, гэта дакладна. І хай сабе гэта будзе выбух пачуццяў.
Вось я i жыву цяпер разам з Лабаранткаю i працую ўдвая-ўтрая больш, чым раней. А ўночы я з ёй катаюся на тралейбусах. Вы нас, пэўна, бачылi. Я ў доўгiм шынялi, ботах i шапцы-вушанцы, адным словам — анархiст. А Лабарантка мая заўсёды букет у руцэ трымае — цi то лiсця, цi то кветак, цi сухiх галiнак. Ну, вядома, бачылi вы нас у тралейбусе, ноччу, з букетам. Вось, слушна, гэта ў мяне пад левым вокам намаляваная чырвоная пяцiканцовая зорка.
Частка чацвёртая
Абiтурыент i абiтурыентка здалi перадапошнi iспыт дый вырашылi адзначыць падзею. Прыдбалi пляшку празрыстай настойкi "Беларуская арыгiнальная" i паехалi на электрычцы за горад. У лесе абiтурыенты расклалi вогнiшча. Яны пiлi горкую настойку, салодка цалавалiся i не заўважылi, як прайшоў час. Каб хутчэй дабрацца да станцыi, абiтурыенты пайшлi не па дарозе, а пашыбавалi праз жытнёвае поле — напрасткi. Пасярод поля абiтурыенту да смерцi захацелася зведаць жанчыну. Ён нiколi не меў жанчыны, таму засаромеўся самога сябе, але выпiтая "Беларуская арыгiнальная" i ўспамiн пра пацалункi ля вогнiшча падштурхнулi да наступу. Ён нязграбна блытаўся ў трох словах, пакуль прапанаваў спынiцца i адпачыць. Абiтурыентка не адказала, але, калi той на зямлi разаслаў сваю марынарку, яна пакорлiва апусцiлася на каленi. Хлопец i дзяўчына пажадалi зрабiць тое, што iм хацелася ўтварыць у лесе. Абiтурыентка занервавала, бо сяброўкi папярэджвалi: як толькi мужчына ўвойдзе ў цела — з'явiцца боль, i ўсё адно ёй страшэнна жадалася, каб менавiта тут, на полi, зараз, неадкладна тое i здарылася. Дзяўчыну здзiвiлi памеры чэлеса ў эрэкцыi, яна раптам забаялася, што не зможа прыняць яго ў сябе, што ёй будзе страшна балюча. І разам з гэтым яна хацела падабацца хлопцу, якi гэтаксама баяўся за сваю няўклюднасць i недасведчанасць у iнтымных справах. Абiтурыент з абiтурыенткаю валтузiлiся ў жыце, яны спрабавалi хутчэй здзейснiць наканаванае, але нiчога ладнага не атрымлiвалася. Яны не ўмелi мiлавацца. Нi яго, нi яе нiхто не навучыў мастацтву цялеснае любовi. Яны адно ведалi, што павiнна адбыцца надзвычайная падзея, таму працягвалi валтузню на пакамечанай марынарцы. Нарэшце хлопец здагадаўся дапамагчы свайму чэлесу рукою i зрабiў рызыкоўны рэзкi рух дый пачуў, як правалiўся ў апякальную глыбiню. Жанчына выгнулася насустрач мужчынскай сiле. Мужчына адхiнуўся ад жанчыны. Ад выгляду крывавых рагаў на жаночых сцёгнах i клубах яму зрабiлася зiмна.
— З мяне выцеча ўся кроў, — упэўнена прамовiла абiтурыентка i пачала абцiрацца хусткаю.
— Як ты пойдзеш? — пераадольваючы млосць, выцiснуў з сябе абiтурыент.
— Уздзену нагавiцы i пайду...
Яна ўжо зашпiляла гузiк на джынсах, калi зусiм побач зашамацела жыта i пачуўся гучны пранiзлiвы свiст. Абiтурыенты павярнулiся на гук i пабачылi мужчыну ў белым шаўковым строi, зялёнай кашулi ды жоўтым саламяным канацье. Ён высока ўзняў тонкi драўляны кiй, так дырыжор узнiмае палачку за iмгненне да ўверцюры, i сказаў:
— Вы, як бачым, ладны лапiк жыта выкачалi. І трэба вас пакараць. Але ўлiчваючы ўмовы, — пакаранне будзе няцяжкае. Каля вашых ног ляжыць камень. Вазьмiце яго i вынесiце з поля дый кiньце каля дарогi. Я — Палявiк i страшэнна не люблю камянёў, што ляжаць на палях.
Па гэтых словах Палявiк упаў у жыта дагары тварам, i па полi разышлiся хвалi, такiя кругi iдуць па цiхай вадзе, калi кiнеш камень.
Абiтурыент узяў на рукi цяжкi, як падняць, валун i, пахiстваючыся, рушыў да дарогi. Абiтурыентка iшла следам i несла перапэцканую марынарку.
Апошнi iспыт абiтурыент здаў на "выдатна", а вось абiтурыентцы не пашанцавала — паставiлi "двойку". Радасць i гора яны адзначылi паасобку: яна глядзела штучную эротыку ў вiдэасалоне, а ён з сябрамi пiў горкую настойку "Беларускую арыгiнальную".
Ад самае ранiцы сыпаў дождж. Пастух, хлопчык, iшоў за статкам i раз-пораз папраўляў велiкаватую, бо дзедава, кепку. Ватоўка набрыняла вiльгаццю i зрабiлася цяжкаю. Дождж церусiў на люстраную гравiйку, на пярэсты статак кароў, на груды, на прыдарожныя хмызы, на ўвесь Божы свет... Хлопчыка пакiнулi на дарозе, каб якая з кароў не высунулася на гравiйку i яе, крый Бог, не збiў самазвал.
У ватоўцы ляжаў пачак "Прымы" i запалкi. Пастуху закарцела папалiць, але ён саромеўся старых цётак, якiя абавязкова скажуць ягонай бабе, калi ён толькi запалiць. Хлопчык быў якраз у тым узросце, калi пачынаюць пацiху палiць у зацяг, але калi яшчэ год цi два саромеюцца рабiць гэта на вачах старэйшых.
Каровы скублi чэзлую траву на адхонах. Дождж патроху ацiх. Халаднаваты вецер пагнаў па небе спачатку цёмныя, а потым святлейшыя i зусiм белыя аблачынкi. У высокiм блакiце паўстала сляпучае, да зялёнага, сонца. Пастухi пагналi кароў на поплаў. Хлопчыка паставiлi запыняць ад рэчкi. Ён скiнуў ватоўку i зняў кепку, бо высокае сонца ўжо добра прыпякала. Захацелася пiць, але вада ў рэчцы плыла высокая i рудая пасля дажджу. Пастух пабег да старой, што пiльнавала кароў збоку поля, каб не стапталi грэчкi. У старой знайшлася бутэлька малака, заткнутая газетным коркам. Хлопчык выпiў палову, падзякаваў i пайшоў было да рэчкi. Але праз колькi крокаў спынiўся, каб яшчэ раз сказаць "дзякуй за малако".