Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 31



З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", — даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", — сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.

Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.

Зямля — пухам.

Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт "Эксгуматар", трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне — завод, кайф, лом... А ў жыццi — шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт — адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару — на музыку. І гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi улезь, i назад дарогi няма. І якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я — рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... І не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды — "Бастыён", "Тарнада", "Радыяцыя"?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.

Тусоўшчык прыпалiў цыгарэту.

А зрэшты, усё гэта — падман. І ты гэта бачыш, журналiст. Я зламаўся, патрапiў не ў сваю танальнасць i зламаўся. Іграў, iграў, а потым нiбыта хто пульт абрубiў. Гасiце святло, прыехалi. І ведаеш, не ў мяне аднаго такое здарылася. Я ж тусуюся, з тым пагавару, з гэтым. Усе кажуць, што наш час прайшоў. І слушна, бо i сапраўды ўсёмагутная рука адключыла наш ток i забрала таленты. І цяпер хто куды... Адны напiваюцца да адключкi. Другiя лётаюць па горадзе з думкаю: "Каго б яшчэ трахнуць?" Трэцiя прыфарцоўваюць, занялiся камерцыяй. На мяне ты не глядзi, гэта часова. Не магу я адразу пайсцi ў рэстарацыю, можа, пайду ў пахавальную каманду, бо лепей ужо могiлкавы Шапэн, чым п'яная ламбада. А ёсць яшчэ i чацвёртыя, яны ў рэлiгiю павалаклiся. Яны кляпаюць тэксты пра Хрыста i Саборнiка i ўпэўненыя, што робяць святую справу, а сапраўдныя вернiкi чуць гэтага не могуць, абураюцца, кажуць, што ўсё гэта блюзнерства. І слушна кажуць, бо рыба павiнна ведаць свой вiр. Музыка — гэта споведзь, а не прамова цi заклiк. Месца музыкi на хорах, а не на казальнiцы. Для музыкi галоўнае што? Каб музыка вылiлася, выйшла з яго, а пачуе хто цi не пачуе — справа дзесятая. Гэта ў папсавiкоў колькасцю слухачоў вымяраецца якасць прадукцыi, а ў рокераў — кайфам. Але паэт памiрае ў табе раней, чым ты гэта заўважаеш. Так i музыка, ты яшчэ перабiраеш струны сваiмi хуткiмi пальцамi i не чуеш, што ўласна музыкi няма. І трэба ўжо iсцi прадаваць абразкi Бруса Лi, а ты ўсё яшчэ катуеш iнструмент. Як адчуў я сваю няздатнасць, дык думаў — павешуся ад крыўды. Прайшло. У падземным пераходзе скразнякi, яны мяне крыху астудзiлi. Магiла магiлай, але не сапраўдная. Нашто Бога гнявiць, нават калi Яго нямашака? Астыў, стаю, гандлюю, на людзей гляджу, на пiва зарабляю i, як дзiця, спадзяюся на заўтрашнi дзень. Вось i ўсё, журналiст. А пiсаць цi не, вырашай сам. Пiшы, пакуль здатнасць не адабрала. Зрэшты, усе там будзем.

Цемра. Чорна. Падаю. Чаму так цёмна? Дзе рубiльнiк? Нарэшце...

Дзед трымае сярнiчку, агеньчык выхоплiвае з чарноцця газоўку. Патрэсквае, запальваецца кнот. Дзед папраўляе яго i накрывае шклом. У хаце цёпла, пахне печкай i хлебным мякiшам. Матылёк б'ецца ў тонкае шкло газоўкi. "Вось i ноч на дварэ", — голас у дзеда сапраўдны, ён не скажоны мiкрафонам i ўзмацняльнiкамi...

Якi Дзед? Якi кнот? Я стаяў на стадыёне, за сцэнаю, мне зрабiлася блага... Падаю. Цемрадзь суцэльная.

Голас, нечы знаёмы, дзядзькi Антака... "Чакайце, чакайце, асцярожна! Зараз, зараз... Раз, два, тры!!!" Успышка. Рэзь уваччу. Адвярнуцца, схавацца, закрыць твар рукамi... "Вось i ў нашай хаце лямпы дзённага святла", — Антакаў голас. Асцярожна расплюшчыць вочы, спачатку левае... Антак стаiць на зэдлiку i пакручвае малочна-белую трубку. "Асцярожна, не ўпадзi!" — голас дзеда. Зэдлiк хiстаецца, дзядзька падае...

Лямпа гасне...

Я падаю, гэта я падаю на стадыёне, за сцэнаю, я... Добра што на зямлю. Трава мяккая. Высока ў небе пражэктары халодныя, сцюдзёныя, стадыённыя... Твары, яны засланiлi пражэктары. Контражур. Не пазнаць — хто. Нехта свой, напэўна.



Цiха, цёмна...

Антакаў голас: "Вось вам i лямпы дзённага святла..." "Пабiўся?" — гэта дзед. "Здаецца, не..."

Трава мяккая. Стадыён. Гук! 50 тысяч слухачоў крычаць на стадыёне. Канферансье вiтае iх. Стадыён ацiхае, каб узняць новую хвалю крыкаў, як толькi з'явiцца першы салiст. Шум, бубнач пачынае... Трэба расплюшчыць вочы. Трэба ўстаць. Боль. Ён леваруч. Сэрца. Вось так на стадыёне памерцi, за сцэнаю, на зямлi... За што? Божа, за што такая сабачая смерць?

Удар па шчацэ! Не трэба...

Ноч, поле, я ляжу на саломе каля бурта з бульбаю. А нада мною вераснёвы Млечны Шлях. Яркi, святочны...

Удар па шчацэ! За што?

Ноч, лес, я — хлопчык, мне дзесяць гадоў, iду праз лес. Над вершалiнамi жнiвеньскi Млечны Шлях. Наблiжаецца рокат матацыкла. Фара. Я ўправа, яна ўправа. Я ўлева, яна... Удар! Боль. Я на пяску лясной дарогi. Ацiхае рокат матацыкла.

Рокат стадыёна. Іх тысячы i тысячы. Яны прыйшлi слухаць i глядзець на кумiра. На свайго ўлюбёнага матылька, што будзе пырхаць у рознакаляровым святле, будзе трапятацца, пакуль не спалiць крылцы ў хуткаплыннай вядомасцi. Матылькоў шмат, а лямпа адна. Фанатаў безлiч. Кумiр выбiваецца з натоўпу i ляцiць на вясёлкавае святло, на сцэну i згарае. Колькi iх было i будзе? А натоўп не ведае, што за сцэнаю ў цемры стаiць войска, якое запальвае зоры, якое стварае зоры, якое стварае абразы, лепiць кумiраў. Колькi зорак запалiў я?

Маё цела ляжыць за сцэнаю ў цемры, над iм схiлiлася доктарка. Цела памiрае, я бачу яго, дзiўна. Яно выпрасталася на траве. Доктарка пасылае майго памочнiка па "хуткую дапамогу"... А шоу-машына працуе, як адладжаны матор. Канферансье есць сала, ён закусвае свае сто спiрытусавых грамаў. Салiст прычэсваецца перад люстэркам. Пiратэхнiк палiць. Целаахоўнiк сочыць за ўзбуджаным стадыёнам. Журналiст... Журналiст iдзе да майго мёртвага, напэўна, ужо мёртвага цела. Ён спявае цiха сам сабе: "Отряд не заметил потери бойца..." Цынiк, ён спявае на iмперскай мове, ён жартуе, ён... Ён спалохаўся i хаваецца за цынiзм. Нiчога, згаснуць агнi стадыёна, ён нап'ецца з цыцкастай прастытуткаю i забудзе пра маю смерць. Памочнiк вяртаецца з двума санiтарамi. Маё цела...

Цёмна.

Лямпа ў вочы. Голас чужы, зямны: "А мы ўжо падумалi, што аблом".