Страница 18 из 27
клікала кроў маім голасам.
1976
ПОЎНАЧ І
Ля вуснаў даравальная рука.
О, як трымціць прамень безабаронны —
жывая кропля на павейках ночы!
Ужо ты разгаданы? Ужо пражыты?
Названы імем?
Посуд мітусні
як быў парожні — так і ёсць парожні.
А тыя бляшкі (калі гэтак трэба)
няхай засведчаць галас, пыху, тлум.
Адно — свайго кахання не саромся.
Хвілін, калі адбіліся нябёсы
у паўнаце тваёй. Не прыніжайся
ля даравальных рук. Ужо цяпер
дзівіся, сэрца, пільна і пачуеш:
які час гаманлівы і якая
маўкліва-засяроджаная вечнасць!
1976
ПОЎНАЧ ІІ
Ці дакрануцца, бы калісь, пяшчотна
асот і асака яшчэ? Ці свет
абернецца ранейшай дабрынёю?
Бяздоннем галасоў мяне ён мусіць
паклікаць, засмуціць, усцешыць, звабіць.
Ён будзіць ува мне такое рэха,
што ад яго душуся ў цемры: жыць!
Не тут, дзе я цяпер, а там, а там...
дзе ўчора... але заўтра... і яшчэ
далей... Вяртаюцца плады ў суквецце
ўва мне і не ўва мне... ў насенне — дрэва,
у цемру — дзень. Усё наўзбоч мяне.
Усё ўва мне. I не маё усё-ткі.
Спакой з табою, чалавечы сын! —
ты на зямлі прамовіць паспяваеш,
на момант апярэдзіўшы сябе.
Тваёй душы пахмурнае аблічча
нябёсы мыюць птаствам і святлом.
1976
***
Малю цябе, каб гэты цуд адбыўся.
Ты ўмела адгадаць азёр імёны
яшчэ тады, калі яны ляталі...
1
Люблю! — гукала, галаву узняўшы,
і клаліся яны ля ног тваіх,
а я адзін у небе заставаўся.
Усё далей-далей з хвілінай кожнай
сплывае, што павінна знікнуць,
калі яго любоў не абароніць.
Ты бачыш ў небе воблачка-азерца,
што з ціхаю журбой плыве на захад;
пакліч яго па імені, пакліч,
пакуль яшчэ я — не за небасхілам.
1976
ЛІТВА
Ты словам, словам ува мне,
і ты ўва мне ўсё хлебам, хлебам.
Вырошчвай дрэва, пад якім,
нібы браты, пасядуць людзі.
1976
КАБ СПЯВАЎ ПРА ЦЯБЕ
Я ўжо ёсць, існую,
як камень, падкінуты ўгору,
каб спяваў пра цябе,
твая птушка і крык, Літва!
З лёну, з дрэва, з гліны —
выйдзі, пакажыся, сціплая!
Ідзі проста на гук
роднае мовы —
і знойдзеш мяне...
Яшчэ слова — цябе я ўбачу,
ціхую і чыстую, як нядзеля:
белы абрус на стале
з выцвілымі плямамі крыві.
Тут дзялілі хлеб.
Не пакінь мяне аднаго
у задумлівасці самотнай.
Дай неба,— прашу,—
каб шэраму каменю спяваць —
дай неба,
якога твой Нёман поўны.
Я ўжо ёсць, існую,
як камень, падкінуты ўгору,
каб спяваў пра цябе.
1975
ШЧАСЦЕ, ШТО МАЮ ЦЯБЕ
У святле звечарэлых нябёсаў
твой твар прыгажэе, радзіма.
Укленч і маўчы — хай табою
напоўніцца гэты абшар,
бо такая любоў. Цераз сэрца
струменіцца кроў і крычыць:
радзіма,
лёсаў калыска, я мэты тваёй
шукаў, не знаходзіў —
гняздо жаўрука
ў разлогах палёў — ты!
Мне хораша так углядацца
у яблыню, ў квецені ўсю,
у дзіцёнка, што спіць,
у пагляд твой туманны.