Страница 19 из 27
Ды кветку шукаю,
што сходна з табою,
якая заўсёды захоўвае водар
маленства і вечара,
цёплага, соннага.
Так, шчасце, што маю цябе,
заўжды нада мной нахілёную.
Адсюль мае словы —
о, мае словы! Яны, як бінты,
прыліплі да ранаў тваіх.
1975
ГАВАРЫЛА
З казак словамі мамы:
было даўным-даўно;
маім голасам з песень:
ой ліля, ліля;
малаком з гладышоў гліняных,
крошкаю хлеба з абрусаў;
пошумам пралак
і крыжыкамі вышывання
сэрцамі з-пад кашуляў;
слязьмі з вачэй,
у крыўдзе — косамі
гаварыла, гаварыла, гаварыла;
столькі стагоддзяў мінула,
пакуль я пачуў цябе, краю.
1976
***
Не адзінокі я.
Мова ёсць
са словамі для стрэчы
і развітання.
Не адзінокі я,
таму й гавару.
З вёсак і рэк,
гарадоў і азёраў
па імёнах пазнаны.
Ужо, нібы слоўнік,
на літары Л
я разгорнут.
Тут і імя тваё блішча.
Белая кветка
ўзнімаецца і гайдаецца.
У цемры
буду трымаць, нібы ліхтар,
тваё імя.
1976
РАНЫ
Нібы заклятую ваду
нясу —
увечары і ўрана
сцярожка, ціха абыду
твае затоеныя раны.
Услед лістоце — весні ліст.
Але нязменлівая вера.
Твае вароты нарасхліст,
і разнасцежаныя дзверы.
Між скрыжаванняў і шляхоў,
між розных моў,
у стромкіх лёсах
звініць твой голас:
хто пайшоў...
тым, хто пайшоў,— абсяг і посах.
Нанова зелянее гай.
Ды не загойваецца верад.
Хай дакрануцца — загадай!
Хай —
дакрануўшыся —
павераць!
1976
НЁМАН II
Ты дакрануўся
крылом да маіх вачэй —
і яны сталі бачыць:
сонца ў табе, наша сонца!
На беразе ягняткі,
на хвалях качаняткі,
каромысла на плячах.
Ты мой крык —
ад зямлі беларусаў
да прускай зямлі,
ты мая спавівальная стужка.
Падаў камень —
не так балела.
Хілілася дрэва —
не так шчымела.
А слова ўпала —
берагі застагналі,
Данелайціс заплакаў.
Ішоў проці плыні,
каменьчыкі падбіраў:
дзе слова,
а дзе каменьчык,
праз слёзы не бачыў.
А калі ён, знямогшы,
заснуў ля Тыльзіта,
ты губы яго абпёк,
і яны заспявалі:
сонца ў табе, наша сонца!
1977
ПАЭТ
Імгненні, у якіх ты вечны;
і голас твой падобны да агню —
дык дзякуй, што ён грэе і што свеціць.
Як быццам з болю выняты — прамы,
прасвечаны да дна: магчыма, слова
папраўдзе стала целам і жыве?
Услед за ім ісці да небакраю.
Да чалавека. I яшчэ далей. Вазьмі
мяне за рукі, папараць, як брата.
Найкарацейшай ноччу года мы цвіцём.