Страница 17 из 27
I птушка, за якой імкнешся,
— птушка смутку. I ліст не ад вясны палёт займеў.
Як плачуць нашы карані сляпыя — чую.
1976
***
...і прыдумалі, які я:
так прыгожы, а так брыдкі,
так благі, а гэтак добры,
так вясёлы, гэтак сумны,
так стары, а так не надта.
Яшчэ дзякуй, надтачылі
столькі — птушкі,
столькі — дрэва:
то квітнею,
то шчабечу,
на сябе самога сеўшы.
1976
ЛАГОДА ГЭТАЕ ЖЫЦЦЁ
Бы гладзіш птушку
ці глядзіш
на басаногі след дзіцячы —
так жывеш.
Ёсць у табе лагода,
і мае словы крыляцца ў цябе:
дай несці гэты сцяг і мне таксама.
Каменне зацвіло — не абарву,
няхай пяе няпужанай лагода.
Зламаная галіна прынялася —
зноў вешаем пад яблыняй калыску.
Глядзі, я ж гаварыў,— няма канца.
Багі адпачываюць пад рабінай.
Спытайся, што не ведаеш, у іх,
а потым адчыні старую скрыню
і кужалю адрэж ім — на кашулі.
Цвіце рабіна — дзякуюць багі.
Прачнуўшыся, кугікае дзіцёнак:
нябачны хтосьці гушкае калыску
і з ім гамоніць,— і яму відаць,
як неба адчыняецца ўрачыста
і як усе ўсміхаюцца яму
і гушкаюць калыску. Бедалажка!
Лагода гэтае жыццё, лагода.
1976
АПОШНЯЯ БАЛАДА
Кашаль — як тупы спрадвеку нож.
Сонца
сочыцца ў сардэчкі аканіц.
Сціхла ўсё — каструлі, вёдры, дзверы.
Закрэслена аджытае даўно,
мухамі заседжаным крыжом — акно:
ідзі ўжо, ідзі, жыццё ты маё!
Нашто яшчэ ўпіраешся ў вушак дзвярны,
нашто яшчэ чапляешся за слуп варот?
Вось толькі рукі зараз дзе падзець
з пальцамі, пакурчанымі болем,
з завусеніцамі каля пазногцяў,
вялікія, нязграбныя, аж сорам.
Анёльчыкі — мае унучаняты,
умыты і святочна апрануты,
на сцежку да магілак сыплюць кветкі.
Пайду, пайду, ўрублю сякеру толькі
ў цурбак — каб не згубілася.
Намацваюць пад ложкам ногі доўга
старыя боты ў плямах перагною —
няўжо ісці да бога басанож?
1976
ЖЫЦЦЁ ПАЭТА
З вечарынкавай песні,
З песні буднічных дзён,
З жыта, з лёну мяне саткалі.
Чалавека сустрэнеш — да долу паклон,
Шапку першым здымі, наказалі.
Шапку першым здымі —
Я з ахвотай здыму,
Аддаю ўсім паклон-прывітанне:
I хлебу твайму,
I сэрцу твайму,
I твайму хаценню-жаданню.
Надавалі вы гэтулькі мне за гады,
Што не сорам было б і сагнуцца,
Але ж трэба крочыць нястомна туды,
Адкуль нам назад не вярнуцца.
1976
БАЛЬШАК ВАЙНЫ
(можа, і я —
не дужа маленькі для кулі,
калі рулі вінтоўкі крычу:
свой я, свой!)
...дарогаю той,
кажуць, палова Еўропы прайшла
пад якатанне сабак усёй вёскі,
услед несучы, нібы нож,
у спіну ўвагнаны,
крык «О Езус!..».
Сякера глядзіць на дарогу.
Крыж глядзіць на дарогу.
Бяжы, дзіцятка, на луг, на луг
шукаць траву праўды.
Вячэрняе сонца
з вокнаў
цаляла ў мяне...
(а траву
тую скасілі, на свежай пакошы
нагу пракалоў я)
О Езус! —