Страница 16 из 27
Знянацку закрычалі журавы.
Мы ўздрыгнулі,
і чорны цень
прабег па нашых тварах.
Чаму так зашчымела сэрца?
Што слухалі апоўначы бяссонна?
Нічога не пачулі,
а ўсё роўна
падумалі:
ідзе.
I доўга не маглі суняць,
утаймаваць лямантаванне цела.
Намучанае, скрушнае,
яно
ў акно світальнае глядзела
і, засынаючы,
яшчэ ўсё паўтарала:
прадоўжы... гэтую зямлю
і гэтую траву... прадоўжы
сонца... і раку, і дрэва...
дыханне гэтае...
прадоўжы!
1974
АПЛАКВАННЕ БРАТА
Што адтуль ты людзям прынясеш,
з той зямлі, куды ідзеш навек?
Лётаць будзе сэрца тваё дзе,
у якой птушынай чарадзе?
Да якой ты краскі палявой
прыхінешся сціплаю душой?
I жалеза ад прылад якіх
на руках пакіне след цяжкі?
I яшчэ якое ліха з ліх
для цябе на свеце тым знайшлі?
Быў ты ўмельцам спрытным між няўмек,
адпачні ж хоць сёння. I навек!
1974
***
Калі гаворым аб айчыне —
найпершае тым, хто загінуў, слова.
Дыханне іхняе распроствае нястомна
штандары нашы; рукі бласлаўляюць
і нашы клопаты, і нашы спадзяванні;
і вочы іхнія, бы зоркі, сочаць;
і гутарыць зямля іх плённай мовай:
птушыным граем і цвіценнем вішняў,
дзіцячым смехам, голасам жанчыны,
дзясніцай, што, прасцёршыся, трымае
наступную і гэтую айчыну.
Давайце гаварыць аб ёй праўдзіва,
каб, хто загінуў, мог нас разумець.
1975
***
Спакой тым, хто нічога не жадае.
Тым, хто смяецца,— сонца.
Будзь свабодны,
каб дзеці і буслы цябе любілі.
Патайнасць каранёў і годнасць кроны —
такі твой воблік. Сярод нас жывеш,
гаворачы: ах людзі людзі людзі...
Так хораша гучыць гэта, што мы
спыніліся і, гледзячы ў нябёсы,
здзіўляліся: як сіне і высока!
Яшчэ не ведаю, ці мы знаёмы;
заўважыў толькі: вочы — не звяроў,
не кулакі і не каменне — рукі.
Так хораша было, што стала днець.
1975
***
Душа напоўнілася крыкам жураўлёў.
Зямля мая, балесная мая,—
Каменьчык мігатлівы між сузор’яў.
Адсутных блаславіць рука ўзнялася.
Так ціха — бы вярнуліся з пагоста
і, ўздыхамі раздзьмухаўшы агонь,
што шэпча — слухаем,
што кажа — разумеем.
Мы разумеем трацячы. Вазьмі
вось гэтае пяро, каб адчуваў
жыццеахоўны дух птушыных гнёздаў,
каб да цябе прыходзілі звяры
памерці...
Штось быццам патрабуе твайго слова,
і штось яго затрымлівае ў вуснах.
Кахаючы, трывай. Каб заставаўся.
Каб з цёплых рук жыцця не выпаў раптам,
як востры камень...
1976
***
Калі стараецца прыпомніць дрэва
зялёны колер сваім голым голлем
і посвіст птушак выплакаць спрабуе —
я замаўкаю, і ў маіх вачах
свет бачыць, як нялёгка быць на свеце.
Як два агні, абдымемся так, дрэва,
і танна суцяшаць сябе не будзем.
Дагэтуль я саромюся прызнацца,
як вечна, як пакутліва люблю.
Ці падалося мне, ці сапраўды
ты клікала мяне? Куды ты, дрэва?
Бязлітасная цемра навакол.