Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 18

* * * Гладыёлусы, захутаныя ў марлю, едуць на кірмаш. * * * На суседзкі плот верабей пераляцеў зь яблыні маёй. * * * Невялікі сад, маладзіца босая яблык-штрыфель есьць. * * * У калянадзе прыемна схавацца — сонечны ранак. * * * Высокая столь, блакітныя шпалеры, сіні матылёк. * * * У маім двары сітаўка блакітная скача па пяску. * * * Рукі кабеты над дзіцячай калыскаю, чалавечы сьвет. * * * Бруіцца вецер — засыпаючы сьляды — пясок бруіцца. * * * Каля дзяржбанку на пыльным тратуары знайшоў капейку. * * * Па рудой сьцяне жучок паціху паўзе, лета ажыло. * * * Белае неба, а ў ім шэры матылёк уздымаецца. * * * На яркім сонцы крухмальныя карункі фіранак сьнежных. * * * Пыльныя пальмы высахлымі лістамі ледзь-ледзь варушаць. * * * Белакрылая кветка вэнтылятара на вакне расьце. * * * Кавярня ў вежы, музыка, млявасьць, кава. Шэры, спакойны дзень. * * * Уздоўж прыбою, бязгучна, па каменьні ляціць цень кірлі. * * * Паласатая яшчарка са сьцяжыны ўцякае ў траву. * * * Які вялікі ліст! Ня знойдзецца кнігі такі засушыць. * * * Колькі матылькоў віецца над чаромхай каля альтанкі. * * * Высокі комін, аблокі доўгія плывуць, талінскі вецер. * * * Дапамагаю выпаўзьці з-пад лісточка божай кароўцы. * * * У белым небе, о, як высока, як шмат зялёных шышак. * * * На веях маіх зьнікае сонечны пыл, вецер у хмарах. * * * Сьпёка, на дварэ селі курыцы купацца у гарачы пыл. * * * Басанож іду, чорна-сіняя сьцежка, сьціхае конік. * * * Стручок гароху зялёнаю рыбкаю высьлізнуў з рукі. * * * Жонка і дачка сьпяць у цёплай цішыні, жнівеньскі спакой. * * * Рэчка ратуе ад сьпёкі, ад горычы і ад маркоты. * * * Цячэ, шапоча жвір скрозь пальцы… У руцэ застаўся камень. * * * Пыл на паліто, каля жалезнай брамы чакаю брата. * * * Іржавы ліхтар сьпіць пад дажджом у парку, стоячы сьмірна. * * * Рукі, рыдлёўка, дождж, дзёран, жвір, камяні… Моўчкі працую. * * * Дожджык перастаў, а вада яшчэ цурчыць з вадасьцёчных труб. * * * Вулка вузкая, патыхае вільгацьцю стогадовы брук. * * * Кубачак кавы, белы цукровы кубік, сухія кветкі. * * * У трубах рэха павялічвае памер… Сэнс непарушны.