Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 7 из 18

* * * З вачэй цяжарнай жанчыны паглядаюць дзьве розныя душы. * * * Цэлы Божы дзень цяжкая гарачыня — горад змучыўся. * * * Абараняйце, чорныя акуляры, хворае вока. * * * Стома, здранцьвеньне, на скронях гарачы пот, не варушуся. * * * Не здымаючы ахоўных акуляраў, разьвітваюся. * * * Чапіў анучу, спалохаў шалахвоста — няма спакою. * * * У зеляніне аранжавыя зоры — кветкі гарбуза. * * * Каханка плача, хавае твар за букет гладыёлусаў. * * * Лісток сьціскаю — зялёны, тапалёвы, гаркаваты сок. * * * Зусім няблага ляжаць і доўга думаць пра сьпелы агрэст. * * * Успамінаю дзедаў каменны ганак — трэснуты жорнаў. * * * Сонечны вечар, пылам і галубамі пахне гарышча. * * * Ля плыткай вады цёплай ліпеньскай рэчкі па пяску іду. * * * З далані на далонь перакідаў каменьчык і слухаў хвалі. * * * Вецер незнарок перагарнуў старонку маленькай кнігі. * * * Карункі шуму на жвір шпурляе хваля і цягне назад. * * * Са жмені ў жменю няспынна і марудна сыплецца жарства. * * * Залацістая на вялікай паніве рыбіна ляжыць. * * * У рудым збанку блакітнае малако, парожні кубак. * * * Стол. Відэлец. Нож. Памідоры. Агуркі. Шклянка, сок. Гладыш. * * * Астудзіў сьпіну сьвежы, цёплы вятрыска — безумоўна, кайф. * * * Куст ядлаўцовы пад маціцовым небам — вечны вандроўнік. * * * Вечар, піск стрыжоў пранізьлівы, трапяткі над цёмным дваром. * * * Золата крыжоў плыве над купаламі чужога храма. * * * Вільня, ціхі двор, пад шэраю сьцяною папараць расьце. * * * Хлопчык-акрабат на чырвоным дыване стомлены сядзіць. * * * Стогадовы дом, і каля яго цьвітуць гладыёлусы. * * * Кацяня дайшло да вакна ў стары падвал і схавалася. * * * Шэра-жоўтае менскае нізкае неба кратаю рукой. * * * Чорнае неба, маўклівае чаканьне ў аэрапорце. * * * Сыботні вечар, зьбіраю зь нізкай ліпы цьвет на гарбату. * * * Ціха паклікаў круглалісты званочак мяне ў дзяцінства. * * * Іду дахаты, салодкі ліповы дух супакойвае. * * * Пад алешынай, у завоіне маўчыць мяккая вада. * * * Гарачы вецер па зялёнай дарозе коціць жоўты ліст. * * * Квадра, парк стары, пахне скошанай травой малады туман.