Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 18

* * * Старое дрэва пяшчотныя лісточкі паўпрыгожылі. * * * Ружовы камень на зялёнай траве… Шукаю словы. * * * Сухая трава ціха шэпча пад ветрам песьню пра лета. * * * Чорная каза жоўтым вокам зіркае на гаспадара. * * * Зь берага камень спаўзае ў ваду вельмі — вельмі павольна. * * * Каляровае паветра Эстоніі пахне трэскамі. * * * Дарога ў полі, фурманка, стары чалавек, кола скрыгоча. * * * Мэтрапалітэн, у чаканьні цягніка разглядваю столь. * * * Гутарка дзяцей, хутка і мая дачка гаварыць пачне. * * * Зь лёгкім сумам трываю галаўны боль, вясновы ветрык. * * * Самотны груган нізкую аблачынку зачапіў крылом. * * * Сьпілаваны сук на сухі асфальт упаў — безнадзейны хруст. * * * Вечар, парк стары, шоргат старэчых крокаў, азіраюся. * * * Перакулены сьвет у калюзе жыве… Шпурляю камень. * * * Качкі і кірлі лунаюць над вадою цёмнай Сьвіслачы * * * У пясочніцы алавяны салдацік пад дажджом заснуў. * * * Дзе схавалася за вясновай смугой маё юнацтва? * * * Сшытак бэзавы набыў, а што запісаць і ня ведаю. * * * Вечар. Мястэчка. Каля кожнай хаты сьлівы красуюць. * * * Маленькі пакой, фотаздымкі на сьцяне — твары знаёмых. * * * Набліжаюцца хмурынка і маладзік, аддаляюцца. * * * Атрутны водар магноліі напоўніў маёвую ноч. * * * Малады ліхтар, ты, напэўна, першы з нас павітаесься. * * * Рэдзенькі блакіт і празрыстая поўня над даляглядам. * * * Кардыяграма на стужцы папяровай, доўгай, бясконцай… * * * Гартаю кнігу, не чытаю, а гляджу рэпрадукцыі. * * * Навальніца, дождж, плачуць-плачуць ліхтары сьветлымі сьлязьмі. * * * Гляджу на поўню праз агеньчык запалкі — маленечкая. * * * Жаданьне заснуць? Не! Жаданьне прачнуцца і не засынаць. * * * Дом над вадою… О, колькі сноў вяртае мяне ў гэты дом. * * * Ты не гавары, што ня хочаш спаць зусім і ня любіш сон… * * * Наліваецца лякам цёплым, залатым ліст магноліі. * * * Сёньня чуйна спаў, слухаў празь няпэўны сон шолах дажджавы. * * * Знайшоў у лесе, зьбіраючы суніцы, драўляны гузік. * * * Залаты трысьнёг сее кропелькі расы ў сінюю ваду. * * * Выпаўзла жабка з-пад вільготных камянёў муху ўпаляваць.