Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 18

* * * Ранак, варэльня, горка-салодкі водар — кубачак кавы. * * * Лапкі ядлоўца і пралескі на стале ў шкляначцы з вадой. * * * Капеж, дворнікі на даху рыдлёўкамі сякуць ледзяшы. * * * Хваёвы водар, кедравая ігліца блішчыць на сонцы. * * * Стаю на вежы з выбітымі шыбамі, над нашым сьветам. * * * Над могілкамі хмары плывуць няспынна. Сыходзяць сьнягі. * * * Шукаюць вочы сярод жоўтых аблокаў дарогі, птушак. * * * Дастаю штодня водар сьвежай газэты з паштовай скрыні. * * * За вакном сьнег. Кубачак гарачай кавы гатую сабе. * * * Сонечны ранак, жаўтавокая котка выйшла з пад'езду. * * * Ранак, парк стары, узьлятаюць галубы — ледзь чутны ветрык. * * * Паралеляграм сонечны на шпалерах, вясновы ранак. * * * Адчыніў дзьверы — скразьняк прынёс духмянасьць травы і бэзу. * * * Шэрую траву вецер цёплы і сухі на асфальт прынёс. * * * Шчыліны ў плоце — пасечанае сьвятло ляжыць на зямлі. * * * Сонца, капяжы, але калюгі ўначы павымярзалі. * * * Еду ў трамваі, паўпустым і халодным, на кніжны кірмаш. * * * Блакітна-шэры кавалак тынкоўкі разломліваю. * * * Парушыначка трапіла ў вока маё — вокамгненны боль. * * * З кнігаю ў руцэ наведваю кавярню, накрапвае дождж. * * * Першы дзень, калі лёду няма на ганку. Сьціхлі капяжы. * * * Сонечны настрой па вільготным пяску разьліваецца. * * * Надыходзіць час занесьці на сьметнік зімовыя боты. * * * Вецер. Груд. Вясна. Як вуркочуць галубы слухаў і маўчаў. * * * Шэра-жоўты сьнег плямамі ў полі ляжыць, вецер гоніць пыл. * * * Шалахнуўся куст, зашчабятала птушка… Ізноў цішыня. * * * Побач з дарогай доўгія, нежывыя трубы ляжалі. * * * Сухое дрэва. Прыляцелі вераб'і — пошчак, мітусьня. * * * Сіні аўтобус спыніўся й павітаўся з жоўтым дзьмухаўцом. * * * Кветачку набыў, а каму падараваць так і не знайшоў. * * * Пасыпаўся дождж: на інжыры вераб'і зашчабяталі. * * * Ідуць насустрач людзі, хаваючы твары ад ветру і дажджу. * * * Шклянка на стале. У празрыста-шэры цень муха запаўзла. * * * Ціха, сьпіць дачка ў пакоі, а за вакном дробны дождж ідзе. * * * Каля бардзюраў, на асфальце растаюць кавалкі лёду. * * * Быкі на бойні: чорныя сьлёзы ў вачах, цяжкі дух крыві.