Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 18

* * * Колькі радасьці яны раней дарылі — лісты каханкі. * * * Чалавечы лёс. Не хапае нават слоў, што ні гавары. * * * Зараз я сябе у люстэрку не пазнаў… Зрэшты, ну і што. * * * Добрая душа — ён і зь дзецьмі гаварыў, як з дарослымі. * * * Гартаю кнігу, у гармідары літар зьяўляецца сэнс. * * * Нараджаемся, паабяцаўшы Богу хутка памерці. * * * Самы лепшы верш запішу на газэце й шпурну ў сьметніцу. * * * Верш на паштоўцы запісваю алоўкам, а потым тушшу. * * * Чытае хлопчык гучна, па складах, мой верш, ніякаватасьць. * * * Бяз дай патрэбы на аловак насадзіў катушку нітак. * * * Некалі ў мяне плястмасавы чалавек у скарбонцы жыў. * * * Кроплі чарніла ўпалі на чысты стол — зорнае неба. * * * Ломкі лябірынт падлічвае памылкі лягічных крокаў. * * * І паміж сяброў не магу пазбавіцца адзінотнасьці. * * * У прорву часу ляцяць нашыя крокі… Рэха, успамін. * * * Пыл, пясок, жвір, жарства, камяні, груды, горы, сьнег, неба… * * * Накіроўваю ў падземны пераход свае пакуты. * * * Аб кант коміну разьбіваецца погляд на рэчаіснасьць. * * * Пазабаўляцца б з такім прывабна-сінім электрадротам. * * * Мэтазгоднасьці ўказальнік блакітны не вызначае. * * * Адваротная пэрспэктыва дарогі сыходзіцца ў сэрцы. * * * Памыляюся, за павелічальным шклом той жа самы сьвет? * * * Хто табе сказаў, што мінулае маё не належыць мне? * * * А ці трэба па — мятаць, які зараз дзень, можа, ведаеш? * * * Брат мой гаварыў: — О, які ён салодкі, водар атруты… * * * Непераможны, як дух безнадзейнасьці, смак самагубства. * * * Сустракаюцца не зусім падобныя і сярод блізьнят. * * * Так яно лепей, — калі ніхто ня прыйдзе. Крокі пад вакном… * * * Два гадзіньнікі і ніводзін не ідзе. Як гэта добра. * * * У бясконцай чарнаце бразнуў клямкаю нечаканы госьць. * * * Сталёвы месяц, жалезабэтонны мост, срэбная вада. * * * Лютаўская ноч, мароз; а мурын ідзе без капелюша. * * * Не магу заснуць. Напішу пра галалёд — астуджу душу. * * * Каляровы сон завітаў сярод зімы — з кветкамі вяргінь. * * * Ноч глыбокая. Перачытваю наноў Іса і Басё. * * * Не магу заснуць. Слухаю далёкі гуд аэрадрому.