Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 18

* * * Несупынны дождж, як дзіця, спадзяюся на заўтрашні дзень. * * * Рукі нямога, чырвоныя на дажджы, хутка гавораць. * * * На камень-валун сеў самотны вандроўнік, халодны вечар. * * * Легкаважны дым не магу ніяк схапіць за блакітны хвост. * * * Як непрыкметна на вагоннай падлозе сьлед высыхае. * * * Сьпяць дарожнікі, лыжка ў шклянцы на стале ўсё зьвініць-зьвініць. * * * Так дрыжыць вагон, што ніводнай літары роўна не пішу. * * * Стаміўся ехаць, нарэшце, той прыпынак, дзе ўсе сыходзяць. * * * Чаму ж вы, пташкі, ня зьведалі адзіноты па-над зямлёю? * * * Агарнулі лес восеньскія халады, вогнішча кладу. * * * Колькі каштанаў прынёс дадому й расклаў у кніжнай шафе. * * * Паўночны вецер, дождж, шэрая дарога, ноч, валацуга. * * * За галінамі чорна-сінімі плыве белы маладзік. * * * Восеньскі ўспамін — на вясковых могілках пахіліўся крыж. * * * Сталёвы вецер, коціцца па асфальце звон кансароўкі. * * * Ліхтар, прыпынак, высачэзная постаць пад парасонам. * * * Не дае заснуць скразьняк у электрычцы, бязбожны холад. * * * Поўнач у мэтро, мармуровая сьцяна слухае мяне. * * * Жаданьне — заснуць, не патушыўшы сьвятла, глыбокая ноч. * * * Спаць і толькі спаць, больш нічога не хачу; не магу заснуць. * * * Дзьверы зачыніў, а ў пакоі скразьнякі не пазьнікалі. * * * Халодны пакой, ціўканьне гадзіньніка не дае заснуць. * * * Дзе падзеўся ты, ясна-белы маладзік? Не кладуся спаць. * * * Вадкая цемра, уздыхнула машына, вуркоча матор. * * * Нізкая вярба ўсё кранае на вадзе адлюстраваньне. * * * Ноччу падаў сьнег, а нараніцу растаў — цёплая зямля. * * * У чаўне вада, на вадзе — срэбра поўні і тонкі лёдзік. * * * Вельмі многа сплю, дык чаму цалюткі дзень пазяхаецца? * * * Далёка ў небе, марозным сінім ранкам сканала зорка. * * * Квітнее сьліва. О, не-не — падалося… Навокал шэрань. * * * Дробныя зоры востра міргалі, золкасьць, час разьвітаньня. * * * Стары чалавек спытаў у вялікай гары: — Ці гэта зноў сьнег? * * * Цёмны шэры ліст падае на першы сьнег, нахіляюся. * * * У вакно гляджу, на стале астывае шклянка малака. * * * Над таполямі шэра-маціцовае неба студзеня. * * * Сонны настрой — вуркоча рэпрадуктар, слоў не разабраць.