Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 18

* * * Шэрая зямля, скача жвавы верабей, жоўтая трава. * * * Падасінавік — згубленая шапачка чорнага дзятла. * * * Дзеці зьбіраюць каштаны на асфальце, халодны ветрык. * * * Дзіця ў касьцёле слухае арган. Вітраж чырвоны зьзяе. * * * У Койданаве сады спавівае дым — паляць бульбоўнік. * * * Лёгенькі лісток да мяне ляціць-ляціць шэрым матыльком. * * * Жоўтыя ліпы, знаёмая вуліца, чужыя людзі. * * * Сіні кіпарыс, калі паглядзець праз дождж, робіцца вышэй. * * * Праз кастрычнік іду пад каштанамі і па каштанах. * * * Скляпеньні, крокі, водгульле, палёт-лісток сухі лунае. * * * Шоргат шэрых хваль доўга слухаю адзін. Дух марской травы. * * * Жорсткі хвалялом, насьцярожанае мора, шурпаты вецер. * * * Глядзіць сланечнік, нахіліўшы галаву, на ранішні сьнег. * * * Пад белым небам у сухой траве заснуў руды сабака. * * * Лялька ў калюзе, нерухомыя вочы глядзяць з-пад вады. * * * Кідае лісты ў фантанчык зь лебедзем стогадовы клён. * * * Ціха падае лісьце з паркавых клёнаў, падае ціха. * * * Вецер у сьпіну. Коціцца сухі лісток, а за ім другі. * * * Вяртацца мушу, вяртаньне будзе хуткім… Ізноў дарога. * * * Гаворым з братам пад цёмнымі букамі, палім няспынна. * * * На ціхай вадзе дзікія качкі сядзяць, хуткі цень кірлі. * * * Зачапілася за гатычны кіпарыс хмарка горная. * * * Пад ляскоўкаю нечакана знайшоўся салодкі яблык. * * * Я забіў жучка, А спытай мяне — нашто? І не адкажу. * * * Палахлівае лісьце паляць у парку, полымя й вецер. * * * Восеньскі кантраст — на бліскучым блакіце жоўта-цёмны клён. * * * Парк прапах дымам. На гурбе чорных лісьцяў танчыць агеньчык. * * * Чорная вада у калюжыне стаіць, а над ёю — я. * * * На рэчку хадзіў паглядзець, ці замерзла, чакаю зімы. * * * Чужы завулак — тут нават чырвань цэглы цяпла ня мае. * * * Холад восені, у вясну ляціць-ляціць матылёк сухі. * * * Ты мяне суцеш, доўгая дарога да шэрага неба. * * * Лілея ў шклянцы, дух яблыкаў-антонаў, сьлёзы каханкі. * * * Нашто блукаю і каго шукаю тут, сярод туманаў? * * * Памажыце мне каханую забыць, кля — новыя лісты. * * * Сланечнік высах, ледзь чутны водар мёду застаўся ў лістах.