Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 55 из 86

Вюрстэр Густаў. Загінуў 8.10.1915

Мюлер Густаў. Загінуў 1.02.1916

Расне Вальтэр. Загінуў 20.03.1916

Залеўскі Ёган. Загінуў 22.03.1916

Зуттэ Хайнріх. Загінуў 11.04.1916

Карл. Загінуў 8.07.1916

Эрдман Ёган. Загінуў 6.05.1917

За дзесяць дзён баёў каля Нарачы (18.03—28.03.1916 г.) з боку рускіх загінула каля ста тысяч салдат і афіцэраў, а з нямецкага — каля 40 тысяч...

На сучасных помніках шмат надпісаў па­беларуску. Я запісаў некаторыя: «Мітуневіч Ванда.11.1.1926—5.03.2003», «Ворса Леанарда Вікенцьеўна. 18.02.1918— 5.04.2009» і побач яе муж «Ворса Валерый Іосіфавіч. 16.04.1915—7.01.2001», «Шніткоўскі Міхал. 17.09.1906—3.10.2002. Памёр у веку 96 гадоў. Божа, будзь да яго міласэрны», «Ліхадзіеўскі Вацлаў Іванавіч 1912—1972...».

Шмат пахавана людзей, якія пражылі па 90 і болей гадоў. Сярод іх — Ганна Дунец. Пражыла 105 гадоў. Магчыма, яна маці або сваячніца Лідзіі Дунец, у якой захаваўся журнал Георгіеўскіх кавалераў Еўрапейскай вайны...

У цэнтры старых пахаванняў разбураны склеп, які зарос травой і мохам. Захавалася пліта з надпісам «Свентаржыцкая Францыска. Памерла ў 1844 годзе». За пагнутай і паржавелай агароджай помнік: «Юзэф Бачкоўскі. Памёр у 1858 годзе».

Каля аднаго з уваходаў на могілкі прыгожы помнік на дзве магілы з пашкоджанымі фотаздымкамі, на якім напісана: «Збігнеў Каласінскі. Харцар 10­й Віленскай дружыны. Загінуў на возеры Нарач 23 чэрвеня 1933 года, ратуючы калегаў. Матка і саюз асаднікаў». І тут жа: «Ян Панек. Сакратар рады ваяводскага саюза асаднікаў. Кавалер крыжа храбрых. Загінуў на возеры Нарач 11 ліпеня 1935 года»...

Па могілках з Людай хадзілі амаль дзве гадзіны. Дамоў ісці не спяшаліся, але дробны дождж напомніў, што пара вяртацца пакуль надвор’е нядрэннае і не сцямнела...

У вёсцы Нарач зайшлі ў касцёл. Якраз трапілі на віншаванне пробашча з імянінамі. Прыемна было чуць беларускую мову. Я сябе адчуваў чамусьці ў XIX стагоддзі...

А царква і сёння на замку...

Вярнуліся дамоў а палове дзявятай. Недзе праз гадзіну пайшоў вялікі дождж...

Нарач. Сямнаццаты дзень...

20.08.2011. Усю ноч ішоў дождж. І наш дом, нібы карабель, плыў праз зялёнае сасновае мора...

Чарга каля аддзялення «Беларусбанка» не прападае. Прыезджыя здаюць валюту, а мясцовыя тут жа купляюць. Усё па спіску, які ў сябе трымае мажная дзелавая жанчына. Кожны дзень па чарзе ў абменніку можна, калі пашанцуе, купіць як мінімум 100 даляраў і 3 тысячы расійскіх рублёў...

Па дарозе ў санаторый «Белая Русь», там дзе сустрэліся з вужыкам, бачылі вавёрку. «Відаць, у іх тут партал з аднаго лесу ў наш...» — пракаментаваў Максім...

Амаль кожны дзень ходзім у басейн плаваць. Сёння натрапілі на нейкую паўп’яную кампанію маладых мужыкоў і жанчын і ў басейне было, як у танным бардэлі...

У белых лебедзяў чорныя ногі...

Нарач. Васямнаццаты дзень...

21.08.2011. Дзень пачаўся з таго, што даведаліся пра смерць Віталя Скалабана...

Ідзе дождж. І мы збіраемся дамоў у Мінск. Жадання вяртацца аніякага — мне заўтра на працу...

Да прыпынку нас правёў Уладзімір Ермалаеў. Ён усё дзівіцца, як гэта Людміла можа пісаць так цікава гістарычныя творы...

У Мядзелі перад намі села маладая сям’я з дзяўчынкай, у якой увесь твар у кропках з зялёнкі. Малая хварэе на вятранку і ў яе тэмпература за 38...

Чым бліжэй пад’язджалі да Мінска, тым больш неба хмурэла, а на душы весялела з таго, што мы нядрэнна адпачылі...





Зайшлі ў сваю кватэру, як у падводную лодку...

Па просьбе…

23.08.2011. Пяць гадоў таму праз наш дом прайшоў капітальны рамонт. Па просьбе пенсіянераў былі пакінуты ў кватэрах газавыя калонкі для нагрэву вады. Нядаўна наша калонка пацякла, і я сёння патэлефанаваў майстру, каб яе адрамантаваць. «Дэталь, якую трэба памяняць каштуе 500 тысяч. За працу будзе тысяч 250. Прыязджаць?» — запытаўся майстра. «Прыязджайце…» — без інтузіязму адказаў я. Майстра працаваў гадзіны дзве, і я даведаўся, што ў нашым раёне ўжо ў многіх калонкі псаваліся і яму даводзілася чуць просьбы ад некаторых пенсіянераў: «Унучак, я атрымоўваю пенсію 600 тысяч, а тут трэба 750. Такіх грошай у мяне няма і не будзе, таму зусім адключай калонку!»

Чытачка

24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны і адна з іх узяла чытаць маю кніжку «Страла кахання, любові крыж». Міхась тут жа запытаўся: «А чым вас Шніп зацікавіў?» — «Гэта — мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!» — адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшы да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй «Баладу камянёў», якую яна хоча пачытаць, бо «там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны»…

Памянулі Скалабана

25.08.2011. Людміла на гэтым тыдні яшчэ ў адпачынку, і таму пасяджэнне суполкі «Літаратурнае прадмесце» адбылося ў нас дома. Прыйшлі: Мікола Кандратаў, Сева Гарачка, Наталка Кучмель, Таццяна Пратасевіч, Юрась Нераток, Рагнед Малахоўскі, Алесь Емяльянаў і Аліна Агрэніч. Памянулі Віталя Скалабана, які быў частым госцем і ў нас дома, і на пасяджэннях суполкі. Людміла зачытала артыкул падрыхтаваны разам з Віталем Уладзіміравічам, які, спадзяёмся, будзе хутка надрукаваны ў «СБ». За гарбатай чыталі вершы, жартавалі. Найбольш запомнілася сказанае Рагнедам Малахоўскім: «О, Беларусь — мая Людміла!..»

Аляксандр Станюта…

25.08.2011. Памёр Аляксандр Станюта. Месяц таму перад маім адпачынкам ягоны сын Дзмітрый прынёс мне падпісаныя кнігі. Людміла збіралася, выйшаўшы на працу, напісаць у свой «Кніжны навігатар» пра адну з іх. А я збіраўся на наступным тыдні пазваніць Аляксандру Аляксандравічу…

Мог бы быць, але…

26.08.2011. Гляджу на пачатак зносу пяціпавярховіка, дзе быў інтэрнат філфака БДУ, і ў думках лаюся: «Гэта ж мог бы быць вялікі літаратурны музей з мемарыяльнымі пакоямі многіх нашых класікаў, якія ў свой час, будучы студэнтамі, жылі ў інтэрнаце!»

Усё было хораша…

27.08.2011. З 26 па 28 жніўня ў Маладзечне праходзіць ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна­2011». Недзе ў васьмі фестывалях я браў удзел. Быў і сёння. Усё было хораша хоць і не лепей, чым мінулы раз. І вельмі шкада, што за цэлы дзень шлях дзесяці паэтаў, якія былі ўдзельнікамі фестывалю, ні разу не перасекся са шляхамі выканаўцаў песень…

Няма таго…

28.08.2011. На вуліцы Румянцава, каля Дома літаратара, нядаўна знеслі стары Дом журналіста. Цяпер там велізарная яма, як пасля выбуху бомбы…

Пара…

28.08.2011. На пытанне: «Як там Наталля? Ці піша вершы?» — паэт, аўтар трох, а мо нават і ўжо чатырох кніжак вершаў Сева Гарачка, хвіліну памаўчаўшы, сказаў: «Усё! Пара сабраць грошы і выдаць першую кніжку жонкі!» Жонка ў Севы Гарачкі паэтка Наталля Бурдзейка…

Дзеці…

28.08.2011. Пад вечар у госці зайшоў сябра, які ў нас не быў цэлы год. Калі пачало цямнець, госць пацікавіўся: «А дзе ж вашы дзеці?» І мы з Людай амаль хорам адказалі: «Выраслі!»

Шышкі

29.08.2011. На сцяжыне праз сасоннік сухія пачарнелыя шышкі, як малыя вожыкі, якія прытварыліся мёртвымі, убачыўшы мяне…

* * *

29.08.2011. У кожным дурні ёсць нешта разумнае, а ў кожным разумным ёсць нешта дурное…

* * *

31.08.2011. Рана ці позна канчаецца ўсё. І вось закончыўся сыр у мышалоўцы…

* * *