Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 56 из 86

31.08.2011. Вазон вырас такі вялікі, што спатрэбілася падпорка, каб ён не паламаўся. І я прынёс з вуліцы дубец. Праз месяц вазон засох, а дубец прарос…

Школа

31.08.2011. Цяпер амаль усе дзеці пішуць так, што нічога не разбярэш. А ўсё з таго, што ў школе не карыстаюцца пропісямі, па якіх можна навучыцца прыгожа пісаць. Помню па сённяшні дзень, як мне пасля першага класа з­за дрэннага почырку настаўніца задала на лета перапісаць у сшытак усю пропісь. Прайшоў месяц, прайшоў другі, праз тыдзень у школу, а я і не браўся за летняе заданне. Відаць, нічога б і не рабіў, калі б, не сустрэўшыся з настаўніцай, не пачуў грознае: «У школу прыходзь з перапісанай пропіссю, а калі ж нічога не пісаў, то можаш і далей гойсаць па палях!» Пасля гэтага цэлы тыдзень з раніцы да вечара, сапсаваўшы кучу сшыткаў, я выводзіў літаркі і ў школу прыйшоў з выкананым заданнем. І мая першая настаўніца, Марыя Вікенцьеўна Шніп, мяне пахваліла…

ВЕРАСЕНЬ

* * *

1.09.2011. Ідучы на працу і гледзячы на школьнікаў, у якіх пачаўся новы навучальны год, адчуў сябе шчаслівым. Нашы Вераніка і Максім — студэнты…

Каля школы…

1.09.2011. Каля школы, пазнаўшы здалёку сваіх аднакласніц, хлопец радасна пабег да іх. Дзяўчаты тут жа заўсміхаліся і былі, напэўна, гатовыя да абдымкаў, але хлопец, падбегшы да аднакласніц, разгублена спыніўся, убачыўшы, што за лета сяброўкі амаль на цэлую галаву сталі вышэйшымі за яго…

Яшчэ канікулы…

2.09.2011. У Веранікі і Максіма заняткі ў Акадэміі мастацтваў пачнуцца ў кастрычніку. Жылі б мы, як даўней, на вуліцы Бірузова, і быў бы жывы там наш сусед, ужо сёння б пайшоў ліст у міліцыю, што нашы дзеці нідзе не вучацца і не працуюць. Сусед на мяне пісаў, калі я жаніўся і хадзіў у часопіс «Беларусь», дзе працоўны дзень быў з 14­й гадзіны па 17­ю…

* * *

3.09.2011. Каля суседняга пад’езда стаяць алкаголікі не з нашага двара і гучна расказваюць адзін аднаму пра мінулую ноч. Я праходжу каля іх, як кот каля сабак…

Алесь Адамовіч

3.09.2011. Сёння споўнілася б 84 гады Алесю Адамовічу. Аднак гэта «пашпартны» дзень народзінаў. У сапраўднасці Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 года. У час вайны маці перапісала яго на год пазней, каб не пагналі ў Германію. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС Адамовіч, наперакор кіраўніцтву БССР, сцвярджаў, што сапраўдныя маштабы трагедыі і тое, наколькі Беларусь ад яе пацярпела, утойваюцца. Ён быў ініцыятарам ліста беларускіх навукоўцаў Міхаілу Гарбачову. За гэта партыйнае кіраўніцтва Беларусі пачало цкаваць яго, і Адамовіч мусіў з’ехаць у Маскву. Памятаю, як зімой 1987 года мы з Людмілай Рублеўскай пасля заняткаў у Літінстытуце ездзілі да Алеся Адамовіча ў бальніцу. Для яго наш прыезд быў вельмі нечаканым і прыемным. Гаварылі недзе каля гадзіны. На развітанне Алесь Міхайлавіч нам сказаў: «Абавязкова пасля вучобы вярніцеся ў Беларусь і беражыце адно аднаго!»

Валун на магіле…

3.09.2011. Восенню 2003 года з Вольгай Іпатавай, Лідзіяй Савік і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Глуск на святкаванне юбілею Сяргея Грахоўскага. Па дарозе ў гарадскі пасёлак не абмінулі могілкі каля вёскі Глуша Бабруйскага раёна, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, які памёр 26 студзеня 1994 года. Могілкі не надта вялікія, але вельмі зарослыя дрэвамі і кустамі. І калі б мы не ведалі, што на магіле ляжыць велізарны валун, на якім выбіта «Алесь Адамовіч», то, магчыма, і не знайшлі б, дзе пахаваны пісьменнік. Ужо тады надпіс было цяжка прачытаць, бо ён закарэў і пачаў зацягвацца мохам…

Геня Садоўская

5.09.2011. Хлопец быў вельмі цікаўны. І вось ён дзеля свайго нейкага дзіцячага эксперыменту падпаліў два кілаграмы пораху, што былі ў бацькі, які зрэдку хадзіў на паляванне. Порах хлопцу спаліў увесь твар. Пра гэтую бяду даведаліся яўрэі, якія тут жа параілі бацькам знявечанага схадзіць да Гені Садоўскай, якая лячыла апёкі. Старая яўрэйка вылечыла хлопца і ў яго на твары не засталося ні шрамчыка. І калі ж Геня Садоўская звярнулася да Машэрава, каб ён даў ёй лепшую кватэру і пенсію, а яна пасля гэтага перадасць сакрэт лячэння апёкаў, замест кватэры і пенсіі на Геню Садоўскую завялі крымінальную справу за незаконнае лячэнне людзей…

Угольнікаў у ліфце

7.09.2011. На працы, вяртаючыся з абеду, у ліфт зайшоў з мужчынам і дзвюма жанчынамі. Глянуўшы на мужчыну, які стаяў высока задзёршы нос, пазнаў у ім расійскага артыста Ігара Угольнікава. На шостым паверсе, дзе Міністэрства культуры, артыст выйшаў. Жанчыны тут жа ажывіліся: «Угольнікаў! Ну і гунуровы! Стаіць, як востры вугал праглынуў!» Прыйшоўшы да сябе ў кабінет, я заглянуў у інтэрнэт і даведаўся, што Ігар Угольнікаў цяпер старшыня тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы…

Трэніруюцца…





7.09.2011. Ужо тыдзень, як кожны дзень даю інтэрв’ю практыкантам розных выданняў. Пытанні ў большасці звычайныя, але ёсць і нечаканыя, і цікавыя. З нагоды ўсіх інтэрв’ю ў галаве ажыла прыпеўка: «Меня милый не целует. Говорит: «Потом! Потом!» Я иду, а он на крыше тренеруется с котом…»

«Лакаматыў» Яраслаўль…

7.09.2011. Усё лета чакаў хакея… А хакея заўтра не будзе… Будзе жалоба…

Панаехала гасцей…

9.09.2011. Мастак Алесь Квяткоўскі, завёзшы свае карціны ў Валожын, вяртаючыся дамоў, хацеў зазірнуць на якую гадзіну да Алеся Лася або Фэліка Янушкевіча. Сустрэцца не атрымалася — абодва мастакі заняты замежнымі гасцямі…

І я быў крытыкам…

9.09.2011. На пачатку 80­х гадоў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі працаваў Анатоль Сідарэвіч і я, як і многія з майго пакалення, дзякуючы яму, стаў пісаць рэцэнзіі. Крытыкуючы па заказе, я не адразу зразумеў, што займаюся не тым, чым трэба. І хоць я супрацоўнічаў з «ЛіМам» гады два, але за гэты час паспеў пакрыўдзіць некалькі добрых паэтаў. І сёння мне даўным­даўно сорамна за тое, што я быў «крытыкам». А трыццаць гадоў назад некаторыя мае літаратурныя аднагодкі «вучылі пісаць» і Танка, і Шамякіна, і Гілевіча, і Барадуліна…

* * *

9.09.2011. Чым больш графаманісты чалавек, тым больш крыўдлівы…

* * *

10.09.2011. У апалай лістоце ёсць золата і смецце майго жыцця…

Дзесяць гадоў таму…

11.09.2011. Дзесяць гадоў таму, на другі дзень пасля тэрактаў у Амерыцы, мы з Людмілай ехалі ў цягніку Мінск — Вільнюс на выступленне ў Смаргонь. Было страшна, бо здавалася, што тэрарысты прылятуць на самалётах і ў Мінск. У нашым вагоне ехалі кантрабандысты, якія везлі цыгарэты і гарэлку на продаж. Праехаўшы Маладзечна, яны звярнуліся да нас, каб мы дапамаглі ім правезці іх тавар праз мытню. Пачуўшы, што выходзім у Смаргоні, кантрабандысты нам не паверылі і, раззлаваўшыся, больш ні да кога ў нашым вагоне не прыставалі…

* * *

11.09.2011. У прыцемку вялікі белы кот выйшаў з пад’езда і лёг на апалае на асфальце лісце. І цяпер ён як белая хмарка на зорным небе…

* * *

12.09.2011. Вечарэе. Чайкі над Свіслаччу, як вялікія белыя мухі над чорным восеньскім мёдам…

Ішоў прыгожа…

12.09.2011. Едучы на аўтобусе з працы па праспекце Пераможцаў, убачыў народнага артыста. Ён у рудой скуранцы, з кіёчкам у правай руцэ, пакульгваючы на левую нагу, з голай сівой галавой і ў чорных акулярах няспешна, час ад часу спыняючыся, ішоў сярод амаль бягучых людзей. Ішоў прыгожа, як кот Базіліа, у якога ў левай кішэні ляжалі пяць залатых манет ад Бураціна…