Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 54 из 86

Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут...

У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам Храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню...

Крыху ад’ехаўшы ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі...

Нарач. Адзінаццаты дзень...

14.08.2011. У доме, дзе мы кватаруем, на другім паверсе мае кватэру паэт­гумарыст Уладзімір Ермалаеў. Ён учора вечарам прыехаў з Мінска і, адпачыўшы, сёння нас запрасіў да сябе паспрабаваць кавуна. Мы з радасцю пайшлі, бо крыху засумавалі без гутарак з творчымі людзьмі. Павінен быў да нас далучыцца Мікола Шабовіч, які жыве каля Нарачы ў 30 кіламетрах, але не паехаў, бо пабаяўся кепскага надвор’я. І, відаць, правільна зрабіў, што не прыехаў, бо, як толькі мы селі за стол, пачалася страшная залева, якая ў двары пазатаплівала машыны. Пазней мы даведаліся, што ў Мінскай вобласці наогул быў вялікі буран і град. І пакуль бушавала навальніца, Уладзімір Фаміч чытаў нам свае пародыі, і ўсім нам было весела і светла...

Некалькі дзён назад мне снілася вёска. Прыйшоўшы да сажалкі, што на перакрыжаванні, я сустрэў Уладзіміра Ермалаева, які выдаваў ровары пакатацца. На роварах ужо каталіся мае памерлыя аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок. І так хутка яны ездзілі па вуліцы, што аж страшна было. І я ад страху прачнуўся. Сёння, гасцюючы ў Ермалаева, я ўбачыў у яго два ровары, і Уладзімір Фаміч, згледзіўшы куды я гляджу, сказаў: «Можаце ўзяць пакатацца...»

Нарач. Дванаццаты дзень...

15.08.2011. Яшчэ ў першы дзень кватаравання заўважыў, што ў ложка, на якім сплю, няма адной ножкі, а замест яе пакладзены тры кніжкі. Сёння пачытаў назвы: першая кніжка — падручнік для 4 класа па англійскай мове, другая — нейкая таксама замежная і трэцяя — «Судьбы книг. В. Сажин. Книги горькой правды»...

Уладзімір Ермалаеў спецыяльна для Людмілы і мяне прынёс з бібліятэкі кніжку Генадзя Малышава і Алега Карзеёнка «Нарочанское эхо Вердена. К 90­летию Нарочанской трагедии Первой мировой войны (18.03.— 28.03.1916)». На жаль, дзе гэтая кніжка выйшла і якім накладам — невядома. А зацікавіла мяне гэтае выданне найбольш таму, што ў 1916 годзе на вайне загінуў мой прадзед Яська Шніп...

Першую сусветную вайну ў рускай арміі называлі Еўрапейскай вайной...

У кніжцы шмат фотаздымкаў з фронту, які праходзіў па нарачанскім краі. Гледзячы на здымак з подпісам «Тоска по женщине. Художник (разведчик Алексеев) и его скульптура из сырого песка», узгадаў Геніка Лойку з яго легендарнымі скульптурамі...

У Свята­Ільінскай царкве ў вёсцы Кабыльнік (цяпер Нарач) быў нямецкі шпіталь 21­га армейскага корпуса...

За час Еўрапейскай вайны было збіта 12 250 самалётаў (нямецкіх і рускіх). Большасць паветраных баёў адбылося ў беларускім небе...

У 80­я гады мінулага стагоддзя каля вёскі Беркаўшчына Княгінінскага сельсавета (цяпер вёска не існуе) было знішчана пахаванне рускіх салдат, якія загінулі ў час газавай атакі: спачатку бульдозерамі знеслі драўляныя крыжы, а потым экскаватарамі бралі пясок на падсыпку дарогі да птушкафермаў... У вёсцы Варашылкі прама на немецкім пахаванні пабудаваны дом, каля якога валяецца каменная пліта з нямецкім надпісам...

Над Нараччу кожны дзень лётае па некалькі разоў верталёт. А гэта значыць, што ў адпачываючых грошы яшчэ не скончыліся...

Нарач. Трынаццаты дзень...

16.08.2011. Першае, што сёння зрабіў — павіншаваў сваю малодшую сястру Валю з днём народзінаў...

Вужык, як шнурок з бацінка велікана, перапоўз лясную сцяжыну...

У паветры запахла школай. У гэткі час у дзяцінстве перад 1 вераснем мяне стрыг бацька. Стрыг пад нуль, і я прыходзіў у школу калючы, як вожык...





Па тратуары два мужыкі валакуць газонакасілку. Старэйшы кажа: «Ты ведаеш, а ў нашай працы на Нарачы ёсць вялікі плюс!» — «Які ж?» — пытаецца маладзейшы і чуе: «Вельмі многа прыгожых маладых жанчын!»

Нарач. Чатырнаццаты дзень...

17.08.2011. І дамоў не хочацца, і на Нарачы ўжо амаль усё аблазілі. І я гляджу праз акно на нарачанскія сосны і сумую па першых днях адпачынку...

Уладзімір Ермалаеў усё прапануе і прапануе пакатацца на яго роварах. А я ніяк не магу забыцца пра сон, дзе на яго роварах каталіся мае аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок, якія памерлі...

У кніжцы Генадзя Малышава пра Еўрапейскую вайну і Нарачанскую трагедыю (18.03 — 28.03.1916 г.) ёсць і старонка пра каханне, дзякуючы якому не згубіўся журнал ваенных дзеянняў ад 19 ліпеня 1914 года з імёнамі 202­х Георгіеўскіх кавалераў 22­га Ніжагародскага палка. Журнал захавала Лідзія Ільінічна Дунец, 1918 года нараджэння, якая яшчэ нядаўна жыла ў доме, збудаваным яе бацькам у 1902 годзе ў вёсцы Баяры Мядзельскага раёна. У Еўрапейскую вайну, па словах Лідзіі Ільінічны, у іх доме кватараваў палкоўнік, які і пакінуў журнал. Аднак журнал, відаць, захоўваўся не таму, што ў ім спіс Георгіеўскіх кавалераў, а таму, што ў ім запісана чатырохрадкоўе, прысвечанае Лідзе Дунец: «Я помню всё и голос милый и ласки, ласки без конца. Я буду помнить до могилы черты любимого лица. К. 23.06.40 г.». Як не спрабаваў Генадзь Малышаў даведацца ў 87­гадовай гаспадыні журнала, хто ж хаваецца за «К», яна так і не прызналася. І ўсё ж бабуля расказала, што яна адналюбка і, калі «К» прысвячаў ёй вершы, яна кахала другога, а той другі быў закаханы не ў яе. Так Лідзія Дунец і не выйшла замуж. На жаль, не ўсе старонкі журнала захаваліся. Магчыма, сярод Георгіеўскіх кавалераў быў і мой прадзед Яська Шніп...

Пад вечар патэлефанаваў Уладзімір Ермалаеў і папрасіў, каб да яго тэрмінова зайшоў наш Максім. «Відаць, хоча, каб хлапец яму дапамог нешта зрабіць...» — падумаў я. І калі Максім праз пару хвілін вярнуўся, мы даведаліся, што Ермалаеў яго пазнаёміў з дзяўчатамі і ён ужо сёння вечарам з імі ідзе на танцы...

Нарач. Пятнаццаты дзень...

18.08.2011. Чацвер. У нядзелю збіраемся вярнуцца дамоў. Мне ў панядзелак на працу, а Людміле — 29 жніўня. Праўда, цяпер, калі Максім пазнаёміўся з дзяўчатамі, можа так атрымацца, давядзецца ехаць у Мінск аднаму...

У курортным пасёлку ўжо тыдзень жывуць і ходзяць па вуліцах шумнай і вясёлай кампаніяй маладзенькія цыганкі. Старэйшай недзе гадоў дваццаць, а меншай паўгода, і яе цыганкі па чарзе носяць з сабой. Усе чыста і модна апранутыя, сімпатычныя і не прыстаюць пагадаць...

Вельмі шмат пажылых расіян. Ходзяць парамі і ўспамінаюць маладыя гады...

Які ўжо дзень бачу п’янага расіяніна. Ён прыстае да ўсіх, каб разам выпіць. Ахвотных з ім піць няма, і ён п’е адзін...

У нарачанскіх белых чаек белае гаўно...

У лесе вельмі шмат сыраежак і смецця...

Нарач. Шаснаццаты дзень...

19.08.2011. Білетаў на выязную экскурсію не было, і мы вырашылі схадзіць на каталіцкія могілкі ў вёску Кабыльнік (цяпер Нарач). І каб дарэмна не блукаць, выйшаўшы з курортнага пасёлка, я ў першага сустрэчнага запытаўся: «А дзе тут старыя могілкі?» Мужчына аказаўся гаваркім. Растлумачыўшы як ісці да могілак, ён ні з таго ні з сяго сказаў: «Хопіць нам дзвюх моў: беларускай і польскай. А без рускай мы не памром!»

Амаль у самым цэнтры могілак пад соснамі стаіць манумент салдатам 21­га армейскага корпуса немецкай арміі, а каля яго ладны пляц з крыжамі. Захавалася недзе каля 350...

Успамінаючы свайго прадзеда Яську Шніпа, які загінуў у час Еўрапейскай вайны ў 1916 годзе і ляжыць недзе ў брацкай магіле, я вырашыў запісаць на памяць некалькі прозвішчаў немцаў. Магчыма, сярод гэтых немцаў ёсць і тыя, у баі з якімі загінуў мой прадзед...