Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 86

Улан

8.06.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын: «Я ў тваёй кніжцы «Проза і паэзія агню» знайшоў недакладнасць. Ты пішаш: «Крысціна Андрэеўна — маёй бабулі Параскі родная сястра...» Гэта няправільна, бо Крысціна Андрэеўна — не сястра тваёй бабулі Параскі, а жонка Янкі Шніпа, які быў бацькам твайго дзеда Юзі». І расказаў мне Анатоль пра майго прадзеда Івана Кандратавіча Шніпа (1866—1916): «Янка быў уланам у царскім войску і ў час Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях з немцамі на фронце, які праходзіў па тэрыторыі цяперашняга Смаргонскага раёна і каля возера Нарач. Прадзед твой там і загінуў. У час нямецкага нападу яму шабляй была адсечана галава. Пра гэта вестка прыйшла ў Пугачы ад аднавяскоўцаў, якія таксама ваявалі з немцамі. Янка недзе ў Смаргонскім раёне і пахаваны ў брацкай магіле. Казалі, што ён быў высокі, прыгожы, добра адукаваны. Ды ўсе Шніпы высокага росту...» — «Адзін я няўдалы...» — перабіваючы Анатоля, я тут жа пачуў: «Што той высокі рост? Галоўнае, каб галава добрая была. А ў цябе галава ёсць...»

Сумна

9.06.2010. Сёння цэлы дзень да мяне ў выдавецтва прыходзілі з творамі адны пенсіянеры. Хоць бы адна маладая паэтка! Чытаючы наведвальнікаў, узгадаўся Саша Чорны: «Холостой стаканчик чая. Хоть бы капля коньяку! Добросовестно скучаю и зелёную тоску заедаю колбасой»...

Маўзон і яго жонка

10.06.2010. Тэлефонны званок: «Вас турбуе жонка драматурга Аркадзя Маўзона. Хачу даведацца пра яго п’есы, якія гадоў дваццаць ляжаць у выдававецтве. Ці можна іх забраць?» Пачуўшы, што рукапіс можна забраць, жанчына паскардзілася, што з­за Дударава нікуды не прабіцца і пра драматургаў, якія памерлі, усе забыліся. Гаворым доўга і шчыра. Жанчыне 92 гады і яна яшчэ цікавіцца ўсім, што адбываецца ў беларускай культуры. На развітанне запыталася як мяне завуць. «Віктар Шніп»,— адказаў я. «Шнік?» — перапыталася жанчына. «Шніп!» — паўтарыў я. «Шнір?» — «Шніп!» — «Шніл?» — «Не! Шніперзон!» — «А­а­а! Шніперзон. Вельмі прыемна!» — нарэшце пачула мая суразмоўца.

Царазабойца

12.06.2010. Да палавіны дагледзеў фільм Шахназарава «Царазабойца». Далей не стаў, не таму, што фільм не спадабаўся, а таму, што цара і яго сям’ю расстраляюць…

* * *

12.06.2010. Узгадалася. Гадзіны чатыры ночы. Цемра непраглядная. З аднакласнікамі вяртаюся з Еленкі з танцаў. Дарога праз лес. Страшна аж жутка, бо здаецца, што навокал за намі сочаць вурдалакі, якія ў любы момант могуць напасці на нас. І мы ідзём моўчкі і не азіраючыся. І ў мяне перад вачыма, як ікона, постаць аднакласніцы, з якой танцаваў…

Валік

12.06.2010. Даведаўся, што хлопца з Сасноўцаў, які быў падобны да Мулявіна, звалі Валікам. За паўгода да самагубства Валік пачаў казаць знаёмым: «Я абрыд не толькі вам, а ўжо і самому сабе!» І неяк, едучы на матацыкле, п’яны Валік убачыў каля дарогі цыстэрну з аміякам. Спыніўся. Залез на бочку, адчыніў люк і нырнуў у смярдзючую вадкасць. Ад Валіка застаўся матацыкл і шкілет…

Мухля

12.06.2010. Непадалёку ад нашага дома ёсць невялікі парк, які ўсе называюць Мухляй. У парку існуе вадаём. Яшчэ гады тры назад яго рэгулярна чысцілі ад смецця і ў спякотныя дні ў ім купаліся дзеці і падпітыя дарослыя. Побач з вадаёмам на беразе стаяў жалезны, пафарбаваны ў сіні колер, стэнд, які папярэджваў, што купацца нельга. На стэндзе была інфармацыя, з якой можна было даведацца ў які год і колькі чалавек патанула. Цяпер стэнда няма. Ніхто не купаецца, а ў вадаёме плаваюць дзікія качкі і пух ад таполяў. А нядаўна сярод ціны і смецця зацвілі жоўтыя гарлачыкі…

Навіны з Пугачоў

13.06.2010. З Пугачоў тэлефанавала цётка Аля. Расказала, што ўсю ноч бушавала навальніца. На мінулым тыдні ў вёсцы памерлі два мужчыны. Аднаму было 38 гадоў. Лавіў у сажалцы рыбу, седзячы на беразе пад кустом. Вечарам знайшлі мёртвага ў вадзе. Другі мужчына, пенсіянер, ішоў вечарам дахаты і памёр па дарозе. Цётка сказала, што абодва, у свой час, любілі добра выпіць…

Скарб

13.06.2010. Мне было трынаццаць. Начытаўшыся кніжак пра скарбы, я вырашыў закапаць свой сшытак з вершамі пад рабінай на ўзмежку нашых сотак. Мне ўяўлялася, што пройдзе шмат гадоў і нехта знойдзе мае вершы і будзе радавацца такой нечаканай знаходцы. Загарнуўшы сшытак у цэлафан, а цэлафан вымазаўшы ў салідол і паклаўшы гэты скрутак у вялікую бляшанку, я закапаў яго пад рабінай. Месяцы тры кожны дзень хадзіў да свайго скарба правяраць, каб ніхто яго без пары і часу не дастаў. Пачалася зіма. Усё пазамятала, а каля рабіны наогул намяло велізарную гурбу, якая вясной доўга не магла растаць. За зіму я надумаўся, каб мой скарб набыў большую каштоўнасць, да сваіх вершаў дакласці некалькі старых злотых, якія даўно знайшоў у Гаіку ў сметніцы. Дадаўшы злотых да свайго сшытка з вершамі, я зноў засыпаў яму. Восенню да скарба даклаў яшчэ пяцьдзясят капеек драбязой. Праз зіму не пашкадаваў рубля. Закончылася вясна, прайшло лета, і я паехаў у Мінск вучыцца. І перастаў хвалявацца за свой скарб…

У Беларусі пчолы, як гусі





14.06.2010. Учора з Людмілай хадзіў на дзень народзінаў да мастака Алеся Квяткоўскага. У майстэрні акрамя нас былі Алесева жонка Вікторыя і філосаф Уладзімір, які праз гадзіну пайшоў у горад па справах. Павінен быў прыехаць літаратуразнаўца Алесь Бельскі і яшчэ некалькі мастакоў, але ў іх не атрымалася выбрацца з дому. Таму кампанія была невялікая, але ўсё ж было каму гаварыць і пра паэзію, і пра карціны. Апошнім часам Алесь малюе пчол. Гледзячы на новыя работы, я сказаў: «У Беларусі пчолы, як гусі!» Сказаў і задумаўся: «Чыё гэта: ці я толькі што прыдумаў, ці паўвека назад Караткевіч?» Сёння на працы пра пчол, што як гусі, пацікавіўся ў Юрася Пацюпы. Ён адразу ж заявіў: «Гэта радок Рыгора Барадуліна!»

Глебавы

14.06.2010. З cамага ранку патэлефанаваў Ігару Вярсоцкаму, які для кніжкі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйдзе ў нас, у сваім выдавецтве рыхтуе музычны дыск. Ад Ігара пачуў сумную навіну: 30 мая памёр сын Глебава Радзівон, які быў вельмі таленавітым кампазітарам, але які так і не змог выйсці з ценю геніяльнага бацькі. Жонка Яўгена Глебава Ларыса Васільеўна засталася адна...

Пятро Ліпай

14.06. 2010. «Не той паэт, хто піша вершы, а той, хто вып’е першы!» — любіў, гучна смеючыся, казаць пляменнік Пятра Глебкі Пятро Ліпай. І ўжо болей ён гэтых слоў не скажа, бо ён памёр. Быў Пятро чалавекам гаваркім, завадным. Пісаў вершы і песні. Тое­сёе друкавалася, выконвалася на эстрадзе. А памёр Пятро Ліпай пасля таго, як у нейкім піўбары яго моцна пабілі...

Пра закаханага паэта

15.06.2010. Учора глядзеў японскі фільм пра закаханага паэта. Сёння нарадзіліся радкі:

Вы мая адзінота зямная,

Вас адну я люблю, як турму,

У якой я з­за Вас паміраю,

Ды без Вас і на волі памру.

І не зменіцца ў Вас анічога,

І не спыніцца сонца і час.

Не любіце мяне нежывога,

Я й жывым быў, як мёртвы, для Вас...

Дождж

19.06.2010. На вуліцы дождж. Каля майго акна высокія дрэвы з густымі галінамі, як марскія водарасці, і я сяджу ў кватэры, як у падводным царстве…