Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 86

ЧЭРВЕНЬ

Місія

1.06.2010. Едучы на працу, у аўтобусе сустрэўся з прафесарам Іванам Чаротам. Паскардзіліся адзін аднаму на надвор’е, Іван пацікавіўся здароўем маёй маці, а потым сказаў, што нядаўна пахаваў сябра. Сябар адзінаццаць гадоў адзін даглядаў хворую маці. Маці памерла, а ён праз паўгода атрымаў інсульт, потым другі і на трэцім памёр. Мужчыну было 72 гады. «Такая ўжо была ў яго місія...» — сумна падвёў вынік жыцця свайго сябра Іван Чарота.

Андрэй Вазнясенскі

1.06.2010. Памёр Андрэй Вазнясенскі. Узгадалася мая першая сустрэча з паэтам у бары Цэнтральнага дома літаратараў у Маскве. Гэта быў 1986 год. Мы, сябры­аднакурснікі, прыйшлі ў бар ужо нецвярозыя і, убачыўшы Вазнясенскага, тут жа кінуліся да яго. Ён быў з жонкай, з якой пазнаёміў нас. Потым мы пілі за кошт паэта і закусвалі бутэрбродамі з чырвонай ікрой. Адзін перад адным цытавалі ягоныя вершы. Паэт усміхаўся…

Маладыя гады і Карачынцаў

2.06.2010. Аспірант Літінстытута Андрэй Тусічышны сябраваў з артыстам Мікалаем Карачынцавым і часта мне расказваў пра яго. Даведаўшыся, што я са сваёй Людмілай ніяк не магу купіць білеты ў «Ленком», Андрэй прапанаваў пазнаёміць нас з Карачынцавым. І ўжо была назначана сустрэча з артыстам, і мы ўжо амаль сабраліся ісці, але я, падумаўшы: «Не хапала мне яшчэ, каб Карачынцаў адбіў у мяне маю дзяўчыну!», не павёў Людмілу ў «Ленком»...

Гардзей і Рудкоўскі

2.06.2010. Заходжу ў кабінет да Віктара Гардзея. Гляджу, а ён ужо каторы дзень займаецца не планавай працай — чытае вершы Міхася Рудкоўскага. Прывітаўшыся са мной, Віктар паведаміў: «Хачу падрыхтаваць да выдання ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» томік вершаў Міхася. Калі мы такіх хлопцаў, як ён, не выдадзім, дык ніхто пра іх не ўспомніць! Вось мы выдалі год назад кніжку Міколы Федзюковіча, а сёння ўжо яго паставілі ў пазакласнае чытанне...» Нічога не сказаўшы, я ўзяў адну з тоненькіх кніжак Міхася Рудкоўскага і пачытаў з яе некалькі вершаў. «Колькі ён пражыў?» — запытаўся я. «Усяго 53 гады...» — адказаў Віктар. І я, яшчэ прачытаўшы пару твораў паэта, пайшоў у камп’ютарную, дзе набіраецца перспектыўны план выдавецтва на 2011 год, і ў яго ўпісаў кніжку Міхася Рудкоўскага, якую рыхтуе Віктар Гардзей...

* * *

4.06.2010. Пайшоў другі тыдзень, як мама пасля бальніцы ў мяне. За гэты час яна паправілася на дзвесце грамаў, а я на два кілаграмы схуднеў...

Не забываецца...

4.06.2010. Цэлую ліпеньскую ноч бушавала навальніца. Страшна грымеў гром і жахалі маланкі. На вуліцы пад віхламі ў калюжынах валяліся абламаныя галіны і я, шасцігадовы хлапчук, ідучы па Лягезах гуляць да Сашкі Баранова, месцамі з цяжкасцю прабіраўся праз іх. Калі ўжо заставалася да хаты сябра метраў сто, я спыніўся перад велізарнай паваленай ліпай. Выдзертыя з зямлі карэнні, як змеі велічынёй па некалькі метраў, грэліся на сонцы. Каля кроны паваленага дрэва стаяў Сашка і нешта разглядаў у траве. Заўважыўшы мяне, сябра паклікаў: «Ідзі сюды! Паглядзі, што я знайшоў!» Пералезшы праз мокры і слізкі ствол ліпы, я падбег да Сашкі, спадзеючыся ўбачыць нешта прыгожае. У траве ляжаў вялікі чорны крумкач і па яго вялікіх расплюшчаных вачах поўзалі зялёныя мухі...

Дождж як пачатак патопу

4.06.2010. Ідучы дамоў па вуліцы праз дождж, узгадаў свае радкі: «Гэты дождж, як пачатак патопу, што затопіць і змые Еўропу...» І канцоўка: «Дождж ідзе, але ён перастане, Сонца з хмараў усё­ткі прагляне, Бо ў Еўропе стаіць мая хата, Дзе жывуць мае мама і тата». Яшчэ жывуць...





Малітва

4.06.2010. Учора, ідучы дахаты, зайшоў у Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе. Пачытаў малітву за здароўе родных, паставіў свечку. І сёння зайшоў у Храм. Памаліўся, паставіў свечку. І на змрочнай вуліцы адчуў цеплыню ў халодным дажджы…

Мама і санкі

5.06.2010. Цэлы дзень была мяцеліца і вечарам аўтобус з Мінска ў вёску не прыйшоў. Раніцай, узгрузіўшы на санкі напакаваныя сумкі і торбы свежанінай, мама павяла мяне і зяця Віцю на Караблянскі аўтобус у Кудзяўцы. Там заўсёды зімой расчышчана дарога, але да яе трэба ісці тры кіламетры. І мы пайшлі праз цемру па бездарожжы. Мама, час ад часу, усё хапалася дапамагчы нам цягнуць гружаныя санкі, якія і пустыя важаць кілаграмаў дваццаць. Недзе праз гадзіну мы дабраліся да прыпынку. Не паспелі аддыхацца, як прыйшоў аўтобус. Завалокшы свае сумкі і торбы ў яго, мы паехалі ў Мінск, а мама, памахаўшы нам на развітанне рукой, пацягнула праз мяцеліцу пустыя санкі дамоў…

Торф

5.06.2010. Мне гадоў дзесяць. На балоце каля Хмарышак бацьку і дзеду дапамагаю капаць торф. Людзей навокал шмат і не толькі з Пугачоў. Усе стараюцца, каб паспець да дажджоў нарыхтаваць паліва на зіму. Падсохлы торф возім на кані дамоў, дзе складаем у паветку. Глыбокія, недзе па тры метры, тарфяныя ямы напрацягу некалькіх дзён напаўняюцца рудой балотнай вадой. У некаторых мінулагодніх ямах цвітуць белыя гарлачыкі. Я спрабую нарваць іх, каб прынесці дамоў, але, паслізнуўшыся, трапляю ў ваду. І мне ніхто не дапамагае вылезці, бо ўсе капаюць торф…

Шнапс

5.06.2010. У Пугачах Лёнек Шніпоў некалькі чалавек. У аднаго з іх мянушка Шнапс. Ён старэйшы за мяне на гадоў дзесяць, і калі яшчэ я хадзіў у Пугачоўскую школу, то Шнапс ужо жыў і працаваў у сталіцы. Ён быў мадняком і здаравяком. Прыходзячы ў клуб на танцы, Лёнька паводзіў сябе, як кароль, і ўсе стараліся дагадзіць яму, абы толькі не пачалася бойка. Калі ж пачыналася бойка, то Шнапс кідаў усіх, хто трапляўся ў яго на шляху, праз сябе аб падлогу. Я Шнапса баяўся. І неяк, калі я ўжо бадзяўся па Мінску і друкаваўся, мы сустрэліся адзін на адзін на вячэрняй вуліцы ў Пугачах. «Здароў, Віцёк!» — павітаўся Шнапс. «Добры дзень…» — няўпэўнена адказаў я. «Чытаў твае вершы. Маладзец!» — сказаў Лёнька і пачаў распытвацца пра мае адносіны да паэзіі Вазнясенскага, Яўтушэнкі, прозы Караткевіча. Я нешта яму адказваў, а сам думаў, каб як хутчэй развітацца са Шнапсам. Лёнька ж не адставаў ад мяне і праз хвілін дзесяць нашай размовы прапанаваў пайсці да яго дахаты паслухаць замежную музыку і выпіць па сто грам. Не ведаю, чым бы закончылася мая сустрэча са Шнапсам, калі б у гэты час не ішла мама з кароўніка і, убачыўшы мяне, не паклікала дамоў…

Шнапс у школе

5.06.2010. У Дуброўскай школе Шнапс быў самым непаслухмяным вучнем. На перапынках гойсаў па калідорах як угарэлы, а на ўроках перашкаджаў і вучням, і настаўнікам. Настаўніцкія крыкі «Выйдзі з класа!» на Шнапса не дзейнічалі. Недзе ў класе шостым на адным з урокаў Лёнька давёў настаўніка фізікі да поўнага шаленства, што той, не змогшы выцягнуць вучня з­за парты, схапіў яго разам з партай і выкінуў на школьны калідор. На парце, як на санках, Лёнька праехаў метраў дзесяць…

Кола

7.06.2010. Мне гадоў пяць. Стаю на гасцінцы на Русакі і назіраю, як воз з белым канём, пыльна праімчаўшыся побач, падымаецца пад гару. І раптам у метрах ста ад мяне ад воза адвальваецца кола і, падскокваючы, коціцца з гары проста на мяне. «Уцяка­а­а­ай!» — чуецца з воза крык цёткі. «Трыма­а­а­ай!» — крычыць дзядзька. А я стаю як укапаны. А кола ўсё бліжэй і бліжэй...

Паэт і матылі

7.06.2010. Пасля абеда да мяне прыйшоў новы аўтар гадоў трыццаці. З пакета дастаў ладную папку і працягнуў мне. «Вершы?» — пацікавіўся я. «Ага...» — адказаў наведвальнік. Развязваючы тасёмкі на папцы, мне чамусьці падалося, што, як толькі я разгарну рукапіс, з яго адразу вылятуць рознакаляровыя матылі. І матылі вылецелі, а ў папцы засталіся вершы. Вершы добрыя. Малады чалавек пасля васьмі класаў працуе на будоўлі каменшчыкам. Раней свае творы нікому не паказваў. Не было часу. На развітанне, пахваліўшы маладога паэта і растлумачыўшы, чаму мы не можам цяпер выдаць яго кніжку, параіў яму пакуль што звярнуцца ў «Нёман». Паэт пайшоў, а ў маім пакоі засталіся лётаць матылі з ягонай папкі...