Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 86

Бібліятэка на вуліцы Каліноўскага

23.05.2010. Дуброўская бібліятэка знаходзіцца на вуліцы Кастуся Каліноўскага. І тое, што ёсць такая вуліца ў вёсцы — гэта не выпадковасць, бо калі ўспомніць, што пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадах касцёл у Дубровах быў зачынены, то можна смела сказаць, што многія парафіяне, якіх было каля двух з паловай тысяч, змагаліся з расейскімі войскамі. І гінулі, бо ў кіламетрах дзесяці на могілках у вёсцы Плябані пахавана некалькі паўстанцаў. Да ўсяго, думаю, і мае аднавяскоўцы не сядзелі ў той час у запечку.

У бібліятэцы мяне і маіх сваякоў Леаніда і Анатоля чакалі і сустрэлі вельмі ветліва. Жанчыны адразу паскардзіліся, што кніжак у іх толькі шэсць тысяч. Тут жа ўспомнілася хатняя бібліятэка Янкі Сіпакова, у якой 10 тысяч тамоў. На стэндзе выстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі. Сярод іх — маленькая танюсенькая кніжачка вершаў Вячаслава Міхасёнка. На самым бачным месцы «Дадзеныя ўзросту вёсак на 2010 год»: «Дубровы — 557 г., Еленка — 219 г., Бортнікі — 363 г., Навасёлкі — 219 г., Гойжава — 307 г., Кайцені — 259 г., Пазнякі — 210 г.». Думаю, што і маім Пугачам недзе пад 300 гадоў, а мо і болей. «А колькі кіламетраў ад вас да Еленкі?» — пацікавіўся я. «Кіламетры тры»,— адказала бібліятэкарша і тут жа дадала: «Я ведаю, што там нарадзілася ваша аднакласніца Зоя Шымель, пра якую вы ўзгадваеце ў сваіх творах пра каханне». «Так. А ці не ведаеце вы, дзе цяпер Зоя?» — запытаўся я. «Не ведаю. Але я распытаюся ў свайго сваяка, які жыве ў Еленцы»,— абяцала жанчына і прапанавала папіць гарбаты. Мы ветліва адмовіліся. І толькі пераступілі нагой за парог, як нас перастрэў на ровары загарэлы мужчына. Гэта спецыяльна прыехаў, каб пазнаёміцца са мной, аднакласнік Анатоля і Леаніда Косця Лёля, які да пенсіі быў адным з мясцовых начальнікаў…

Міліцыянер і шкілет

23.05.2010. У Дубровах жыве былы міліцыянер. Выйшаўшы на пенсію, ён пачаў запіваць. І, відаць, зусім адпіўшы мазгі, бо нармальны чалавек не будзе трывожыць памерлых, ён раскапаў сутарэнні касцёла, дзе былі пахаваны былы ўладар Дуброў Адам Хмара і яго нашчадкі. Знайшоўшы чалавечы шкілет, былы міліцыянер прынёс яго дамоў і паставіў сярод хаты. Вечарам вярнулася з працы жонка і, убачыўшы шкілет, так перапалохалася, што перастала гаварыць…

Хмарышкі

23.05.2010. Каля маіх Пугачоў ёсць мясціна, якая і па сённяшні дзень называецца Хмарышкі. Раней там быў маёнтак, дзе жыў пан Хмара. Яшчэ гадоў трыццаць назад там быў сад і зарослыя травой фундаменты вялікіх будынкаў. Па сённяшні дзень захавалася возера, у якім водзіцца рыба. І, відаць, гэты наш пан быў адным з нашчадкаў Адама Хмары, які ў Дубровах больш двухсот гадоў назад збудаваў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.

Польскія кашары

23.05.2010. У канцы ліпеня 1919 года Дубровы апынуліся пад панскай Польшчай. Потым палякі адступілі, і Дубровы былі заняты Чырвонай арміяй, але ненадоўга, і паводле Рыжскай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года па 1939 год Дубровы сталі прыгранічным мястэчкам. У той час недалёка ад цэнтра вёскі Дубровы па правым баку дарогі Дубровы­Гарадок, на ўзгорку, дзе цяпер хаты Соф’і Салавей і Івана Салаўя, стаялі кашары. Так называлася польская пагранічная застава. Мяжа праходзіла паміж вёскамі Уша і Туркаўшчына, за 4 кіламетры ад Дуброў. У кашарах былі казарма, канюшня, лазня, сталоўка, скляпы і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каб пракарміцца, салдаты для сябе гадавалі свіней і кароў. Пабудовы стаялі на моцных фундаментах. Некалькі фундаментаў захавалася да нашага часу, бо калі з хутароў пачалі ссяляць гаспадароў у вёску, то хутаране пабудавалі свае дамы на іх, а так усё было разбурана і знішчана...

Глафіра

23.05.2010. Пасля наведвання Дуброўскай бібліятэкі, Леанід Жыткевіч завёз мяне з Анатолем Блашчытыным да сябе ў Навасёлкі паабедаць. Нас сустрэла ветлівая гаспадыня, якая прадставілася «Глафіра», а я ці то ад стомы, ці проста недачуў, падпісваючы кніжкі, напісаў: «Шаноўным Леаніду і Графіні…» Праўда, тут жа паправіўся, а хаця б і мог пакінуць, як напісаў, бо Глафіра, сапраўды, крыху падобная да графіні…

Крыніца

23.05.2010. Ідучы па Навасёлкаўскай вуліцы да старых уніяцкіх могілак, я звярнуў увагу, што каля плота адной хаты месціцца невялічкая ўтравелая балаціна, ад якой прама па вуліцы метраў сто цячэ вада, а потым па пракапанай канавіне сцякае праз поле да рачулкі. Падумалася, што гэтая вада з прарванай водаправоднай трубы, да якой нікому няма справы, але Леанід Жыткевіч, нібы здагадаўшыся, пра што я думаю, сказаў: «Гэта крыніца. Яна цячэ круглы год…»

* * *

23.05.2010. Ад Навасёлкаўскіх уніяцкіх могілак застаўся зарослы кустамі пагорак. Праўда, месцамі з зямлі віднеюцца каля дзесяці помнікаў, па якіх можна даведацца, што яшчэ ў 1926 годзе тут хавалі людзей. І пра тое, што тут, на пагорку, могілкі нагадваюць касачы і кусты шыпшыны. Словам, яшчэ не прайшло і дзевяноста гадоў, а ўжо толькі такія дзівакі, як я са сваімі сваякамі Леанідам і Анатолем, якім дорага наша мінулае, прыходзяць да магіл нашых продкаў. Вяртаючыся назад у вёску, я выказаў меркаванне, што яшчэ пройдзе гадоў пяцьдзясят, а то і меней, як з пагорка пачнуць браць пясок для будоўляў і ніхто не спыніцца, натрапіўшы на чалавечыя чарапы і косці. Леанід і Анатоль не сталі мне пярэчыць…

* * *

23.05.2010. У Навасёлках ад хаты Леаніда Жыткевіча да месца, дзе пахаваны французскія салдаты, што загінулі ў 1812 годзе, метраў трыста. Праз хвілін дзесяць я, Леанід і Анатоль Блашчытын з кургана разглядаем наваколле. Прыгожа. Пытаюся: «А тут раскопкі былі?» — «Не. Тут ніхто не капаўся. А, відаць, калі капануць на метры тры, то можна натрапіць на французскія косці»,— адказвае Леанід і, паказваючы рукой удалеч на зарослую ельнікам гару, кажа: «А там замчышча. На гары і сёння ёсць вялікі роўны пляц, на якім, кажуць, стаяў вялікі і непрыступны замак». Збіраемся ісці да замчышча, але нечаканы навальнічны дождж парушае нашы планы…





Міклашэўскі і Рублеўская

28.05.2010. З сённяшняга «ЛіМа» даведаўся, што памёр пісьменнік Яўген Міклашэўскі. Гэта ён сказаў Людміле Рублеўскай перад яе ад’ездам у Маскву на вучобу ў Літінстытут, каб, калі ўзнікне якая праблема, зайшла за дапамогай да Шніпа. І яна зайшла дзеля цікавасці, і цяпер у яе куча праблем…

Мой аднакласнік Сашка

29.05.2010. Сёння майму сябру дзяцінства і суседу Сашку Балотніку было б 50 гадоў. Ён быў здаравейшы за нашых аднакласнікаў, і ўсе яго баяліся. Пабойваўся і я, але і Сашка ніколі да мяне не чапляўся. Недзе гады чатыры назад, калі я прыязджаў у вёску і корпаўся у градах, да плота падышоў Сашка і папрасіў пазычыць тысячу. Я даў яму пяць. І гэта была наша апошняя сустрэча. Ён памёр у адзіноце 1 студзеня 2007 года — задушыўся куском сала, якое, добра не перажаваўшы, спрабаваў праглынуць…

* * *

29.05.2010.

Зялёныя дрэвы стаяць за вакном,

Нібыта бакалы з зялёным віном,

Якому да восені стаць залатым,

Каб восені нашай напіцца у дым,

Што хмарамі будзе чарнюткімі плыць

Над светам, дзе дом мой самотны стаіць,

Дзе я ля вакна, адзінокі, сяджу,

Чакаючы сонца ў краіне дажджу…

Хоць і сонца свеціць, а ў мяне такі настрой, нібыта дождж ідзе…