Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 86

* * *

17.05.2010. Маме стала зусім дрэнна. Паклалі ў Ракаўскую бальніцу. Адчуваю сябе хворым...

На вакзале

19.05.2010. Чакаючы маршрутку ў Ракаў, зайшоў у падземны пераход, каб схавацца ад дажджу. Стаю з поўнай торбай. Настрой ніжэй нуля. Праз хвілін дзесяць бачу: да мяне ідзе міліцыянер і глядзіць здалёку проста мне ў вочы. «Будзе, відаць, дакументы пытацца. А дакументаў у мяне з сабой аніякіх!» — падумаў я і хуценька ўліўся ў людскі натоўп, што ішоў у горад. Міліцыянер пад дождж не палез…

Дарога да мамы

19.05.2010. У Ракаў заехаў за пяцьдзясят хвілін. Усю дарогу думаў пра маму. Потым за дваццаць хвілін дабраўся з вакзала да бальніцы. Перад бальніцай спыніўся, бо стала неяк страшна ісці далей. Пайшоў дождж, і я пайшоў. Адразу не мог знайсці маміну палату. Заходжу. Мама ляжыць на ложку каля акна. Ёй толькі што паставілі кропельніцу. Жывая!

У палаце з мамай

19.05.2010. Пасля кропельніцы мама з маёй дапамогай села на ложку. Усё, што прывёз, не хацела браць. Пытаюся, ці снедала. Кажа, што ела. Прапанаваў яшчэ паесці. Захацела толькі варанае яйка. Пагаварылі, памаўчалі. У палаце з мамай яшчэ дзве жанчыны. Адна ходзіць, а другая, старэйшая, ляжыць і цяжка дыхае. Праз хвілін дваццаць у нашу палату прыадчыніліся дзверы і пачалі зазіраць па чарзе хворыя, і я пачуў іхні шэпт: «Паэт да маці прыехаў… Шніп…»

У Ракаўскім вакзале

19.05.2010. У бальніцы прабыў больш гадзіны. Толькі выйшаў ад мамы, як пайшоў дождж. Крыху прамачыўся, але ісці да маршруткі было лёгка — мама трымаецца і, дасць Бог, ачуняе. Стоячы на прыпынку, вырашыў заглянуць у Ракаўскі вакзал, у якім не быў гадоў пяць. У гэтым будынку, калі быў маладым, часта, едучы дамоў, чакаў свайго аўтобуса. Часам даводзілася сядзець па некалькі гадзін, таму нярэдка пісаў вершы. І напісаў нямала, бо сем гадоў кожную пятніцу быў праездам у Ракаве. Спадзеючыся пасядзець на тых жа памятных мне лаўках, адчыняю дзверы і бачу прадуктовую краму з гарэлкай, каўбасамі, рыбай, макаронамі…

Няма таго, што раньш было…





20.05.2010. Быў у мамы ў Ракаўскай бальніцы. Яна ўжо для свайго ўзросту больш­менш нармальна сябе адчувае. Вяртаючыся ў Мінск, на вакзале ўбачыў аўтобус «Валожын­Пугачы». Зазірнуў. Аніводнага знаёмага твару…

Першы прыпынак у царкве

23.05.2010. У Навасёлкі знаёміцца з траюрадным дзядзькам Леанідам Жыткевічам, які цяпер на пенсіі і ў вольны час малюе, давялося ехаць аднаму — Людміла прастыла, а сын Максім паехаў з аднакласнікамі ў Тальку на экскурсію. Анатоль Блашчытын — мой далёкі сваяк — уляцеў у электрычку на Маладзечна за хвіліну да адпраўлення. Усю дарогу прагаварылі, таму гадзіна язды праляцела незаўважна. У Дубровах нас ужо чакаў Леанід на машыне. Побач стаяў нейкі дзіўны трактар, за рулём якога сядзеў стары. Да яго залезла пажылая кабета з электрычкі, і яны паехалі. Леанід паведаміў, што гэты трактар чалавек змайстраваў сам. Яму цяпер 77 гадоў. Па дарозе ў Навасёлкі спыніліся каля Дуброўскай царвы, дзе якраз ішла служба — Анатоль захацеў пакінуць памінальныя запіскі. У царкве было каля дзесяці чалавек. Збудаванне драўлянае. На ўваходзе вісіць шыльда на беларускай мове: «Беларуская Праваслаўная царква ў імя Нараджэння Прасьвятой Багародзіцы. Адноўленая ў 90­х гадах 20­га стагоддзя стараннямі свяшчэнніка Іаана Крупко». Святар у Дубровах вядомы і як паэт. Асобныя ягоныя вершы краязнаўца Міхась Казлоўскі дапамог надрукаваць у Маладзечанскіх газетах. У Храме шмат іконаў. Многія тканыя. Напрыканцы службы ў царкву была занесена шырокая сіняя лава — пачалася падрыхтоўка да адпявання памерлага. Памёр пяцідзесяцітрохгадовы Руды з Навасёлак. Леанід не змог успомніць, як яго завуць. Адстаяўшы да канца службу, мы працягнулі сваю дарогу…

У Дуброўскай школе

23.05.2010. Пасля царквы Леанід Жыткевіч павёз мяне і Анатоля Блашчытына ў Дуброўскую школу. Нас ужо чакалі дзве настаўніцы, якія правялі экскурсію па кабінетах і школьным музеі. На калідорах і ў класах ціха — у суботу дзеці не вучацца. Гадоў пятнаццаць назад тут было каля 400 вучняў. Дзеці хадзілі не толькі з Дуброў, але і з далёкіх вёсак. Да маіх Пугачоў сем кіламетраў. Мог тут канчаць дзесяцігодку і я, калі б пасля васьмі класаў Пугачоўскай школы не паступіў у Мінскі архітэктурна­будаўнічы тэхнікум. Цяпер у школе 66 вучняў. У свой час у школе працаваў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і які шмат разоў бываў у Дубровах. Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам бывалі і ў маіх Пугачах — хадзілі ў госці да свайго сябра Паўла Дзюбайлы, які ў нас працаваў настаўнікам. Анатоль Блашчытын загарэўся жаданнем зрабіць адпаведную шыльду і прымацаваць яе на будынак Пугачоўскай школы. Харошая ідэя. Трэба будзе неяк яе ажыццявіць. Калідоры Дуброўскай школы ўпрыгожаны карцінамі Яўгеніі Васілеўскай. Заглянулі ў школьны краязнаўчы музей. Усё зроблена з густам і з любоўю да роднай вёскі і людзей, якія ў ёй жылі і жывуць. У музеі захоўваюцца здымкі выпускных класаў, на якіх шмат знаёмых твараў. Дамовіліся з настаўнікамі, што я прыеду да іх восенню, калі пачнецца новы навучальны год, каб выступіць перад школьнікамі.

Мастачка з Пугачоў

23.05.2010. У маіх Пугачах 3 ліпеня 1928 года нарадзілася мастачка Яўгенія Мікалаеўна Васілеўская. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, яна паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага мастацкага ўніверсітэта, дзе вучылася пяць з паловай гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта 12 гадоў працавала настаўніцай малявання ў Дуброўскай школе. Потым была лабаранткай у калгасе. Выйшаўшы на пенсію, працягвае па сённяшні дзень маляваць. Яе карціны ўпрыгожваюць школу, ёсць у дамах аднавяскоўцаў і ў царкве вёскі Дубровы. Я хацеў пазнаёміцца з мастачкай, але, на жаль, мне сказалі, што яе якраз сёння няма дома…

Дубровенская рымска­каталіцкая парафія

23.05.2010. Упершыню Дуброва ўпамінаецца ў летапісах у 1453 годзе, калі тут Глябовічамі быў фундаваны касцёл. У 1576 годзе на месцы старога касцёла Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ўзвёў новы касцёл і надзяліў святыню новым фундушам. У 1625 годзе тут знаходзіўся кляштар ордэна бернардзінцаў. У 1670 годзе сур’ёзна пашкоджаны ў час вайны Расіі з Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай (1654—1667 гг.) касцёл адрэстаўравала на свае сродкі Марцыбяліна Глябовіч. У 1770 годзе святыня зноў была адрэстаўравана Матэвушам Марцынкевічам і асвечана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святых апекуноў Мацвея Апостала і Станіслава Біскупа. Драўляны, пабудаваны ў выглядзе крыжа, пакрыты гонтаю касцёл завяршаўся купалам па цэнтры і чатырма вежамі — адной маленькай над вялікім алтаром і трыма большымі над бабінцам (прытворам). Пры касцёле была адкрыта школа для шляхты і мяшчан. У 1787 годзе касцёл згарэў. Ролю святыні часова выконвала шопа з бруса, з крыжамі над крухтай і прэзбітэрыем, з закрыстыяй. У алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках. Адам Хмара, тайны саветнік і ваявода мінскі, розных польскіх і расійскіх ордэнаў кавалер, які з 1791 года стаў новым уладаром мястэчка Дуброва, у 1796 годзе заснаваў на месцы раней існуючых драўляных касцёлаў, на пагорку, што дамінуе над мястэчкам, новую мураваную святыню ў стылі класіцызму пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. У 1805 годзе Храм быў асвечаны. У тым жа годзе Адам Хмара памёр і быў пахаваны, як фундатар, у сутарэннях касцёла. Скляпы святыні сталі радавой пахавальніцай і для ўсіх пакаленняў яго нашчадкаў. Гэта была прыгожая каменная святыня даўжынёй 48,5 аршынаў, шырынёй 33,5 і вышынёй 22 аршыны, пабеленая звонку і ўнутры. У 1842 годзе ў Дубровенскай парафіі налічвалася 2326 каталікоў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены, а дубровенскія каталікі былі адпісаны да Ракаўскай парафіі. У 1868 годзе касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву. Пасля царскага маніфеста 1905 года аб свабодзе сумлення каталікам дазволілі ў Дуброве ўзвесці драўляную капліцу. За аснову быў узяты будынак, што стаяў за 20 сажняў ад панскага дома Льва Львовіча Ваньковіча. У ім зрабілі алтар, а над уваходам узвялі невялікую вежу са звонам. Капліцу асвяцілі 28 снежня 1906 года. У 1919 годзе будынак святыні вярнулі каталікам. У 1926—1929 гадах ён быў рэстаўраваны і зноў набыў аблічча касцёла. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны колькасць парафіян перавышала 2 тысячы чалавек. У чэрвені 1948 года пасля арышту ксяндза Яна Казіміравіча Татарскага (нарадзіўся ў 1890 годзе, працаваў у Дуброве з 25 лістапада 1943 года), касцёл зачынілі, а ў 1949 годзе ён перададзены Дуброўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіну. У верасні 1954 года ксёндз Я. Татарскі вярнуўся з турмы, але быць пробашчам касцёла ў Дубровах яму савецкія ўлады забаранілі. Стаў працаваць настаяцелем касцёла ў Ракаве. Па хадайніцтве вернікаў і пры дапамозе ксяндза­дэкана Пралата Даўгіловіча­Навіцкага была адроджана Дубровенская парафія і зарэгістравана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і Святога Юрыя ў 1995 годзе. З восені таго ж года пачалі адбывацца богаслужэнні ў каплічцы, пад якую прыстасавана частка дома былой плябані. Душапастырства ў парафіі выконваецца святаром Красненскага касцёла. Дзесяць год пачэсна выконваў гэтую місію ксёндз Пётр Пятрога. З восені 2005 года гэтыя абавязкі даручаны ксяндзу Андрэю Яркаўцу. Пра ўсё гэта я даведаўся ў музеі Дуброўскай школы. Сцены касцёла і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана…