Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 86

21.04.2010. Працоўны дзень закончыўся светла — прыходзіў Янка Сіпакоў. На маё пытанне: «Што новага пішаце?», ён адказаў: «Цяпер перадаю землякам у Оршу сваю бібліятэку. Ужо тысячы тры перадаў, а ў мяне недзе дзесяць тысяч кніг. Сяджу, перабіраю і пішу твор «Мая бібліятэка»...»

Курэнне

22.04.2010. «Курэнне шкодна для вашага здароўя» — папярэджвае надпіс на цыгарэтнай пачцы. Калі я ўпершыню закурыў, а мне было тады гадоў трынаццаць, такіх надпісаў не было. Памятаю, мой сусед і аднакласнік Сашка Балотнік недзе раздабыў цэлую пачку «Фільтра» і павёў мяне, Тоніка Руткевіча і Віцьку Балотніка ў Гаік, каб навучыць курыць. Скурылі адразу без перапынку па дзве цыгарэты і нам усім, акрамя Сашкі, стала так дрэнна, што здавалася, нібы тут у кустах мы і памром. Пасля гэтага я не курыў да дваццаці гадоў...

Мулявін з Сасноўцаў

23.04.2010. На пачатку 70­х узнікла мода адпускаць вусы, як у Мулявіна. І тады нярэдка можна было бачыць мужчын, падобных да «Песняра». У суседніх Сасноўцах быў хлопец, які па выхадных, прыехаўшы з Мінска, наведваўся на вялікім чырвоным матацыкле ў наш клуб на танцы. Ён быў модна апрануты, з магнітафонам, з якога гучалі мулявінскія песні, невысокага росту і з вусамі, як у Мулявіна. І я, школьнік, думаў, што гэта і ёсць сапраўдны Мулявін, чые песні чую па радыё і тэлебачанні. Каля хлопца (яго ўсе называлі Мулявіным) вечна збіралася моладзь, а я баяўся падысці і асабліва пасля таго, як ён аднойчы запытаўся: «Можа, песню для «Песняроў» маеш?» Песень ніякіх я не меў, а тым больш для «Песняроў». І ўсё ж пытанне пра песню ў мяне доўга сядзела ў галаве і я праз некалькі гадоў пасля школы нешта было насачыняў, каб пры сустрэчы паказаць Мулявіну. Аднак сустрэча не адбылася. Мулявін утапіўся…

Авяр’ян Дзеружынскі і дачка

29.04.2010. У выдавецтва прыходзіла дачка дзіцячага паэта Авяр’яна Дзеружынскага. Адразу ўспомніўся Дом творчасці «Іслач», дзе неяк мы разам адпачывалі. Паэта часта можна было застаць у лесе за спевамі. Голас у яго быў цудоўны. Ды і чалавек ён быў някепскі. Любіў пагаварыць і пажартаваць. Дачка пыталася, што рабіць з рукапісамі, якія засталіся ў кватэры пасля смерці бацькі. Параіў недрукаванае паказаць нам, астатняе здаць у архіў да Ганны Запартыкі. Ужо на парозе Дзеружынская сказала: «Мінула шмат гадоў як бацька памёр, а помніка яму я ніяк не магу паставіць. Бедная зусім…»

ТРАВЕНЬ

Крупы і макароны

1.05.2010. Кватаруючы ў дзеда з бабуляй на вуліцы Герасіменкі ў доме № 1, гаспадарам казаў, што вучуся (чытаў кніжкі і пісаў вершы), а бацькам і ўсім астатнім — працую на будоўлі. Усе верылі, і нават цяпер некаторых не магу пераканаць, што я сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі і без працы. Мае падпрацоўкі грузчыкам на лікёра­гарэлачным заводзе «Крышталь» давалі магчымасць плаціць за кватэру 15 рублёў і купляць крупы і макароны. Былі і ганарары за вершы. Калі не падпрацоўваў, то мой кожны дзень быў запоўнены бадзяннем па горадзе. Выходзіў з дому ў дзевяць гадзін і вяртаўся ў гадзіны чатыры. Зімой сядзеў на вакзале або на Галоўпаштамце. Чытаў і пісаў. У цёплую пару года мяне можна было ўбачыць і на вакзале, і на Галоўпаштамце, і ў парках, і ў скверах на лавачцы. Хадзіў на ўсе і ва ўсе рэдакцыі на літаб’яднанні. Ніколі не адмаўляўся, калі нехта мяне запрашаў да сябе дамоў. Была магчымасць хоць раз на тыдзень добра паесці. І, відаць, з таго часу ў мяне захавалася звычка мець запас круп і макаронаў. Гэтага прадукту і сёння ў мяне прыхавана па некалькі кілаграм на чорны дзень…

* * *

2.05.2010. Усю ноч ішоў дождж. І ён размыў мае ўчарашнія планы на сённяшні дзень...

Неяк сумна

2.05.2010. Раптам заўважыў, што жыву больш успамінамі, чым планамі на будучае. Ва ўспамінах усё пэўнае і зразумелае, а ў будучым толькі назвы дзён, месяцаў і гадоў нязменныя…





Касмічная глыба

5.05.2010. Сёння на працы трапіўся пад рукі нейкі часопіс, у якім я вычытаў, што ў хуткім часе ў нашу Зямлю можа ўрэзацца касмічная глыба вагой у тысячы тон. Ад сутыкнення ў зямлі ўтворыцца варонка глыбінёй у кіламетр і дыяметрам больш трох. Калі ж касмічная глыба шарахне ў акіян, то варонка будзе глыбінёй ў два з паловай кіламетры і дыяметрам больш дзесяці. Хвалі ўздымуцца на сотні метраў і пырскі схаваюць на цэлы год сонца. Нават у Афрыцы будзе холадна. Да канца артыкул не дачытаў, бо, нягледзячы на дождж, прыйшоў невядомы паэт і прынёс каля трох кілаграмаў вершаў…

Сярэбраныя галасы

6.05.2010. У «Нашай Ніве» за 5 траўня гісторык Андрэй Вашкевіч піша: «Ніколі не быў аматарам творчасці паэтаў, якія жылі ў БССР у міжваенныя гады. (…) Так я думаў да той пары, пакуль у рукі не трапіла выдадзеная колькі год таму выдавецтвам «Мастацкая літаратура» кніга вершаў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў «Сярэбраныя галасы. Душа мая тужлівая…». Творы, змешчаныя ў гэтай кнізе, сталі адкрыццём, дзвярыма ў душы людзей, якія ў пераважнай большасці пайшлі з жыцця ледзь­ледзь дажыўшы да трыццаці год». Прыемна, што кніга, якую я ўкладаў, змяніла думку гісторыка пра паэзію ў БССР у міжваенныя гады. Аднак, дзякуючы спадару Вашкевічу, я пераканаўся яшчэ раз, што ўсё­ткі мы бываем не аматарамі таго ці іншага творцы, ні разу не чытаўшы яго…

Мой дзед і Перамога

8.05.2010. Майго дзеда Юзю (Іосіфа Іванавіча) забралі ваяваць у 1944 годзе. На жаль, калі дзед быў жывы, я не распытаўся, што ён, як былы падхарунжы войска польскага, які ўцёк вясной 1941 года з савецкага палону, рабіў тры гады пры немцах. Аднак, дакладна ведаю, што ў паліцыі і ў партызанах ён не быў. Забраны на фронт, дзед адразу ж трапіў на штурм Кёнігсберга, за што і атрымаў адпаведны медаль. Потым гнаў немцаў па тэрыторыях Польшчы і Германіі. Быў кантужаны. Пасля Перамогі ўсё лета ехаў ваяваць з Японіяй. Не даехаў, бо вайна закончылася. Дамоў вярнуўся толькі пад Новы год. У Дзень Перамогі дзед заўсёды чапляў на пінжак узнагароды. Памёр 5 лістапада 1982 года на 72­м годзе жыцця...

Святло Вільні

12.05.2010. На мінулыя выхадныя Міхась Казлоўскі быў у Вільні. Учора вярнуўся ў Маладзечна, а сёння мне патэлефанаваў і расказаў, як цэлы дзень хадзіў па могілках, дзе пахаваны нашы слаўныя людзі. І ў маёй памяці, як у начы агонь, засвяцілася Вільня... І захацелася пайсці купіць білет на цягнік і паехаць да Вострай брамы...

Невядомыя рукапісы

14.05.2010. У абед да мяне на працу зайшла пажылая жанчына з вялікім чорным скураным партфелем. Павітаўшыся, я адразу пацікавіўся: «У вас вершы ці проза?» — «Я нічога не пішу. У мяне проста ёсць да вас справа»,— адказала незнаёмка. «Што за справа?» — запытаўся я і прапанаваў жанчыне прысесці. Яна села і пачала расказваць пра тое, што ў іх гімназіі № 14, дзе яна працуе, ёсць вартаўнік, якому восемдзесят гадоў. У свой час ён быў рэпрэсаваны і сасланы на Урал, дзе разам з ім адбывалі пакаранне некаторыя дзеячы культуры. І вось у гэтага дзеда ёсць рукапісы твораў пісьменніка, якому ў 2014 годзе споўніцца з дня нараджэння 100 гадоў. «А як прозвішча пісьменніка?» — запытаўся я. «Не ведаю. Наш вартаўнік прасіў высветліць, ці можна паказаць вам тыя рукапісы, якія ён захаваў»,— адказала жанчына, ад якой я нічога больш не даведаўся ні пра вартаўніка, ні пра пісьменніка. Дамовіліся, што яна мне патэлефануе і дасць нумар, па якім можна звязацца з дзедам...

Хлеб і марфлот

15.05.2010. У гадоў дванаццаць мне захацелася хутчэй вырасці і пайсці ў войска. Дзядзька Барыс, які служыў у марфлоце, даведаўшыся пра маю мару, параіў: «Еж паболей хлеба і ты трапіш, як і я, служыць на Чорнае мора». Пасля размовы з дзядзькам я пачаў старацца есці хлеб. Стараўся недзе да гадоў шаснаццаці, пакуль зразумеў, што войска — гэта харошая школа, але лепей яе праходзіць завочна…