Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 86

На канале «Культура»

6.04.2010. Цэлую гадзіну на канале «Культура» быў з Галінай Шаблінскай. Гаварылі пра літаратуру. Пасярэдзіне перадачы пяць хвілін гучалі мае вершы ў прачытанні артыста і пісьменніка Анатоля Жука, які ў мінулым годзе нечакана памёр. Сёння ў выдавецтве атрымалі з друкарні сігнальныя экзэмпляры кніжкі казак «Буль­Буль», у якой ёсць і творы Анатоля. Словам, напісанае і запісанае застаецца. І ўсё ж…

Хоўхлава і Сымон Будны

7.04.2010. Вярнуўся з электрычкі. Стомлены, але задаволены. Ездзіў у Маладзечна і ў вёску Хоўхлава. Сустрэчы з чытачамі арганізаваў краязнаўца Міхась Казлоўскі. У Хоўхлаве ў другой палове 16 стагоддзя жыў і працаваў Сымон Будны — адпаведная шыльда прымацавана на будынку мясцовай школы. Захаваўся і касцёл (дакладней яго фундамент), які памятае славутага асветніка. Касцёл драўляны, і ён у свой час гарэў, але быў адноўлены. З Хоўхлава да маіх Пугачоў 14 кіламетраў…

Юбілейны марафон

8.04.2010. У музеі Якуба Коласа была мая вечарына. Мінулі ўжо два тыдні з дня майго юбілею. А мяне ўсё кожны дзень віншуюць, а я ўсё выступаю, выступаю і цалуюся…

Перад Радаўніцай

11.04.2010. Сонечна і неба чыстае, як дзіцячая сляза. Сям’ёй едзем у Чыжоўку на могілкі…

На могілках у Чыжоўцы процьма народу. Усе прыйшлі і прыехалі да сваіх родных і блізкіх, і ўсе прысутныя сярод помнікаў на нейкі час сталі, як родныя…

З Чыжоўскіх могілак да вакзала дабіраліся цэлую гадзіну. У падземным пераходзе зайшлі ў кафэ, бо ўжо не было сіл, каб шукаць нешта больш шыкоўнае. Пакуль чакалі свой заказ побач з намі прайшоў бомж, як прывід, увесь у чорным і, узяўшы з непрыбранага стала недаедзены бутэрброд, выйшаў няспешна з кафэ. А так усё ж было прыемна пасядзець сярод маладзёнаў, якія радуюцца жыццю…

Кнігі і мае родныя

12.04.2010. У сямідзясятыя гады ў Пугачах у маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі ў хаце і на верандзе было некалькі тысяч кніжак. Пасля чарговага разводу іх у вёску прывёз мой дзядзька Славік, які быў вялікім кнігалюбам і ведаў амаль усяго Ясеніна на памяць. Дзед і бабуля кніжак не чыталі, але і мне не давалі…

Пачалася вясна

12.04.2010. Сядзеў адзін дома. Нудзіўся. І раптам вярнулася з горада Людміла з білетамі ў Купалаўскі тэатр на сем гадзін. У мяне былі іншыя планы на вечар, таму я не адразу ўспрыняў яе прапанову. І калі пачаў збірацца, то давялося доўга перабіраць увесь летні абутак і адзенне, ад якога я адвык за зіму. Нанерваваўся, але ўсё ж сабраўся. Нудоты як і не было…

Ірландыя і Беларусь

12.04.2010. Вярнуўся з Людмілай з Купалаўскага тэатра, дзе ішоў спектакль Брайана Фрыла «Пераклады» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. П’еса пра Ірландыю… Прабівае да слёз… І чаму я не артыст Купалаўскага тэатра?

Чакаецца вандроўка

13.04.2010. Дамовіўся з Анатолем Блашчытыным (Шніп па маці) пазнаёміцца з Леанідам Жыткевічам у Навасёлках. Ён не толькі аднакласнік Анатоля, але і наш блізкі сваяк. У вольны час Леанід малюе і цяпер у яго ўся хата завешана карцінамі. Гадоў сто назад нашы могілкі (уніяцкія) былі ў Навасёлках, якія непадалёку ад цяперашніх, што ў Дубровах. Каля Навасёлак ёсць і пахаванні французаў, якія загінулі ў час вайны 1812 года…

«Подиум» і бабуля Параска

14.04.2010. Па МТV усёй сям’ёй кожны вечар глядзім конкурс дызайнераў­мадэльераў «Подиум». І я амаль кожны раз успамінаю сваю бабулю Параску, якая і пры паляках, і пры саветах была швачкай. Яе як цудоўную майстрыцу людзі ведалі далёка ад нашых Пугачоў. Бабуля сама прыдумляла фасоны адзення, кроіла, шыла і вучыла іншых. Гэтым усё жыццё і пражыла. Я і сёння памятаю сшытыя ёю касцюмы, сукенкі, блузкі, бравэркі, кажухі, штаны­галіфэ і часам адчуваю плячамі цяпло ад палітца, якое яна мне справіла да майго першага класа…





Ракетчыкі

14.04.2010. Некаторыя мае знаёмыя служылі ў ракетных войсках Савецкага Саюза. І ніводзін па сённяшні дзень не расказаў, як яны запускалі ракеты і, наогул, як служылі. Ведаю, што яны ўсе давалі падпіску аб захаванні ваеннай таямніцы, прымалі прысягу. Але ж даўно ўжо няма ні таго Саюза, ні тых ракет, а мужыкі ўсё маўчаць. А можа была там такая служба, што няма пра што і гаварыць?..

Кветкі і дзеткі

15.04.2010. З Людмілай вярнуўся з Музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе суполка «Літаратурнае прадмесце» віншавала мяне з юбілеем. Зноў у кватэры свежыя кветкі і галодныя дзеткі…

Браты­святары з Пугачоў

16.04.2010. Сёння даведаўся, што айцец­езуіт Адольф Шніп, які ў 1939 годзе апекаваўся аўгусцінскім касцёлам у Вільні, нарадзіўся і гадаваўся ў маіх родных Пугачах. Адольф меў брата, які таксама быў святаром. Іх сядзіба была там, дзе цяпер стаіць хата Лабачэўскіх…

Вулканічны дождж

17.04.2010. На вуліцы дождж. Людзі кажуць, ён з Ісландыі, вулканічны. Па ўсёй Еўропе не лётаюць самалёты, бо небяспечна. Дваццаць чатыры гады таму ішоў Чарнобыльскі дождж...

* * *

19.04.2010. Сёння маёй маме Шніп Ніне Міхайлаўне 80 гадоў. Цяпер яна жыве ў маёй сястры Валі. Здароўе пасля інсульту не вельмі, але па хаце тэпае і ўжо цэлы месяц збіраецца паехаць у вёску садзіць бульбу...

Гаспадар

19.04.2010. Мінуў год, як бацькі прадалі карову. І цяпер акрамя сабакі і катоў — ніякай гаспадаркі. На мінулым тыдні бацька выцягнуў з пуні зляжалае сена і спаліў на бульбянішчы. Суседка скардзілася: «Мог усю вёску спаліць!»

Катынь

19.04.2010. Учора глядзеў фільм Анжэя Вайды «Катынь». У спісах расстраляных прагучала: «Рублеўскі Антон Міхайлавіч». Магчыма, гэта нехта з бацькавага роду маёй Людмілы. Зноў успомніўся мой дзед падхарунжы войска польскага Шніп Язэп Іванавіч 1911 года нараджэння, які ў 1939 годзе трапіў у савецкі палон і, толькі дзякуючы таму, што сарваў з сябе пагоны і апрануў салдацкі шынель, быў вывезены ў канцлагер пад Харкавам, адкуль вясной 1941 года ўцёк...

Знак з Ерусаліма

19.04.2010. Прыходзіў аўтар гадоў пад пяцьдзясят, які адразу ж заявіў: «Я пішу вершы і хаджу ў царкву!» Агледзеўшы мяне і прысеўшы насупраць, ён з палатнянай торбы дастаў аркуш, спісаны алоўкам, і прапанаваў пачытаць. Я пачытаў. Потым ён даў мне яшчэ адзін верш. Я прачытаў і запытаўся: «І гэта ўсё?» — «На сёння ўсё!» — адказаў незнаёмец і пачаў расказваць пра сябе: «У мяне вялікі вопыт напісання вершаў. Я сур’ёзна пішу ўжо два гады! Чытаю Біблію. Тое­сёе я ўжо ў ёй зразумеў, але з некаторымі месцамі я не згодны. У 2008 годзе за дзесяць дзён да Вялікадня я паслаў свой верш у Ерусалім. У час свята я глядзеў па тэлевізары рэпартаж з Гроба Гасподняга і ўбачыў людзей з беларускім сцягам. Гэта быў мне знак, што мой твор атрымалі! Пасля гэтага я пайшоў па рэдакцыях...»

Чакаю вандроўку

21.04.2010. Тэлефанаваў Анатоль Блашчытын. На Радаўніцу ён ездзіў у Дубравы на могілкі. Шмат каго са знаёмых бачыў. Дамовіўся з Леанідам Жыткевічам наконт нашай травеньскай вандроўкі па ваколіцах Навасёлак, дзе захаваліся ўніяцкія і французскія могілкі. Па дарозе ў Пугачы ў Татарскіх засталося мала вяскоўцаў. Ужо недзе каля дзесяці хат перабудаваны пад лецішчы. Успомніўся Татарскі клуб, у які я некалькі разоў хадзіў на танцы, спадзеючыся, што з Еленкі прыйдзе мая аднакласніца Шымель Зоя. Пасля сканчэння Пугачоўскай школы з ёй так і не сустрэўся ні разу...

Бібліятэка Янкі Сіпакова