Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 86

Любоўная гісторыя

15.03.2010. Чытаю лісты, якія пісаліся пятнаццаць гадоў таму закаханым адзінокім мужчынам да замужняй жанчыны. Яму тады было 50, і ён называў сябе: «Стареющим мавром с диктаторскими замашками». Любоўная гісторыя закончылася, і паўгода назад жанчына пажаўцелыя лісты ў поліэтыленавым пакеціку вярнула мужчыну, бо пабаялася далей трымаць іх дома. Сёння мужчына прынёс свае лісты ў выдавецтва, каб выдаць іх у кнізе, прысвечанай сваёй творчасці…

Што такое шчасце?

16.03.2010. Учора патэлефанаваў прафесар­пенсіянер: «У 1985 годзе ў газеце «Знамя юности» мне было заказана растлумачыць моладзі «што такое шчасце». Я працу нядаўна закончыў, і ў мяне атрымалася 140 старонак. Можна, я вам прынясу іх для выдання?» Пасля працяглай размовы пра выдавецкія справы і пра тое, што такое шчасце, я пагадзіўся, што прафесар­пенсіянер прынясе рукапіс кнігі і я пагляджу яго. У дзесяць гадзін раніцы стары прыйшоў да мяне. Заглядаю ў папку, а там... вершы...

Ала Канапелька

17.03.2010. Рыхтуем зборнік літаратараў Хойнікаўшчыны. Чытаю Алу Канапельку. Вершы знаёмыя, напісаныя гадоў 20, а то і 30 назад. Так светла і з такой шчырай і ўзнёсла­балючай любоўю да Радзімы цяпер амаль ніхто не піша. На жаль, і сама Ала нічога новага даўно не друкуе...

Брыльянты і Зыкіна

18.03.2010. «Cамы вялікі брыльянт Людмілы Зыкінай коштам амаль 2 мільёны даляраў знайшлі на лецішчы яе прыслугі» — паведаміла сёння «Камсамольская праўда». Хутка будзе дзевяць месяцаў, як спявачка памерла...

Гаспада

18.03.2010. У канцы працоўнага дня тэлефонны званок: «Гаспадзіна Шніпа можна пачуць?» Гадаючы, з якой жа гэта краіны мне тэлефануюць, адказаў: «Я слухаю...» — «Гэта вас турбуе Гулезава. Як там мая кніжка?» — «Якая ваша кніжка?» — «Как стать первой свиньёй?» — «Помню такую. Яе рыхтуе гаспадзін Юрась Пацюпа. Тэлефануйце яму»,— адказаў я.

Любоў

20.03.2010. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь у лісце да замужняй жанчыны піша: «Я болен тобой! Я люблю тебя. Я хочу только тебя. А ты, зараза, спишь...»

Дзень паэзіі

21.03.2010. «Тюман… Тюман… Усё далемна…» — гледзячы ў акно на туман, раптам успомніў сказанае ў Доме творчасці «Іслач» двухгадовай дачкой Лёні Галубовіча дваццаць гадоў таму. Сёння Сусветны дзень паэзіі.

Бульба

21.03.2010. У двары з машыны прадавалі бульбу. Купіў пятнаццаць кілаграм. Успомніліся маці і бацька. Захацелася ў вёску, і не на адзін дзень. Ды дзе там — праца, як ланцуг, не пускае…

Язэп задумаўся…

23.03.2010. Наведаўся Язэп Янушкевіч. Я пахваліў яго расповед пра Генадзя Кісялёва, што быў у «Дзеяслове», і сказаў, што яму варта напісаць гістарычную аповесць пра Дуніна­Марцінкевіча, бо ён ведае пра гэтага класіка больш, чым хто. А высвятляць, на якой мове была напісана «Пінская шляхта» — няўдзячны занятак. Язэп задумаўся. І пайшоў…

Мальдзіс і Прушынская

23.03.2010. Атрымаў па пошце ад Адама Мальдзіса пераклад маёй «Балады Андрэя Мрыя», зроблены дачкой паэта, і яе ліст. Н. Прушынская піша: «Уважаемый Адам Мальдис! Получила Ваше новогоднее поздравление и балладу Виктора Шнипа. Спасибо Вам за всё. Баллада очень понравилась, спасибо и автору. Я сделала подстрочник для своих близких — не очень, конечно, точный и складный. Посылаю вам его. Сегодня мы с мужем побывали у Оксаны (сестра), читали стихи и перевод. Оксана всплакнула… Всего вам самого лучшего в новом году, прежде всего — здоровья! 13.01.2010. Н. Прушинская».

Прычыны смерці

25.03.2010. У газетах пішуць, што спявачка Валянціна Талкунова, як і Янкоўскі, Абдулаў, Турчынскі, стала ахвярай стваловых клетак, з дапамогай якіх яна амалоджвалася. Словам, багатыя паміраюць ад стваловых клетак, а бедныя — ад сталовак, у якіх харчуюцца...





Свіслач

25.03.2010. Свіслач вызвалілася ад лёду. І цяпер чайкі на вадзе, як лапікі нерасталага снегу...

Сумна

25.03.2010. Сёння першы дзень, які падобны на вясновы. На працы хапае клопатаў. І мне сумна. У час абеду выбраўся на праспект. Прайшоўся. Моладзь нікуды не спяшаецца, а старыя ледзь сунуцца па вуліцы. І я сярод іх, як з іншай планеты. Стала яшчэ самотней. Заўтра 26 сакавіка... І мне будзе 50...

Казачніца

25.03.2010. Прыходзіла пажылая жанчына. Прыносіла казкі пра хітрых лісічак, пра шустрых зайчыкаў, пра старых мядзведзяў, якім дзвесце гадоў. Я жанчыне сказаў, што мядзведзі столькі не жывуць, а яна мне: «Гэта ж казка!» — «Ну добра! Няхай жывуць!» — пагадзіўся, але казкі вярнуў назад. Развітваючыся, казачніца прызналася: «Да пенсіі я працавала ў міліцыі. Цяпер мне няма чаго рабіць, дык я казкі пішу...»

З вакон радзільнага дома

29.03.2010. Пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч, Пятро Васючэнка, якія нарадзіліся ў Полацку, ганарацца тым, што першае, што яны ўбачылі з вокнаў радзільнага дома — гэта крыжы Сафійскага сабора. Я нарадзіўся ў Мінску ў радзільным доме на Валадарцы. Атрымалася так, бо, калі прыйшоў час мне з’явіцца на свет, бацькаў малодшы брат замест таго, каб маю маму везці ў Валожын, павёз у Мінск. І першае ў жыцці, што я ўбачыў з акна — былі турэмныя вежы Пішчалаўскага замка, дзе ў свой час сядзеў Якуб Колас і быў павешаны Пуліхаў…

Людміла і спадарожнік

29.03.2010. Сяброўка нашай сям’і Людміла Шчарбінская нарадзілася ў 1957 годзе. Якраз у той час быў запушчаны ў космас першы савецкі спадарожнік. Тады Людміле было ўсяго тры тыдні, але яна кажа, што памятае, як маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, вынесла яе на вуліцу і паказала, што над імі ў небе пралятае спадарожнік…

Адпачываю

29.03.2010. Учора з сябрамі і роднымі быў у Валожыне. У ДК мае землякі святкавалі мой юбілей. Сёння сяджу дома і адпачываю ад добрых слоў у свой адрас…

КРАСАВІК

* * *

1.04.2010. На маёй юбілейнай вечарыне пісьменніца Алена Масла падарыла мне сексуальную Музу негрыцянку. Актрыса Галіна Дзягілева і супрацоўніца Купалаўскага музея Людміла Давыдоўская, разглядаючы падарунак, налічылі ў лялькі па чатыры пальцы на руках і нагах. «А што, вы не ведаеце, што ў неграў па чатыры пальцы?» — сур’ёзна гаворачы, пажартаваў я. Жанчыны задумаліся...

Айцец­езуіт Адольф Шніп

2.04.2010. Бадзяючыся па інтэрнэцкіх сутарэннях, знайшоў: «Вільня. Парафіі быў перададзены былы аўгусьцінскі касьцёл, апекаваліся ёй айцы­езуіты (а. Павел Мацевіч і а. Адольф Шніп), было 122 вернікі». А некаторыя мне кажуць: «Не пішы пра Храмы і пра Бога!»…

З роду Шніпоў

3.04.2010. Ад Леаніда Маракова даведаўся, што а. Адольф Шніп у 1937—1938 (?) гадах быў святаром грэка­каталіцкага касцёла найсвяцейшай панны Марыі Усходняй місіі ордэна езуітаў у Слоніме. Па меркаванні Маракова а. Адольф Шніп нарадзіўся не пазней 1910 года. Рэпрэсій пазбег, бо быў пераведзены ў Вільню апекавацца былым аўгусцінскім касцёлам. Як склаўся лёс маладога святара з роду Шніпоў, майго кроўнага сваяка — мне пакуль што не вядома…

Песня Адраджэння

5.04.2010. На дзень народзінаў мне з радыё падарылі аўдыёдыск з маімі песнямі, якія ў іх захаваліся ў фондах. З дзесяці твораў асабліва прыемна было паслухаць «Песню Адраджэння», якую выконваюць «Сябры» з Данчыкам. Запіс быў зроблены ў 1992 годзе, калі Данчык гасцяваў у Мінску і кампазітар Зміцер Яўтуховіч зацягнуў яго да «Сяброў» у студыю. У свой час «Песня Адраджэння» часта гучала па радыё...