Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 86

Мама ў чаканні

3.03.2010. З суботы мой брат Вова будзе ў адпачынку. На тыдзень паедзе ў вёску, куды забярэ ад нас маму, у якой 5 сакавіка будзе год, як яна атрымала інсульт. Прашу маму: «Палічы, колькі дзён засталося да вёскі». Мама дастае з­пад падушкі адрыўны каляндар і пачынае лічыць: «Айн, цвайн, драйн…»

Сыс і Валодзя

4.03.2010. У адным з выдавецкіх кабінетаў супрацоўнікі ачышчалі ад смецця вугал. Праходзячы міма па калідоры, сярод пажоўклых папер і кніжак я ўбачыў кніжку Анатоля Сыса «Сыс», выдадзеную «пры дапамозе спадарыні Валянціны Якімовіч» у «Мастацкай літаратуры» ў 2002 годзе. Падняў. Чытаю: «Валодзя, калі б ня ты, дык мяне б, як паэта ня було б. 24 верасня 2002». Цяпер «Сыс» будзе ў мяне дома. Гэта ўжо трэцяя Сысава кніга, знойдзеная мной у выдавецтве...

Рамонт і кнігі

4.03.2010. У канцы 90­х гадоў у кабінетах часопісаў «Полымя», «Беларусь» і штотыднёвіка «ЛіМ» рабілі касметычны рамонт. Супрацоўнікаў рэдакцый часова перасялілі ў Дом літаратара. Неяк з лімаўцамі я надумаўся запытацца ў будаўнікоў, ці хутка яны закончаць сваю работу. Зайшлі ў будынак і ўбачылі растаптаныя, залітыя фарбай кнігі ўдзячных аўтараў, падпісаныя рэдактарам і іх намеснікам часопісаў «Полымя» і «Беларусь». Асабліва шмат валялася падарункаў Таісе Бондар, якая ўжо на той час працавала галоўным рэдактарам «Всемирной литературы»...

Перад Святам

5.03.2010. Сёння на працу некаторыя мужчыны ішлі з квет­камі, жанчыны — задумлівыя. Цяпер з працы некаторыя жанчыны вяртаюцца з кветкамі, мужчыны — нападпітку і задумлівыя...

Мама едзе ў вёску

6.03.2010. Мама прачнулася а палове сёмай. Пакуль гатаваў снеданне, яна апранулася ехаць у вёску. «Яшчэ рана! Распранайся і паляжы! У гадзін дзесяць за табой прыедуць…» — кажу маме, а яна глядзіць мне ў вочы і матае галавой, нібыта нічога не разумее. Пасядзеўшы крыху, мама паказвае на кніжную шафу: «Пашпарт. Пашпарт…» Прайшло тры месяцы, я пра яе пашпарт даўно забыўся, а яна ўспомніла. Адшукаўшы сярод папер мамін дакумент, аддаў ёй. Яна адразу ж пашпарт паклала ў кішэню і сказала: «Усё…»

* * *

6.03.2010. Год таму ў гэты дзень мама з інсультам трапіла ў Ракаўскую бальніцу. Ад гэтай навіны на душы было вусцішна. З Людай дапазна ездзілі па аптэках, шукаючы раствор для кропельніц і катэтары — па тэлефоне даведаліся, што ў бальніцы нічога гэтага няма. Аптэкі працавалі толькі дзяжурныя. Адшукалі ўсё. Назаўтра раніцай на выдавецкай машыне паехаў у Ракаў. Мама ўжо ляжала ў палаце пад кропельніцай. Чамусьці ўсё патрэбнае знайшлося, і тое, што я прывёз, праляжала ў мамы пад ложкам два тыдні…

У бібліятэцы

6.03.2010. Неяк пасля выступлення ў горадзе N мне і Міхасю Казлоўскаму загадчык бібліятэкі прапанаваў павячэраць у кампаніі трох сімпатычных бібліятэкарак. Мы не адмовіліся, бо да нашага дызеля было больш як тры гадзіны. Вывесіўшы абвестку, што бібліятэка па тэхнічных прычынах часова не працуе, мы прайшлі да стала, які ўжо быў багата накрыты. І вось сядзім ушасцёх, выпіваем, жартуем, чытаем вершы. На вуліцы цямнее, але святла не ўключаем. І раптам у пакой адчыняюцца дзверы і да нас заходзіць высокая жанчына. Я напачатку падумаў, што гэта бачыцца ад выпітага, але, пасля таго, як жанчына падышла да загадчыка бібліятэкі і, падняўшы яго з­за стала за вуха, моўчкі павалакла ад нас, зразумеў: пара дамоў! На хаду закусваючы, мы з Міхасём пачалі развітвацца з бібліятэкаркамі. Адна прашаптала на развітанне: «Гэта жонка нашага загадчыка…»

* * *

8.03.2010. Патэлефанаваў у вёску і павіншаваў маму са Святам. Даведаўся ад брата, што першы дзень пасля яе прыезду ў вёску бацька ўсё нешта бубнеў сам сабе. Учора ж амаль цэлы дзень бацькі разам спявалі…

Вада і брат





8.03.2010. На вясновых вакацыях з малодшым братам Вовам бадзяюся па вадзе ў Гаіку. На хаду прыдумляю ўсялякія гісторыі і расказваю. Брат уважліва слухае. У Гаіку на сажалцы яшчэ ляжыць лёд. Ён стаў белы і рыхлы, як снег. Заходжу на лёд і кажу: «Я праліваў кроў на Падэкале!» — і тут жа правальваюся ў ваду па самае горла. Вова выцягвае мяне з сажалкі і мы, мокрыя, як жабы, вяртаемся дамоў…

Казах і поўня

9.03.2010. Cваячніца пісьменніка N, паехаўшы ў Казахстан уздымаць цаліну, выйшла там замуж за мясцовага. Праз некалькі гадоў жанчына прывезла мужыка да сябе ў вёску, каб пазнаёміць з раднёй. Вечарам казах перад сном выйшаў на вуліцу і праз хвіліну з крыкам прыбег назад у хату: «Ай­яй­яй! Гэта ж трэба! І ў вас ёсць поўня ў небе!»

Янушкевіч і Кісялёў

10.03.2010. Прачытаў у «Дзеяслове» №44 нататкі Язэпа Янушкевіча пра Генадзя Кісялёва. Напісана больш пра сябе, чым пра свайго настаўніка, але цікава. Каторы раз лаўлю сябе на думцы, што з майго земляка Язэпа мог бы атрымацца добры раманіст, які б пісаў на гістарычную тэматыку. Аднак, Язэпу ўжо за пяцьдзясят, а ён усё ніяк да канца не разбярэцца ні з Дуніным­Марцінкевічам, ні з Багушэвічам…

Васілеўскі і народныя мастакі

10.03.2010. Былы «лімавец» Пятро Васілеўскі цяпер працуе вартаўніком. А было, здаецца, нібыта ўчора, калі Пятро на рэдакцыйнай лятучцы (кіраваў Алесь Пісьмянкоў) запланаваў гутарку з Гаўрыілам Вашчанкам, абяцаючы праз пару дзён здаць матэрыял. Прайшоў тыдзень, два, месяц, тры, паўгода, а Пятро ўсё плануе і плануе Вашчанку і, не здаўшы матэрыял, раптам прапанаваў запланаваць гутарку з Леанідам Шчамялёвым. Запланавалі. Праз тыдзень зноў запланавалі тое ж самае, праз месяц зноў, праз тры зноў. Прайшло паўгода і, не здаўшы Шчамялёва, Васілеўскі зноў запланаваў Вашчанку. І не здаў... Словам, былі часы...

1979

10.03.2010. Вясна. Інтэрнат архітэктурна­будаўнічага тэхнікума. Прачынаюся сярод ночы ад стуку ў дзверы: «Усім з’явіцца ў тэхнікум на сход!» Чаго і што — ніхто з нас не ведае. На хаду апранаючыся, бяжым у актавую залу. Каля сцэны з мікрафонам стаяць вайскоўцы. Чалавек дзесяць. Праз хвілін пяць старэйшы па званні аб’явіў, што нас сабралі разнесці позвы. Па спісах кожнага прысутнага выклікалі да сцэны і адпраўлялі ў ноч з заданнем. Дайшла чарга і да мяне, але я ў кішэні выпадкова знайшоў стары рэцэпт на лякарства ад ангіны і, выправіўшы даты, сказаў, што я хворы і не магу ноччу хадзіць па вуліцах. Вайскоўцы ўважліва паглядзелі на мой рэцэпт і на мяне, і адпусцілі. Мае ж сябры да раніцы разносілі позвы па кватэрах. Яшчэ ніхто не ведаў, што ў канцы года савецкія войскі распачнуць вайну ў Афганістане...

Чаму?

11.03.2010. Выступаў у дзіцячай бібліятэцы № 4 перад гімназістамі 9 класа. З трыццаці чалавек было толькі сем хлопцаў, а астатнія дзяўчаты. Хапала пытанняў да мяне, але найбольш запомнілася пытанне гімназісткі, якая сядзела за першым сталом: «Чаму вы пішаце па­беларуску?»…

У вёсцы

12.03.2010. Ужо цэлы тыдзень, як мама ў вёсцы з бацькам пад наглядам майго брата Вовы. Адчуванне такое, нібыта жыццёвая рэчка ўвайшла ў звыклае рэчышча, і мама па­ранейшаму здаровая, і не агледзешся, як трэба зноў садзіць бульбу і рабіць агарод. А на самай справе ў гэтым годзе садзіць бульбу не бу­дзем зусім. Гаспадарка звужаецца і звужаецца да печы, з якой і пачалася пяцьдзясят гадоў таму...

Хваробы

15.03.2010. «А потом меня постигла серьёзная болезнь — я влюбился»,— пісаў Іван Бунін. А нас апошнім часам усё наведваюць несур’ёзныя хваробы — то птушыны грып, то свіны, а то проста галава баліць…