Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 26 из 86

Бацька і ўколы

19.06.2010. Паўтары гады, як бацька ў вёсцы жыве адзін. Сёння яго наведалі мае брат з сястрой, Вова і Валя. Пакуль яны корпаліся ў градах, бацька схадзіў да доктаркі на ўколы. Вярнуўся і прылёг паляжаць. Валя пацікавілася: «Што за ўколы прапісалі? Дарагія?» — «Вітаміны. Надта ж дарагія! Аж па сто дваццаць рублёў!» — адказаў бацька...

Калі б не камары…

22.06.2010. Пад шум самотнага дажджу ўзгадаўся Дом творчасці «Іслач» сярэдзіны 90­х гадоў. Лета. 21 чэрвеня. Я з Людмілай і дзецьмі адпачываем. Да нас вечарам у пакой зайшла наша новая знаёмая і прапанавала разам з ёй пайсці і на беразе рэчкі сустрэць раніцу 22 чэрвеня, калі 50 гадоў таму пачалася вайна. І мы пайшлі. Прасядзелі гадзіны тры каля вогнішча, час ад часу паглядаючы ў светлае начное неба і ўяўляючы, як лятуць варожыя бамбавозы. Сядзелі б і даўжэй, калі б не камары…

Анатоль Жук і нумар тэлефона

24.06.2010. У мяне на працоўным стале ў выдавецтве ляжыць кніга вершаў артыста Анатоля Жука «Туга» з подпісам: «Віктару Шніпу — Паэту Сапраўднаму, што даволі рэдкая з’ява. З павагай Ан. Жук. 28.04.2008 г.» Час ад часу я заглядаю ў «Тугу» і прачытваю па некалькі вершаў. І заўсёды мне на вочы трапляе нумар тэлефона, які Анатоль пакінуў на развітанне ў кніжцы, папрасіўшы, каб тэлефанаваў, калі яго не будзе ў тэатры. Хутка будзе год, як Анатоля Жука няма на гэтым свеце, а мне ўсё хочацца набраць нумар яго тэлефона...

* * *

26.06.2010. Шустрыя ластаўкі ў высокім блакітным небе, як рыбкі ў вадзе…

Рудыя штаны

26.06.2010. З ракаўскай таўкучкі мне мама прывезла абнову — рудыя штаны. Я тут жа іх апрануў і пабег пахваліцца сябрам, якія ўжо сядзелі ў камбайне, што стаяў на вуліцы каля хаты Віцькі Балотніка. Не паспеў я падысці блізка, як пачуліся крыкі: «Манах у рудых штанах! Манах у рудых штанах!» І я, на момант спыніўшыся, пачаў кідаць каменне ў камбайн. Хлопцы не заціхлі, а яшчэ мацней пачалі крычаць: «Манах у рудых штанах!» Не ведаю, чым бы мая вайна з сябрамі скончылася, калі б не выйшаў камбайнёр і не разагнаў нас. Вярнуўшыся дамоў, я са злосцю сцягнуў з сябе рудыя штаны і парваў…

* * *

30.06.2010. Гадоў дваццаць таму ўпершыню ў Мінск прыехаў Данчык. У Палацы прафсаюзаў быў арганізаваны ягоны канцэрт. Народу сабралася поўная зала. Гадзіны тры гучалі цудоўныя беларускія песні. У мяне з сабой быў магнітафон «Вясна» і я ўвесь канцэрт запісаў на касету. Пасля гадзіну ехаў на тралейбусе дамоў з уключаным магнітафонам і ніхто не сказаў мне, што я перашкаджаю, бо гучалі словы: «Не шукай ты мяне каля жытніх палёў, не шукай, не шукай... Калі к сэрцу майму ты дарог не знайшоў, не шукай, не шукай... Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, не кажы, не кажы... Калі сэрца тваё не палае агнём, не кажы, не кажы...» Цяпер слухаю па камп’ютары гэтую песню і бачу на сцэне Палаца прафсаюзаў маладых Данчыка і Анатоля Сыса і мне сумна і светла.

Сяргей Новік-­Пяюн і Вераніка

30.06.2010. Жывучы побач з Сяргеем Новікам­Пеюном, я з Людмілай і малой Веранічкай часта бываў у яго. Кожны раз Сяргей Міхайлавіч даваў Вераніцы аркуш паперы і алоўкі, каб малявала. А мы, дарослыя, размаўлялі пра літаратуру, слухалі песні паэта ў яго выкананні. Развітваючыся, Сяргей Міхайлавіч акуратна браў малюнкі нашай дачкі і складаў у папку з надпісам «Малюнкі Веранікі Шніп». Паэт верыў, што з малой дзяўчынкі, якая ўсё малюе нейкіх каляровых чарвякоў, атрымаецца сапраўдная мастачка. І ён не памыліўся — сёння наша Вераніка студэнтка трэцяга курса Беларускай акадэміі мастацтваў...





Сяргей Новік­-Пяюн і Максім

30.06.2010. 1 мая 1993 года ў нас з Людмілай нарадзіўся сын Максім. На другі дзень пасля таго, як Людміла выпісалася з раддома, Сяргей Новік­Пяюн запатрабаваў, каб мы з каляскай падышлі пад ягоныя вокны і паказалі малога. Мы так і зрабілі. А Сяргей Міхайлавіч, як з неба, з вакна сваёй аднапакаёўкі блаславіў на шчаслівае жыццё нашага Максіма. Потым з Максімам і Веранікай мы яшчэ часта бывалі ў паэта, але, на жаль, апошнія месяцы жыцця ён часта хварэў і памёр 26 жніўня 1994 года. Цяпер пытаюся ў сына: «Памятаеш, як мы хадзілі да паэта Сяргея Новіка­Пеюна і ён табе, як і Вераніцы, даваў паперу і алоўкі для малявання?» — «Памятаю»,— адказвае Максім. «А што ты памятаеш?» — пытаюся далей. «Паэта памятаю...» — чую ў адказ...

ЛІПЕНЬ

Бацька і сын

2.07.2010. Мужчына працаваў у судзе і ягоны бацька да самай пенсіі таксама там жа быў суддзёй. Сабраўшы грошай, стары паехаў адпачываць на Чорнае мора. Праз тыдзень мужчыну прыйшла тэлеграма, што ягоны бацька памёр і трэба яго забраць дамоў. Мужчына пра сваю бяду расказаў на працы і заявіў, што ён не паедзе забіраць бацьку, бо ў яго на гэта няма ні грошай, ні часу. І суддзі самі паехалі ў Крым, забралі і прывезлі труну з памерлым. Мужчына, развітаўшыся з бацькам, сказаў, што ў яго няма грошай і часу на пахаванне і ён хоча, каб памерлага крэміравалі, а урну з прахам ён забярэ і завязе на могілкі, дзе пахавана яго маці. Суддзі зрабілі памінкі, а урну з прахам свайго калегі перадалі мужчыну. Праз два гады мужчына звярнуўся ў суд, бо ў ягоную кватэру залезлі злодзеі. Сярод украдзенага ў спіску была і урна з прахам бацькі абрабаванага…

* * *

2.07.2010. «Час ідзе і лес стары радзее»,— радкі паэта Уладзіміра Марука. Часта іх успамінаю, калі прыходжу ў холдынг «ЛіМ». Вось і ўчора быў. З фотамайстрам Кастусём Дробавым адбіралі здымкі для кніжкі «Хойнікаўшчына літаратурная», што рыхтуецца ў нас у выдавецтве. Амаль гадзіну прабыў у Кастуся. Заходзілі супрацоўнікі «ЛіМа», віталіся, пыталіся пра жыццё­быццё. Хутка будзе сем гадоў, як тут, у гэтых мне родных сценах, я шараговы аўтар. Вельмі шмат усяго тут змянілася, а самае галоўнае — амаль няма тых, з кім я працаваў. Адны звольнены, другія самі звольніліся, а трэція памерлі... А я працаваў у «ЛіМе» амаль дзесяць гадоў...

* * *

7.07.2010. Пачатак 50­х гадоў мінулага стагоддзя. У вясковую краму на Палессі прывезлі некалькі скрынь з гандонамі. Два гандоны можна было набыць за адно курынае яйка. Мінуў тыдзень, а пакупнікоў як не было, так і няма. І тады крамніца прыдумала, што гэта не гандоны, а модныя гарадскія надзіманыя мячыкі, і дала гандон свайму сыну, каб ён у школе зрабіў рэкламу тавара сярод вучняў. На другі дзень уся школа была засмечана надзьмутымі і лопнутымі гандонамі...

Стары інтэлігент і зялёнка

7.07.2010. Старому інтэлігенту муляры фарбавалі ў кватэры сцены. І, каб колер быў прыгожы, жанчыны параілі гаспадару купіць у аптэцы зялёнкі, якую яны размяшаюць з белай фарбай. І пайшоў стары ў аптэку і нясмела папрасіў у маладой аптэкаркі: «Дайце мне на пяць рублёў зялёнкі...» Аптэкарка, засунуўшы рукі пад прылавак, нешта доўга лічыла, а потым дала пакупніку ладны пакунак. Стары прынёс пакунак дамоў, а там замест зялёнкі цэлая куча гандонаў. І пайшоў стары назад у аптэку і сказаў, што яму прадалі не тое, што ён прасіў. Аптэкарка, забіраючы гандоны, раззлавалася: «Вас, старых інтэлігентаў, цяжка зразумець, што вам дакладна трэба: ці гандоны, ці зялёнка?»

Не адзіял

23.07.2010. «Я не адзіял!» — прачынаючыся пад абед, казаў сам сабе мужчына, які нядаўна стаў пенсіянерам. Крыху пасварыўшыся з жонкай і сказаўшы: «Я не адзіял!», мужчына ішоў у піўбар. Там ён піў да закрыцця. Вярнуўшыся дамоў і пачуўшы ад жонкі: «Зноў напіўся!», казаў: «Я не адзіял!» — і, не распранаючыся, клаўся спаць, каб заўтра зноў прачнуцца пад абед і сказаць сваё: «Я не адзіял!»