Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 86

Як на невядомым вакзале…

10.01.2010. Гляджу на сваю старэнькую і нямоглую маму, якая і ўноч, і ўдзень ляжыць, то сядзіць на канапе, дзе пад падушкай схаваны каляндар, а ў насоўцы крыху грошай, і бачу ў ёй пасажырку на невядомым вакзале, якая чакае свайго цягніка, час прыбыцця якога ведае толькі Бог…

20090 год?

14.01.2010. Яшчэ не прывык пісаць 2010 і таму механічна атрымоўваецца 20090… А можа мы і жывём у 20090 годзе?

Добры прыклад старэйшых

14.01.2010. Тэлефанаваў літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук. Яму пад 90. Я думаў, што пачне прасіць, каб выдалі новую кніжку, а ён падзякаваў за задавальненне, якое атрымаў ад прачытання маіх балад у «Полымі». Узгадаліся такія ж званкі ад Адама Мальдзіса, Уладзіміра Юрэвіча, Эдзі Агняцвет… Асабліва быў уражаны тэлефанаваннем Эдзі Сямёнаўны, з якой я зусім не быў знаёмы асабіста. Беручы прыклад са старэйшых, і я, калі што з прачытанага вельмі спадабаецца, тэлефаную аўтару і кажу пра гэта…

Аўтамат з кранікам

14.01.2010. Сяджу дома. Тэлефонны званок. Нейкі мужчына злуецца: «Ну і што будзем рабіць? Мы накідалі ў ваш аўтамат грошай! А ваш кранік не робіць ні чарта!» — «Які аўтамат? Які кранік?» — спакойна пытаюся і спрабую здагадацца, пра што ідзе размова, бо некаторыя аўтары, каб даведацца пра лёс сваіх твораў, тэлефануюць мне і дахаты, і на святы, і ў восем гадзін раніцы. «Які кранік? Ваш кранік у аўтамаце!» — працягвае злавацца невядомы. «Вы, відаць, не туды патрапілі! Гэта кватэра…» — усміхаючыся, кажу і чую: «Не туды трапілі! Раз так, мы ваш долбаны аўтамат раздалбаем…»

Былі часы…

14.01.2010. Павіншаваў з 90­годдзем Міколу Аўрамчыка, які вучыў мяне жыццю ў літаратуры ў канцы 70­х у «Маладосці», куды я прыносіў вершы. Падзякаваўшы за віншаванне, Мікола Якаўлевіч сказаў: «Ведаеш, Віктар, сёння ноччу амаль не спаў. Успамінаў. Успамінаў і цябе. Ты ў мяне быў адзін з усіх маладых, хто найчасцей прыходзіў да мяне. Скажу табе паправіць нейкія радкі, і ты ўжо, глядзіш, праз пару дзён прыносіш папраўленае. Былі ж такія, што зробіш заўвагу, а ён пасля гэтага на некалькі месяцаў знікне. А Алесь Гаўрон нават з падрыхтаванымі вершамі знікаў, часам на год… Былі часы…»

Шніп і Шніпас

14.01.2010. Недзе з паўгода назад мне патэлефанаваў незнаёмец з Літвы і прадставіўся Кейстутам Шніпасам. Ён бізнесовец і калекцыянер, і ў вольны час займаецца пошукамі сваіх радаводных галін. Я гаварыў па­беларуску, ён — па­расейску з акцэнтам. Пасля тэлефоннай размовы Кейстут прыслаў адрас сваёй паштовай скрынкі, па якой я тут жа выслаў яму свае «Балады радаводу». У адказ маўчанне. Шукае перакладчыка?

Мыла

16.01.2010. Па тэлевізары прагучала інфармацыя, што з бяздомных сабак робяць гаспадарчае мыла. Цяпер разумею, чаму яно такое смярдзючае…

Канапа

17.01.2010. Пасля эпапеі з новай канапай, якую дзве гадзіны грузчыкі і я валаклі ў хату на другі паверх праз акно на кухні, не магу супакоіцца — светла­рудая скураная канапа стаіць у маёй галаве так, як гэта бывае з бульбай, якую цэлы дзень выбіраеш, з ягадамі, якія доўга збіраеш, з дровамі, якія пілуеш…

1+2

18.01.2010. На працы хацеў здзівіць дырэктара сваёй канапнай эпапеяй. Не атрымалася, бо тут жа дырэктар расказаў гісторыю, якая адбылася ў 1975 годзе ў Мінску на вуліцы Куйбышава. А было так. Памёр чалавек. Прывезлі труну з нябожчыкам, каб ён пераначаваў апошні раз у сваёй кватэры, якая на пятым паверсе. Занеслі ў пад’езд, а далей не змаглі — труна вельмі вялікая, не пралазіць. Надумаліся на вяроўках цягнуць праз балкон. І ўжо амаль дацягнулі, як абламаўся балкон, і ўсе рухнулі на зямлю. Да аднаго нябожчыка дадаліся яшчэ два…





Вароны на Нямізе

19.01.2010. Вяртаючыся з працы, іду каля крамы «Алеся» да станцыі метро «Няміга» і кожны раз бачу на ялінах і ў паветры варон. І не было такога вечара, каб іх не было. Што іх сюды прыцягвае, і што іх тут трымае? І кожны раз думаю, што гэта нашчадкі тых варон, якія пасля бітвы на Нямізе доўгі час карміліся і жылі тут…

Дзве нечаканасці

21.01.2010. Многія з нас нечакана з’явіліся ў гэты свет таму, што бацькі, займаючыся сексам, не думалі пра наступствы, не берагліся. І многія з нас нечакана пакідаюць гэты свет, бо не берагуцца…

Па дарозе дамоў…

21.01.2010. Аўтобус «Мінск — Пугачы» праходзіць праз Бузуны, якія знаходзяцца ў чатырох кіламетрах ад Ракава. У маім юнацтве жыхароў гэтай вёскі называлі «кітайцамі», з­за якіх часам не толькі мне было цяжка набыць білеты ў Мінску, каб паехаць дамоў. Аднак вёска славілася не толькі тым, што ў ёй жыло вельмі шмат людзей, але і тым, што яе жыхар Франц Іосіфавіч Зяневіч з 1912 па 1918 год служыў на крэйсеры «Аўрора» і прымаў удзел у штурме Зімняга. Прайшоў час, і ў аўтобусе «Мінск — Пугачы» заўважна паменела пасажыраў, і ці хто ўжо з бузуноўцаў ведае, што іх аднавясковец быў рэвалюцыянерам…

Памяць…

22.01.2010. З Далідовічавага лесу, як з зялёнага мора, усплывае сонца. Па палявой дарозе іду басанож у грыбы. Пыл яшчэ не паспеў астыць за кароткую чэрвеньскую ноч. Сярод дарогі наперадзе нешта ляжыць чорнае. Падыходжу. Мёртвы крот, і на ім і над ім зеленкаватыя мухі. З той раніцы мінула каля сарака гадоў…

Тамара і цётка

22.01.2010. Прыехаўшы ў Мінск вучыцца ў тэхнікуме, я цэлы год жыў на кватэры ў сваёй цёткі. Па суседстве жыла дзесяцікласніца Тамара. Час ад часу, ідучы на вучобу, сустракаўся з ёй на лесвічнай пляцоўцы. Не ведаю, чым я спадабаўся, але аднойчы мае стрыечныя сёстры перадалі ад Тамары запіску, у якой яна прызнавалася мне ў каханні і прапаноўвала сустрэцца. Я ўжо збіраўся вечарам ісці на сустрэчу, але з працы прыйшла цётка і сказала: «Я ведаю, куды ты збіраешся! Калі ты пойдзеш сустракацца з Тамарай, можаш не вяртацца дамоў, бо я цябе выганю! Маці ў яе развадная, і яна сама цягаецца з салдатамі!..» І на сустрэчу з Тамарай я не пайшоў. Дзяўчына яшчэ доўга перадавала мне запіскі, пакуль я не перайшоў ад цёткі жыць у інтэрнат свайго тэхнікума…

Няма

22.01.2010. Пасля школы зноў пачаў пісаць лісты Зоі. Яна, як і раней, не адказвала. І ўсё ж надзей на сяброўства не губляў і дачакаўся ліста, у якім Зоя пісала, што яна вучыцца ў тэхнікуме, дзе трэба шмат чарціць, і ведаючы, што я вучуся ў архітэктурна­будаўнічым, папрасіла дапамагчы ёй зрабіць курсавую. Здавалася б, вось той чаканы момант, калі магу сустрэцца з дзяўчынай, якую кахаю, але замест таго, каб сустрэцца, адпісаў, што ўжо няма таго хлопчыка, які быў гатовы бегаць за ёй...

Света

22.01.2010. У сямнаццаць гадоў нечакана для сябе заўважыў, што сяброўка маёй сястры Света вельмі прыгожая дзяўчына. Вершаў ёй я не пісаў. Плёў з дзьмухаўцоў вяночкі. І вось пляту вяночкі, жартую, а дзяўчаты полюць грады. Наплёў вяночкаў шмат, і калі Света сабралася ісці дамоў, я ёй падарыў іх. Самы прыгожы нават надзеў Свеце на галаву. Як яна радавалася! А які я быў шчаслівы! І не ведаю, што было б далей, калі б вечарам не пайшоў у клуб і па дарозе не натрапіў на свае вяночкі з дзьмухаўцоў, якія валяліся ў дарожным пыле…

Падарунак

22.01.2010. Патэлефанаваў празаік Валера Казакоў, з якім я пазнаёміўся і пасябраваў у Літінстытуце ў Маскве. Ён цяпер гасцюе ў Мінску. Сустрэліся. Паўспаміналі нашу залатую маладосць. Валера да мяне прыйшоў у інтэрнат на Дабралюбава. У афіцэрскай форме. Развітваючыся, зямляк падарыў мне на тасёмцы пусты аўтаматны патрон з куляй: «Гэта, каб не забыўся пра партызанскую Беларусь!»