Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 86

Граматы

5.01.2010. Шосты клас. Школьныя спаборніцтвы па бегу на лыжах. Дыстанцыя — кіламетр. Я прыбег трэцім. Мой сусед і аднакласнік Сашка Балотнік заняў першае месца. Яму далі ганаровую грамату, а мне — нічога. Было вельмі крыўдна, а тым больш, што за нашымі спаборніцтвамі сачылі дзяўчаты. Сашка сваю грамату павесіў дома ў куце, у якім вісела ікона. І калі я прыходзіў да Сашкі, то заўсёды ўспамінаў пра сваё трэцяе месца. У сёмым класе зноў былі спаборніцтвы па бегу на лыжах, у якіх я адмовіўся ўдзельнічаць, і мне па фізкультуры паставілі тройку. Сашка заняў першае месца, і яму зноў далі ганаровую грамату, якую ён пачапіў побач з першай узнагародай. У восьмым класе Сашка зноў перамог, і яго адправілі на спаборніцтвы ў Ракаў, з якога ён вярнуўся з граматай за другое месца. Закончыўшы школу, я паехаў вучыцца ў Мінск, стаў друкавацца ў газетах, а Сашка застаўся ў вёсцы. Выдаўшы першую кніжку вершаў, я неяк зайшоў да аднакласніка ў госці, і мы, добра выпіўшы, успомнілі пра нашы спаборніцтвы на лыжах. І так паразуспаміналіся, што кончылася тым, што Сашка сарваў з­пад іконы свае ганаровыя граматы і парваў.

У кампаніі паэтаў і афіцэраў

7.01.2010. Учарашні вечар правёў у кампаніі паэтаў і афіцэраў. Недзе на пятым тосце адзін з гасцей задаў прысутным пытанне: «Хто казаў трэці тост?» Адразу ж устаў пажылы афіцэр, і яму былі перададзены нажніцы, каб ён укараціў свой гальштук, бо не аб’явіў тост за каханне, за жанчын. Пару хвілін мужчына круціў у руках нажніцы, шкадаваў гальштук, які ён навязаў першы раз і які зроблены вядомай замежнай фірмай і каштуе вялікія грошы, а потым пад шум прысутных адрэзаў сантыметраў дзесяць ад гальштука. Калі б трэці тост казала жанчына, і ён быў бы не за каханне, то ёй давялося б укараціць сабе спадніцу або сукенку…

Рыбалка

8.01.2010. Выпаў першы снег. Добра прымарозіла. І я пасля школы з суседскімі хлапчукамі пайшоў да Хмарышаўскага балота, каб пакатацца па лёдзе. Прыйшлі і бачым, што на мелкаводдзі да лёда месцамі папрымярзалі ладныя карасі. І мы пачалі ламаць лёд і лавіць рыбу, і так захапіліся лоўляй, што незаўважна для сябе перабраліся на глыбокую мясціну. І тут мне «пашанцавала» так, што я паслізнуўся на ільдзіне і паляцеў у ваду пад лёд. Добра, што хлопцы не разгубіліся, і я праз пару хвілін, забыўшыся пра свой улоў, бег, ледзянеючы, дахаты…

Млын жыцця

9.01.2010. Чытаю кнігу майго земляка, краязнаўца Генадзя Равінскага (15.07.1933—25.06.1999) «Млын жыцця». Успамінаюцца нашы сустрэчы ў рэдакцыі Валожынскай раёнкі, дзе мы збіраліся на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь». На пачатку 80­х для мяне сустрэчы з Равінскім былі лікбезам па гісторыі нашага краю і ўсёй Беларусі. Вялікі дзякуй табе, Генадзь Антонавіч…

Дарога да бацькоў

9.01.2010. З сястрой Валяй іду з Дубраў з электрычкі да бацькоў у Пугачы, каб разам з імі сустрэць 1979 год. Аўтобусам не паехалі, бо з­за мяцеліцы не ходзіць. Я іду па гурбах першым, сястра спяшаецца за мной, але ўсё роўна мае сляды мяцеліца замятае, і Валі даводзіцца ісці па цаліку, як і мне. Да роднай вёскі дзесяць кіламетраў. Час ад часу прыпыняемся, каб адпачыць. Зрэдку перамаўляемся пра нялёгкую дарогу, але маўчым пра тое, ці варта было ў такое надвор’е ехаць да бацькоў…

Усё цячэ, усё мяняецца…

9.01.2010. Чытаю ў Генадзя Равінскага: «Каля Міхалава ў Іслач упадае рэчка Яршоўка. Даўжыня яе 30 кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні — 1,4 метра. На рачулцы было 4 млыны». Сама ж Яршоўка пачыналася ў Лягезах, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Пішу «пачыналася», бо гадоў дзесяць таму, калі я з жонкай быў у Лягезах і павёў яе паказаць рачулку майго дзяцінства, то ў рэчышчы сярод кустоў чаромхі, лазы і алешніку, дзе раней цякла вада, ужо расла высокая трава…

Кміт і Макасіцкі

9.01.2010. Мяне ў дзяцінстве мама, будучы ў добрым настроі, называла Кмітком або Кмітам, а калі злавалася — Макасіцкім. Па сённяшні дзень не ведаю, хто такія былі гэтыя Кміт і Макасіцкі. І, на жаль, у мамы цяпер не спытаеш...





Памёр святар Юозас Булька

9 студзеня ў Мінску на 85­м годзе жыцця памёр пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Юозас Булька. 9 кастрычніка мінулага года я з супрацоўнікамі выдавецтва быў у Булькі ў гасцях. Ён нас усіх блаславіў на цвярозае жыццё. І сёння якраз спаўняецца 26 месяцаў, як я не ўжываю алкагольных напояў…

І я быў хакеістам…

9.01.2010. Зімой пасля школы амаль кожны дзень на Малышоўцы з сябрамі гуляў у хакей. Гулялі без канькоў, клюшкі былі з крывых бярозак, а замест шайбы выкарыстоўвалі абцас. Не было такой зімы, каб ніводнага разу не былі ў мяне падбіты вочы шайбай або клюшкай. Ды і ногі, і рукі былі ўсе ў сіняках. Траўмы былі балючымі, але ж задавальненне ад забітых галоў было большым…

Футбол і балельшчыкі

9.01.2010. Не паспяваў толкам сысці снег з сенажаці, якая была за нашымі соткамі, як я з сябрамі пачынаў гуляць у футбол. Паглядзець на нашу гульню збіралася шмат людзей, сярод якіх хапала дзяўчат. І мы часам так загульваліся, што дамоў не хадзілі абедаць. Трава амаль не расла, бо мы яе стоптвалі, і нас бацькі недзе ў канцы траўня пачыналі ганяць з сенажаці. Мы перабіраліся на школьны двор, і там не давалі спакою вартаўніку, які баяўся, што павыбіваем вокны ў школе. Дзякуючы таму, што сярод нас быў сын старшыні калгаса, на краі вёскі за лазняй каля вялікай сажалкі было спецыяльна зроблена футбольнае поле. Перайшоўшы на новае месца, мы хутка закінулі гульню, бо сюды ніхто з нашых балельшчыкаў не даходзіў…

Мы былі маладыя…

10.01.2010. Мой даўні сябра Лёня Шчарбінскі нарадзіўся ў Гудах, што ў кіламетрах дваццаці ад маіх Пугачоў. Я пасябраваў з ім на пачатку 80­х гадоў мінулага стагоддзя дзякуючы літаб’яднанню «Рунь» пры раёнцы. Лёня служыў прапаршчыкам у Кіяўцы, а я быў басяком, пра што ніхто не ведаў. Мы былі маладыя, і мы пісалі вершы. Вяртаючыся з Валожына з літаб’яднання, мы перасаджваліся на свае аўтобусы ў Ракаве. Перад тым як развітацца, бралі пляшку гарэлкі і ішлі ў ракаўскую сталоўку. Садзіліся за столік, які стаяў за калонай, частаваліся і чыталі вершы. Прыгод ніякіх не было, але я і сёння памятаю смак тых катлет, салатаў і вараных яек, якімі мы закусвалі. І вельмі шкада, што тая старая сталовая і крамы, якія былі каля яе, некалькі гадоў таму згарэлі…

Грыбы ў лістападзе

10.01.2010. Свой чарговы вайсковы адпачынак Лёня Шчарбінскі ўзяў у лістападзе. Заехаўшы ў Пугачы на матацыкле з каляскай, сябрук павёз мяне да сябе ў Гуды, каб разам схадзіць у грыбы. Па дарозе Лёня расказаў, што зусім блізка ад яго вёскі знаходзіцца Малая Люцінка, дзе больш за сорак гадоў жыў і тварыў класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін­Марцінкевіч. Заехалі, каб паглядзець на ліпу, якую садзіў пісьменнік, але яе ўжо не было — няўдумлівыя людзі спілавалі. Прыехаўшы ў Гуды, мы пайшлі ў грыбы. Я шукаў баравікоў і таму, калі праз паўгадзіны блукання па лесе мы сустрэліся, я здзівіўся — у Лёні быў поўны кошык грыбоў, а ў мяне — пуста. Аказалася, у лістападзе не трэба шукаць баравікоў, бо ў гэты час растуць зялёнкі, падзялёнкі і курачкі, пра якія я ніколі не чуў у сваёй вёсцы, і іх у нас не збіралі…

Дом творчасці «Іслач»

10.01.2010. Пачынаючы з 1988 года да канца 2001 я з сям’ёй, нягледзячы на тое, што ад Ракава блізка мая родная вёска, праводзіў летнія адпачынкі ў Доме творчасці «Іслач», дзе мы пражылі, калі нават прыблізна палічыць, недзе каля паўгода. Якія гэта былі цудоўныя дні і вечары! На жаль, няма таго, што раньш было. Восенню 2003 года я заязджаў з сябрамі паглядзець на Дом творчасці, які ўжо год быў безгаспадарным. Тады ўжо ў будынку былі павыбіваныя многія вокны, паркет у калідорах узняўся, а месцамі пачалі расці дрэўцы… Колькі разоў пасля зноў хацелася заехаць і паглядзець, што ж там робіцца, але не заязджалі, каб не псаваць тое светлае, што засталося ад «Іслачы», у якой мы раней жылі…