Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 86

У маіх Пугачах

23.12.2009. Калі ў школе на ўроках матэматыкі я ад настаўніцы пачуў, што Лабачэўскі — матэматык і творца неэўклідавай геаметрыі, то я адразу нашага вясковага Лабачэўскага прызнаў за вялікага матэматыка, і ён быў для мяне матэматыкам да таго часу, пакуль не ўкраў у нас з гарышча сала. І яшчэ. У суседа было прозвішча Балотнік, і я пра яго думаў, што гэта пад яго кіраўніцтвам было сялянскае паўстанне недзе там у Расіі. І доўгі час я прыглядаўся да яго, баючыся, каб ён у маіх Пугачах не ўчыніў паўстанне супраць калгаснага строю. Пра свайго ж прапрадзеда Кандрата я думаў, што гэта ён Кандрат Крапіва, байкі якога я вучу ў школе… Словам, мае Пугачы для мяне былі цэлай краінай, у якой ёсць усё, пра што напісана ў кніжках.

Квяткоўскі працуе

27.12.2009. Да сябе ў майстэрню мяне і Людмілу паклікаў мастак Алесь Квяткоўскі. Цяпер ён працуе над трыпціхам «Стог. Рэшата. Збан» паводле маіх верлібраў. Атрымоўваюцца вельмі цікавыя творы. Да ўсяго, Алесь жыве задумай карціны «Пагоня на Грунвальд». Нечакана нашу размову перапыніў тэлефонны званок ад Вітаўта Чаропкі. І мы чуем: «Прыязджай! Пачынаю «Пагоню на Грунвальд». Ты будзеш ехаць у першай харугве… Цябе першым і заб’юць!»

Квяткоўскі прынёс «Збан»

27.12.2009. Дамоў ад Алеся Квяткоўскага вярнуўся поўны ўражанняў. Не паспеў запісаць іх, як званок у дзверы адарваў мяне ад камп’ютара — прыйшоў Алесь з карцінай «Збан», якую ён пасля майго з Людай сыходу дапрацаваў. Люды з Максімам дома ўжо не было, і давялося мне, маёй хворай маме і Веранічцы слухаць цэлую лекцыю па стварэнні шэдэўраў і пра «Пагоню на Грунвальд». Потым я з Алесем сядзеў на кухні і слухаў ягоныя расповеды пра Вільню, пра Клайпеду, пра мастацтва, пра паэзію… І ўсё было хораша. І раптам Алесю патэлефанавалі… І ўсё скончылася…

Ці ёсць у вас праблемы?

28.12.2009. Пры паляках сям’я майго дзядзькі Івана Іосіфавіча Шніпа была адной з самых багатых у наваколлі. Дзякуючы грашам бацькі, дзядзька Іван у свой час закончыў сямігадовую гімназію ў Гарадку, што ў васьмі кіламетрах ад Пугачоў. Потым дзядзька працаваў у канторы і меў мянушку «Касір». Але ўсё гэта было пасля, а вось у 1939 годзе, калі ў нашы Пугачы прыйшлі Саветы і сагналі ўвесь народ на плошчу, дзе цяпер аўтобусны прыпынак і крама, і запыталіся: «Пугачоўцы, ці ёсць у вас праблемы? Калі ёсць, мы вам дапаможам пазбавіцца іх!», то дзядзькаў бацька сказаў: «У мяне адна праблема — няма рынку збыту збожжа!» І бальшавікі на другі ж дзень увялі Іосіфу Шніпу такі падатак, што ён да Новага года вазіў і здаваў збожжа, і так і не змог разлічыцца з бальшавікамі. А вясной яму не было ўжо чаго сеяць…

Самая старая хата

28.12.2009. У цэнтры Пугачоў стаіць самая старая ў нашай вёсцы хата. Ёй недзе гадоў 150. Пры мне там жылі Вярбіцкія. На адной палавіне хаты — была іх сям’я, на другой — калгасная бібліятэка. Раней там жылі сем’і старшынь калгаса, была крама. А напачатку гэтая хата належыла мясцовым яўрэям, якія ў ёй трымалі гандлёвую лаўку. Мой дзед Юзя часта заходзіў у яе і набываў цыгарэты і выпіўку. Часам яму давалі напавер, бо ведалі, што ён разлічыцца. А разлічыцца дзед мог, бо яму з Амерыкі стрыечныя сёстры прысылалі даляры. Відаць, прысылалі шмат, бо дзед аднойчы так напіўся, што пачаў у даляры загортваць махорку і раздаваць сабутыльнікам, каб курылі, і яны курылі. Цяпер самая старая хата ў Пугачах пустуе…

Залаты хлеб

29.12.2009. Пасля прыходу Саветаў у канцы 30­х гадоў у вёсцы Лягезы ў Маціеўскіх, якія жылі па­суседстве з сям’ёй маёй мамы, згарэла хата. Куды ім было дзецца з васьмю дзецьмі? І яны прыйшлі да маіх дзеда Міхася і бабулі Ганны, у якіх сваіх дзяцей было васьмёра. І так у адной хаце жыло дваццаць чалавек, пакуль Маціеўскія будаваліся. З пажару мала што ўдалося выратаваць. Мая мама адразу звярнула ўвагу на суседчын хлеб, які быў не чорнага, а залатога колеру. І яна адразу ж шэптам папрасіла ў сваёй маці: «Хачу залатога хлеба...» Суседка пачула і дала дзяўчынцы лусту. Хлеб быў з мякіны.

І я ўсіх люблю

29.12.2009. Не выключаючы святло, сплю на падлозе на надзіманым матрасе ў пакоі побач з мамай. Яна паварушыцца, і я тут жа прачынаюся. Гляджу на маму, а потым на гадзіннік, які стаіць побач са мной. Усё нармальна. Сплю. Мама закашляла і я зноў прачынаюся. Гляджу на маму, а потым на гадзіннік. Прайшло пятнаццаць хвілін. Сплю далей. Зноў прачынаюся. Гляджу на маму, на гадзіннік. Прайшло яшчэ дваццаць хвілін. Накрываюся з галавой. Засынаю. Прачынаюся. Сын прайшоў на кухню папіць вады. Гляджу на гадзіннік. Прайшло яшчэ пятнаццаць хвілін. Сплю далей… Прачынаюся… Сплю… Прачынаюся… І я ўсіх люблю…





Дзяўчынка Люда і яма

30.12.2009. Вясновая раніца. Вёска Лягезы. Мне гадоў пяць. Гуляю з дзяўчынкай Людай. Яна на год старэйшая за мяне. Прапануе мне пераскочыць яму, у якую ссыпаюць на зіму бульбу. Я не спрачаюся з ёй. Скачу і падаю ў яму. Люда ўцякае, і я сяджу ў яме да абеда, пакуль не вяртаецца са школы яе старэйшая сястра.

* * *

31.12.2009. Самае дрэннае, што адбылося ў маім жыцці ў 2009 годзе — гэта інсульт у мамы. А самае добрае — мама жыве...

2010

СТУДЗЕНЬ

* * *

1.01.2009. Лёг спаць у дзве гадзіны. У тры прачнуўся ад званка па мабільным: «З Новым годам! Вас віншуе студэнт першага курса гістфака Алесь…» Прозвішча спрасоння не запомніў, але адразу згадаў мінулагодні нашаніўскі розыгрыш, калі па заданню рэдакцыі студэнтка першага курса прасілася на кватэру. Можа зноў разыгрывалі? Але, як бы там ні было, усё ж прыемна чуць добрыя словы пра сябе і ў свой адрас у тры гадзіны ночы ад невядомага гісторыка! Потым я ляжаў і думаў, а можа чалавеку няма дзе пераначаваць, а я толькі падзякаваў за віншаванне…

Трэба дома бываць часцей

3.01.2010. Праз электронную пошту аб’явіўся кампазітар Зміцер Яўтуховіч, з якім я напісаў шмат эстрадных песень. На пачатку 90­х ягоныя песні гучалі па радыё і тэлебачанні з раніцы да вечара. Усё было ў творчым плане цудоўна, але сям’і кампазітара не было дзе жыць і тварыць. Рабочы інтэрнат, невялічкі пакойчык. І Дзіма вырашыў з’ехаць у Амерыку. З’ехаў. І ў нас з’явіліся іншыя песні і іншыя куміры. У 2006 годзе Яўтуховіч прыязджаў у Беларусь. У Доме літаратара была творчая сустрэча з ім. Дзіма спадзяваўся, што будзе народу — не ўбіцца ў залу, а прыйшло крыху больш за сотню…

Пераднавагодняя аблава

4.01.2010. Мне шаснаццаць гадоў. Вучуся ў Мінскім архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме і жыву ў інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі. Да пачатку 1977 года застаецца гадзіны чатыры. З сябрамі скінуліся на дзве пляшкі кубінскага рому. У краму выпала ісці мне. Пайшоў. Купіў. Вяртаюся ў інтэрнат. На вахце аблава — фізрук з ваенруком правяраюць сумкі. «Куды нясеш пітво?» — грозна пытаецца ваенрук. Я разгубіўся толькі на момант: «Еду ў госці да дзядзькі з цёткай. Для іх купіў…» — «Раз для сваякоў купіў, то і едзь да іх!» — сказаў фізрук і не прапусціў мяне ў інтэрнат. Давялося Новы год сустракаць у дзядзькі Барыса і цёткі Галі. Ранкам, прыехаўшы ў інтэрнат, даведаўся, што мае сябры, якія адправілі мяне за пітвом, праз хвілін дваццаць пасля таго, як я паехаў да сваякоў, самі хадзілі ў краму за кубінскім ромам і потым разам выпівалі з фізруком і ваенруком, бо тыя прыйшлі ў інтэрнат у пошуках студэнтаў, з якімі можна на халяву выпіць… А я не зразумеў іх пераднавагодняй аблавы…